Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мядзьведзеў: пагадненьне аб авіябазе будзе падпісана ў «камфортныя тэрміны»


Дзьмітры Мядзьведзеў

Дзьмітры Мядзьведзеў

Пагадненьне аб разьмяшчэньні ў Беларусі расейскай авіябазы будзе падрыхтавана і падпісана ў камфортныя для Менску і Масквы тэрміны. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў, адказваючы на пытаньне ТАСС.

Сёньня Дзьмітры Мядзьведзеў быў у Горадні, дзе браў удзел у пасяджэньні Эўразійскай міжурадавай рады.

«Што тычыцца тэрмінаў і часу падрыхтоўкі і падпісаньня такіх дакумэнтаў, мы зыходзім з таго, што гэта павінна быць камфортна для беларускага боку, для нашай краіны», — сказаў Мядзьведзеў.

Пры гэтым расейскі прэм’ер падкрэсьліў, што Расея гатова дамаўляцца аб падпісаньні падобных пагадненьняў зь любымі сваімі саюзьнікамі, нагадаўшы, што такія базы існуюць у Арменіі і Кіргізстане. «І нічога ў гэтым дзіўнага няма, мы ўласна гатовыя гэта рабіць з тымі краінамі, зь якімі нас зьвязваюць саюзьніцкія адносіны, будзь то АДКБ або АДКБ плюс саюзная дамова, як у выпадку Беларусі», — сказаў на заканчэньне кіраўнік ураду Расеі.

Урад Расеі 2 верасьня прыняў праект пастановы аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі расейскай авіяцыйнай базы. Паводле расейскага боку, пагадненьне будзе «спрыяць арганізацыі супольнай аховы зьнешняй мяжы Саюзнай дзяржавы».

Рэакцыя афіцыйнага Менску на гэтую прапанову публічна агучаная не была. Камэнтатары, якія выказаліся на плятформе Радыё Свабода, мяркуюць, што гэтая расейская прапанова цяпер, перад выбарамі, для беларускага кіраўніцтва несвоечасовая і «некамфортная».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG