Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баўгарыя адмовіла Расеі ў паветраным калідоры ў Сырыю


Сафійскі аэрапорт

Сафійскі аэрапорт

Баўгарыя афіцыйна адмовіла Расеі ў паветраным калідоры для расейскіх вайскова-транспартных самалётаў, якія накіроўваюцца ў Сырыю, заявілі ў міністэрстве замежных справаў краіны.

«У нас ёсьць сур’ёзныя сумневы адносна грузаў, якія перавозяць расейскія самалёты, і гэта — прычына адмовы», — заявіла прадстаўніца баўгарскага МЗС.

Напярэдадні міністэрства замежных справаў Грэцыі пацьвердзіла атрыманьне запыту ЗША аб закрыцьці паветранай прасторы краіны для палётаў расейскай авіяцыі з грузам гуманітарнай дапамогі для Сырыі. Між тым расейскае агенцтва РІА Новости раней паведаміла са спасылкай на дыпляматычную крыніцу ў Атэнах, што Грэцыя нібыта адхіліла адпаведны запыт ЗША, каб не пагоршыць адносінаў з Расеяй.

У канцы жніўня ў міністэрстве замежных справаў Расеі заявілі, што маюць намер аказваць гуманітарную дапамогу Сырыі і дапамагаць расейскім грамадзянам, якія знаходзяцца ў краіне. Тады самалёт МНС Расеі даставіў больш за 20 тон расейскай гуманітарнай дапамогі ў горад Латакія.

Расейскія ўлады сутыкаюцца з абвінавачаньнямі аб удзеле расейскіх вайскоўцаў ва ўзброеным канфлікце ў Сырыі. На мінулым тыдні газэта New York Times напісала са спасылкай на неназваных супрацоўнікаў амэрыканскай адміністрацыі, што Расея нібыта адправіла ў Сырыю вялікую групу вайцкоўцаў, а таксама дыспэчарскі цэнтра ВПС, які разгарнулі на вайсковым аэрадроме.

Сытуацыю камэнтуе дыпляматычны аглядальнік Бі-бі-сі Джонатан Маркус:

«Гэтае рашэньне Балгарыі як члена НАТО ўзмацняе дыпляматычны напал і пасылае выразны сыгнал аб тым, што падазрэньні ў справе расейскай актыўнасьці ў Сырыі растуць.

Яно прыйшлося як раз на той момант, калі з розных крыніц сталі паступаць паведамленьні аб заўважаным у Сырыі новым расейскім ўзбраеньні, як і непацьверджаныя сьцьвярджэньні аб тым, што Расея пасылае сваіх дарадцаў — і магчыма нават свае войскі — на дапамогу рэжыму Асада.

Адмова ў дазволе Баўгарыяй выкарыстоўваць сваю паветраную прастору, безумоўна, выкліча раздражненьне Расеі, аднак у яе застаецца цалкам прымальны альтэрнатыўны паветраны маршрут — праз Каўказ і Іран».

XS
SM
MD
LG