Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няправільная» малдоўская Плошча


Цяперашнія масавыя пратэсты ў Малдове крыху ставяць у тупік тых, хто прызвычаіўся да яснасьці і дакладнага падзелу сьвету на «нашых» і «іхніх». Калі народ супраць карумпаванай тыраніі — добры Майдан, імкненьне народу да свабоды і годнасьці. Калі незразумела хто супраць дэмакратычнай празаходняй улады — ну напэўна кепскі Антымайдан, мяцеж, бунт.

Супраць каго і за каго?

У што выльюцца малдоўскія пратэсты, якая іх палітычная подбіўка высьветліцца зь цягам часам — пакуль незразумела. Можа і выльецца і высьветліцца такім чынам, што дапасуецца да апісаных вышэй ясных і «чыстых» сцэнароў. Але нават ад пачатку некаторыя асаблівасьці тамтэйшых пратэстаў адрозьніваюць іх ад звыклых схемаў.

Варта нагадаць, што Малдова — краіна з разьвітай парлямэнцкай дэмакратыяй, нават тэарэтычна найменш схільная да скочваньня ў аўтарытарызм за кошт вельмі абмежаваных паўнамоцтваў прэзыдэнта. Краіна — чэмпіён эўраінтэграцыі на постсавецкай прасторы, Эўразьвяз адзначыў гэта тым, што менавіта Малдова з усіх краінаў «Усходняга партнэрства» першай атрымала бязьвізавы рэжым з ЭЗ.

А, як вядома, дэмакратыя і праэўрапейскі курс — ня толькі шлях да працьвітаньня, але і найлепшае супрацьядзьдзе супраць карупцыі, дэмпфэр ад выбухаў народнага гневу кшталту Плошчаў. Пра гэта ж і Захад гаворыць, і беларускія апазыцыянэры: маўляў, чаму крадуць у Беларусі? Бо дэмакратыі няма. А была б, то... А ў Малдове ёсьць. І Плошча ёсьць, як бачым.

І прычым нейкая няправільная. Зразумела, што і пры дэмакратыі ўрад можа неяк звыш мяжы накрасьці, дык на тое дэмакратыя і прыдуманая, каб мірна зьмяніць яго на менш схільны да крадзяжу — з шэрагаў шаноўнай прызнанай апазыцыі, гатовай пераняць дзяржаўнае стырно.

Было б такое ў Малдове — было б зразумела. Некалькі гадоў таму нешта падобнае было ў Вугоршчыне, сталі вядомымі цынічныя заявы тамтэйшага прэм’ера, прызнаньне ў хлусьні, народ выйшаў на вуліцу, урад — у адстаўку, да ўлады — апазыцыя. Зразумела, збой дэмакратычнай машыны, збой прадстаўнічай дэмакратыі, але трыюмф дэмакратыі як народаўладзьдзя ў больш шырокім сэнсе.

Але ў цяперашняй Малдове — інакш. Людзі, што сабраліся на Плошчы ў Кішынэве, адразу ж выставілі палітычныя патрабаваньні — адстаўка прэзыдэнта, ураду, новыя выбары. Новыя выбары, каб перадаць уладу ...каму?

А вось з гэтым — праблема.

Беларусь-1994-Малдова-2015

Цяперашняя парлямэнцкая апазыцыя — прарасейскія сацыялісты і памяркоўна прарасейскія камуністы — ніякіх асаблівых сымпатыяў у маніфэстантаў таксама не выклікаюць. І сыходзілі ад улады камуністы 6 гадоў таму таксама пад грукат абвінавачваньняў у карупцыі і пад ціскам Плошчы.

Нешта падобнае, дарэчы, Беларусь назірала на першых прэзыдэнцкіх выбарах у 1994 годзе. Памятаеце кандыдата — «Я ня зь левымі, я ня з правымі, я з народам»?

