Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мігранты з Сырыі выйшлі на другое месца пасьля ўкраінцаў па заявах на статус уцекача


«У нас агульнай мяжы і мора з Сырыяй няма, таму ў нас крыху іншыя задачы», — гэтак начальнік Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун адказаў на пытаньне карэспандэнта Свабоды пра захады адносна магчымай хвалі мігрантаў з Сырыі. Аляксей Бягун гэтак вызначыў спэцыфіку беларускай візавай палітыкі:

«Калі б Беларусь праводзіла мяккую візавую палітыку адносна мігрантаў, то, вядома, у нас быў бы такі ж масавы наплыў. А паколькі мы праводзім, адпаведна, крыху іншыя мерапрыемствы і крыху іншую палітыку, у нас масавага наплыву ўцекачоў няма. Ва ўсякім разе, з гэтых рэгіёнаў», — сказаў Аляксей Бягун.

Улетку ўрад Беларусі распрацаваў і перадаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу законапраект «Аб унясеньні зьменаў і дапаўненьняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаньнях вымушанай міграцыі». Аляксей Бягун паведаміў, што законапраект быў распрацаваны пры судзеяньні таксама і Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС.

Якія зьмены прадугледжаныя законапраектам?

Паводле зьвестак МУС, прапаноўваецца ўвесьці адзіную працэдуру падачы заяваў на атрыманьне статусу ўцекача, вызначыць, што тэрмін разгляду падобных хадайніцтваў не павінен быць большы за 6 месяцаў, а таксама ўвесьці абавязковую дактыляскапію для тых, хто хадайнічае аб статусе ўцекача.

Якую частку ў агульнай масе ўцекачоў складаюць тыя, хто прыехаў у Беларусь з Сырыі? Паводле Аляксея Бягуна, Сырыя за апошні час выйшла на другое месца пасьля Ўкраіны па колькасьці грамадзянаў, якія шукаюць прытулку ў Беларусі.

Прыкладна 12–13% ад усіх уцекачоў — з Сырыі, з Аўганістану цяпер парадку 5–6%

«Сырыя займае другое месца пасьля Ўкраіны па колькасьці асобаў, якія хадайнічаюць. Украіна, Сырыя, за ёй Аўганістан. Дакладна ня памятаю, прыкладна 12–13% ад усіх уцекачоў — з Сырыі, з Аўганістану цяпер парадку 5–6%. Вось у Гомелі знаходзяцца 14 сырыйцаў, якіх мы прынялі паводле праграмы перасяленьня зь Лібану. Яны таксама чакаюць рашэньня аб статусе ўцекача».

Паводле статыстыкі на сайце МУС за пэрыяд з 2004 па 2013 гады, статус уцекача ў Беларусі атрымалі 603 аўганцы, на другім месцы былі ўцекачы з Грузіі — іх аказалася 136, а вось мігранты з Сырыі былі на 6 месцы — толькі 10 мігрантаў з Сырыі атрымалі статус уцекача, хоць за гэты час зьвярнуліся па такі статус 84 мігранты з гэтай краіны. Цяпер, паводле начальніка Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС, на першае месца сярод ахвотных атрымаць статус уцекача выйшлі мігранты з Украіны, а за імі — сырыйцы.

Дадзеныя за 2014 год на сайце МУС адсутнічаюць. Паводле зьвестак МУС, за першае паўгодзьдзе 2015 году статус уцекача атрымалі 5 аўганцаў і 2 выхадцы зь Лібану і Сырыі.

Беларускія праваабаронцы крытыкуюць улады краіны за жорсткасьць законаў, якія рэгулююць знаходжаньне ў Беларусі мігрантаў, а таксама за практыку абыходжаньня з уцекачамі. У прыклад часта прыводзяць гісторыю з уцякачкай з Таджыкістану Шабнам Худайдодавай, якую амаль 3 месяцы таму зьмясьцілі ў ізалятар у Берасьці і пакуль ніяк ня вырашаць, ці даць ёй прытулак. Тым часам у дзяўчыны ўзьнік канфлікт з сукамэрнікамі, апавёў берасьцейскі праваабаронца Раман Кісьлюк:

«Быў сур’ёзны канфлікт — яе там сталі называць вахабіткай, пачаліся праблемы. Яна пра гэта напісала заяву, і толькі тады яе перавялі ў іншую камэру. А ўвогуле ёй вельмі цяжка там. Яна вельмі баіцца, што яе выдадуць таджыцкім уладам. Калі яе затрымалі на мяжы, дык яна нават таблетак напілася, яе ў ізалятары ў такім стане адмаўляліся прымаць, вазілі ў шпіталь. Яна баіцца, што калі яе выдадуць, яе ў Таджыкістане чакаюць катаваньні, пасьля якіх ёсьць і сьмяротныя выпадкі. Яна ж уцякла з Расеі пасьля таго, як заўважыла, што за ёй сочаць».

Тэрмін разгляду хадайніцтваў аб статусе ўцекача ў Беларусі пакуль ніяк не абмежаваны, разгляд можа расьцягнуцца больш як на год. У гэты час мігранты знаходзяцца ў месцах ізаляцыі ў статусе парушальнікаў закону, іхнія правы істотна абмежаваныя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG