Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску не дамовіліся аб адводзе ў Данбасе зброі калібрам менш за 100 мілімэтраў


У Менску не дамовіліся аб адводзе ў Данбасе зброі калібрам менш за 100 мілімэтраў. Бакі хацелі парафаваць пагадненьне аб адводзе ад лініі судакрананьня зброі калібрам менш за 100 мілімэтраў і абмеркаваць умовы абмену палоннымі, але прыкметнага прагрэсу ў гэтых пытаньнях няма. Падгрупа па бясьпецы працягне абмеркаваньне адводу ўзбраеньняў заўтра.

Перамовы ў Менску ў розных фарматах працягваліся больш 8 гадзін, кансультацыі самой Трохбаковай кантактнай групы ў фармаце 3 + 2 (Украіна, Расея, АБСЭ і прадстаўнікі «ДНР», «ЛНР») працягваліся паўтары гадзіны. Па іх выніках перад журналістамі выступіў прадстаўнік АБСЭ ў кантактнай групе амбасадар Марцін Сайдзік.

Перш за ўсё ён ад імя групы вітаў факт «устанаўленьня ў цэлым рэжыму прыпыненьня агню ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласьцей у канцы жніўня сёлета, што дазволіла наладзіць навучальны працэс».

Спадар Сайдзік выказаў надзею, што гэтая «станоўчая тэндэнцыя» дазволіць дасягнуць прагрэсу ў вырашэньні іншых пытаньняў у рамках усіх працоўных падгруп.

Між тым да парафаваньня пагадненьня аб адводзе ад лініі фронту ў Данбасе зброі калібрам менш за 100 мілімэтраў справа так і не дайшла.

Гэтае пагадненьне трэці месяц абмяркоўваюць у рабочай падгрупе па пытаньнях бясьпекі, і вядома, што толькі гэтая падгрупа з чатырох застаецца на сераду ў Менску і працягне працу.

Марцін Сайдзік ад імя Трохбаковай групы толькі сьціпла «вітаў дасягненьне прагрэсу ў працы падгрупы па бясьпецы па адводзе танкаў, мінамётаў калібрам менш за 120 мілімэтраў і артылерыі менш за 100 мілімэтраў».

Прадстаўнік групоўкі «ДНР» Дзяніс Пушылін паведаміў, што абмеркаваньне адводу зброі ў падгрупе па пытаньнях бясьпекі працягнецца заўтра. А так, па яго словах, пахваліцца нейкім прагрэсам перамоўнікі ня могуць. Хоць ён сёньня раніцай казаў пра гатовасьць парафаваць гэтую дамову, дыскусіі вакол якой ідуць з канца ліпеня.

У кулюарах менскіх перамоваў кажуць, што перашкодай тут зьяўляецца спрэчка адносна патрабаваньняў «ДНР» аб адводзе зброі зь некалькіх дамінантных вышынь з-пад Марыюпалю, на што Ўкраіна ня згодная.

Афіцыйнай інфармацыі аб абмене палоннымі таксама няма. Вядома, што дыскусія на гэтую тэму працягвалася ў падгрупе па гуманітарных пытаньнях, але пра дамоўленасьці па абмене «ўсіх на ўсіх» размова не ішла, толькі аб абмене асобных груп палонных. Спадар Сайдзік і прадстаўнікі груповак «ДНР» і «ЛНР» на гэтую тэму пасьля завяршэньня перамоў нічога так і не сказалі. Урад Украіны заяўляе, што ў закладніках у баевікоў цяпер застацца 156 украінцаў. Сёньня вечарам двух зь іх абмянялі на 4 баявікоў.

Наступнае пасяджэньне Трохбаковай кантактнай групы адбудзецца 22 верасьня.

XS
SM
MD
LG