Аднак, калі параўноўваць сытуацыю зь беларускай 1994 году, то і тут заўважныя адрозьненьні. Па-першае, у Беларусі ў тагачаснага пратэсту супраць усёй афіцыйнай эліты быў выразны палітычны лідэр. Ня будзем выстаўляць яму адзнакі, яны ўсім вядомыя, але палітычным лідэрам ён безумоўна быў. Кішынэўская цяперашняя плошча не крычыць «Няхай жыве» нікому. Можа і зьявіцца такі лідэр, экспэрты нават абмяркоўваюць варыянты, але пакуль такога «мсьціўцы эліце» няма.

І другое адрозьненьне: і сам правадыр беларускай «электаральнай рэвалюцыі» 1994 году, і яе ўдзельнікі (у меншай ступені) мелі больш-менш выразныя палітычныя густы. Лукашэнка ня проста кляйміў карупцыянэраў, ён іх кляйміў з пазыцыяў савецкага рэваншу. Ягоныя выбаршчыкі можа і не пагалоўна падзялялі гэты ідэалягічны пасыл, але ў большасьці і збольшага.

У цяперашніх пратэстах у Малдове гэтага няма. Пратэсты аб’ядноўваюць правых і левых, прыхільнікаў узьяднаньня з Румыніяй і ўступленьня ў Эўразійскі саюз. Ніякай геапалітычнай раўнадзейнай у пратэстах не праглядаецца.

У прынцыпе пэўныя аналёгіі можна знайсьці. І нават убачыць у іх тэндэнцыю. Скажам, нядаўнія пратэсты ў Армэніі, якія нават і не зусім суцішыліся. Яны былі супраць уладаў? Так, але і не за апазыцыю, яна і ад пачатку і потым стаяла ўбаку. І геапалітычна армянскія пратэсты былі, так бы мовіць, пэрпэндыкулярныя восі Расея-Эўропа. Не, кансьпіролягі, зразумела, знайшлі і там патаемныя разьлікі, але на ўзроўні лёзунгаў, імпэту натоўпу іх не было і блізка. На Эўрамайдане ў Кіеве у 2013-2014 годзе геапалітычны пасыл быў ясны, што вынікала нават з назвы, у Ерэване ў 2015 годзе — няясны. Хаця ў сэнсе стаўленьня да эліты падабенства Эўрамайдану зь цяперашняй кішынэўскай Плошчай было — Яцанюк, Клічко, Цягнібок былі хутчэй сьпікерамі Эўрамайдану, але ніяк не правадырамі і не кумірамі.

«Канец канца гісторыі» паводле Фрэнсіса Фукуямы

Фэномэн гэтага паўстаньня масаў супраць элітаў назіраўся апошнімі гадамі насамрэч у многіх краінах. Супраць каго былі «арабскія рэвалюцыі», супраць каго паўставалі плошчы Тахрыр у Эгіпце і Таксім у Турэччыне, супраць каго былі хваляваньні ў Бразыліі пару гадоў таму? Ну ясна — супраць улады, аўтарытарнай у Эгіпце і Тунісе, дастаткова (хаця і не ідэальна) дэмакратычнай ў Турэччыне і Бразыліі. А за каго, а дзеля каго? А як бы ні за каго. За сябе. У пэўным сэнсе — супраць усіх. Ва ўсіх названых выпадках тытульная апазыцыя тулілася ў куточку, ня ведаючы, за што ёй такі царскі падарунак і што зь ім рабіць.

Нейкую глябальную інтэрпрэтацыю гэтай зьявы прапанаваў пару гадоў таму Фрэнсіс Фукуяма. Паводле яго, гэтыя «рэвалюцыі супраць усіх» — вынік зьменаў сацыяльнай структуры сучасных грамадзтваў, новым сацыяльным групам цесна ў палітычных формах як аўтарытарных рэжымаў, гэтак і сучасных дэмакратыяў. Ён не выключаў, што ад гэтага неабароненыя ня толькі дыктатуры і новыя некансалідаваныя дэмакратыі, але і старыя дэмакратыі. Ну, старыя пакуль трымаюцца, хаця невядома, якой будзе рэакцыя людзей у Парыжы і Лёндане, скажам, на цяперашні міграцыйны крызіс. Але цяперашнія пратэсты ў Малдове, так выглядае, цалкам у рэчышчы, абазначаным у прыгаданым артыкуле Фукуямы.

