Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Сьледчага камітэту Расеі абвінаваціў Яцанюка ва ўдзеле ў чачэнскай вайне


Аляксандар Бастрыкін

Аляксандар Бастрыкін

Прэм’ер-міністар Украіны Арсень Яцанюк прымаў удзел у баявых дзеяньнях супраць расейскіх вайскоўцаў у Чачні ў 1990-я гады, заявіў кіраўнік Сьледчага камітэту Расеі Аляксандар Бастрыкін ў інтэрвію «Российской газете».

Паводле яго дадзеных, Яцанюк браў удзел у баявых дзеяньнях на баку ўкраінскай нацыяналістычнай арганізацыі «Украінская нацыянальная асамблея — Украінская народная самаабарона» (УНА-УНСО).

«Паводле дадзеных сьледзтва, Арсень Яцанюк удзельнічаў як мінімум у двух узброеных сутыкненьнях, якія адбываліся 31 сьнежня 1994 году на плошчы Мінутка ў Грозным і ў лютым 1995 году ў раёне гарадзкой бальніцы № 9 гораду Грозны, а таксама ў катаваньнях і расстрэлах палонных вайскоўцаў расейскай арміі у Кастрычніцкім раёне гораду Грозны 7 студзеня 1995 году», — сказаў Бастрыкін.

Паводле дадзеных СКР, у сьнежні 1995 Яцанюк быў нібыта ўзнагароджаны найвышэйшай узнагародай Джахара Дудаева «Гонар нацыі» за «зьнішчэньне расейскіх вайскоўцаў».

Прэс-сакратар кіраўніка ўкраінскага ўраду Вольга Лапо ў сваім «Фэйсбуку» адпрэчыла абвінавачаньні на адрас Яцанюка, расцаніўшы іх як прапагандысцкія.

«Мы раім расейскаму рэжыму правесьці псыхіятрычную экспэртызу кіраўніка Сьледчага камітэту РФ Бастрыкіна», — заявіла яна.

Выказваньні кіраўніка Сьледчага камітэту Расеі выклікалі нэгатыўную рэакцыю многіх украінскіх палітыкаў.

«Бастрыкін — гэта вясло, якім Расея канчаткова адштурхнулася ад берага рэальнасьці. Спадарожнага ветру і шэсьць аршынаў пад кілем!» — напісаў у «Фэйсбуку» амбасадар Украіны ў Аўстрыі Аляксандар Шчэрба.

XS
SM
MD
LG