Праўда, такія бесструктурныя пратэсты далёка не заўсёды атрымліваюць прамую перамогу. Улады ў Турэччыне, Бразыліі, Армэніі сілай ці саступкамі выстаялі супраць пратэстаў, у Эгіпце перамога Плошчы пасьля кароткай дэмакратычнай інтэрлюдыі з тварам «Братоў-мусульманаў» праз наступную Плошчу абрынулася ў звыклы, у нечым нават больш рэпрэсіўны аўтарытарызм.

Малдоўскія «браты-мусульмане»

Дый у цяперашняй Малдове мэта палітычных патрабаваньняў не зусім зразумелая. Добра, што маніфэстанты страцілі давер да эліты, але не да дзяржаўнага ладу. Але палітычная канфігурацыя краіны сфармавалася даўно, і натуральным чынам ініцыятары кішынэўскай плошчы з «Годнасьці і праўды» толькі чухаюць патыліцу, ці рабіцца ім партыяй.

Калі ўявіць сабе, што ўлады выканалі патрабаваньне кішынэўскай плошчы, абвясьцілі датэрміновыя выбары, то ці пасьпее мітынговая стыхія хутка ператварыцца ў разгалінаваную структуру «ад Кішынэву да самых да ўскраін»? Ды хоць у якую. Досьвед постсавецкіх краінаў паказвае, што «партыя Плошчы» не ўзьнікала нідзе.

Так што імаверна, што на датэрміновыя выбары ў Малдове пойдуць адно наяўныя партыі, цяперашняя правая ўрадавая кааліцыя — з кляймом карупцыянэраў, павешаным на іх Плошчай. І вынікам Плошчы стане рэванш «чырвоных», некаторыя зь якіх гатовыя нават зьмяніць геапалітычны курс Малдовы з асацыяцыі з ЭЗ на сяброўства ў Эўразійскім саюзе.

Такія ўсьмешкі гісторыі — ня нешта са сфэры фантастыкі. Эгіпэцкія лібэральныя студэнты і блогеры ў лютым 2011 году мужна біліся з дэспатыяй Мубарака за лепшае жыцьцё. І хто скарыстаўся на выбарах іх вулічнай перамогай? А зусім не лібэральныя «Браты-мусульмане», якія падчас забурэньняў стаялі ўбаку, усьміхаючыся ў бароды. Так бывае. Хаця таксама імаверна, што датэрміновыя выбары ў Малдове проста ператасуюць калоду і правая кааліцыя застанецца ва ўладзе.

Ну, можа, ня проста. Палітыкі будуць тыя самыя, але навучаныя гэтымі восеньскімі пратэстамі, што народ мае значэньне, што красьці варта ўсё ж менш. Часам паразы рэвалюцыяў мяняюць больш, чым іх перамогі.

«Далоў» і «няхай жыве» Плошчы

У Беларусі сытуацыя на першы погляд не падобная на малдоўскую. Ну яна і на другі не падобная: хай сабе нехлямяжая і з карупцыйным адценьнем, але дастаткова сьпелая дэмакратыя — ня тое самае, што такі ж сьпелы кансалідаваны аўтарытарызм. Але ёсьць глябальныя працэсы, якія закранаюць, як бачым, і Малдову, і Турэччыну, і Бразылію. Беларусы — народ асьцярожны і кансэрватыўны, але зьмены сацыяльнай структуры спакваля адбываюцца і ў іх. Абмяркоўваць гіпатэтычную Плошчу-2015 — занятак звыклы. Але наперадзе, у будучыні, краіну можа чакаць зусім іншая Плошча.

Плошча, якая ведае, на чый адрас крычаць «далоў», і ня ведае на чый — «няхай жыве», можа цешыць сэрцы адэптаў усеўладнай грамадзянскай супольнасьці, але гэта, наагул кажучы, даволі небясьпечная рэч. І перамога ў гэтым выпадку можа прынесьці самаахвярным салдатам Плошчы хіба ня больш расчараваньняў, чым параза.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG