Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крызіс уцекачоў: чаму іх не прымаюць багатыя арабскія краіны?


Сірыйскія ўцекачы ў Стамбуле ў лютым 2015 году
Сірыйскія ўцекачы ў Стамбуле ў лютым 2015 году

Рэгіянальны дырэктар Радыё Свабода ў Паўднёва-Заходняй Азіі Мардо Сагом лічыць, што роля багатых арабскіх краінаў у дапамозе ўцекачам магла б быць значна большай.

Мардо Сагом

Нарэшце багаты араб праявіў ініцыятыву. Эгіпэцкі мільярдэр Нагіб Савірыс заявіў, што ён гатовы купіць востраў у Грэцыі ці Італіі, каб разьмясьціць там уцекачоў.

Рэакцыя на пачын Савірыса была ў сацыяльных мэдыях пераважна пазытыўнай. Бо ці варта крытыкаваць пасьпяховага грамадзяніна сьвету за жаданьне зрабіць тое, што ня здольныя зрабіць многія ўрады?

Эгіпцянін Савірыс лічыць, што яго новая краіна можа называцца «Надзея». Ён прапануе і фінансаваньне, каб людзі маглі выбудаваць там свой новы дом, хаця б і часовы, пакуль яны не захочуць вярнуцца на радзіму.

Сірыйскіх уцекачоў прынялі толькі Ярданія і Лібан, дзьве эканамічна слабейшыя краіны з абмежаванымі рэсурсамі.

Але сродкі масавай інфармацыі і дыпляматычныя колы пачынаюць уздымаць больш важнае пытаньне: дзе былі багатыя арабскія краіны на працягу апошніх некалькіх гадоў, калі ў Сірыі разгарэлася грамадзянская вайна, якая выгнала мільёны ўцекачоў у суседнія краіны? Сірыйскіх уцекачоў прынялі толькі Ярданія і Лібан, дзьве эканамічна слабейшыя краіны з абмежаванымі рэсурсамі. Дзеля справядлівасьці варта адзначыць, што багатыя арабскія краіны паслалі некаторую дапамогу ў Турцыю, Ярданію і Лібан, але ніхто зь іх не прапанаваў сур’ёзнага вялікага пляну.

Разгледзім фінансавыя рэсурсы пяці найбагацейшых арабскіх краін: сукупны валавы ўнутраны прадукт Саудаўскай Арабіі, Кувэйту, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Катару і Бахрэйну складае каля ^$ 2 трыльёнаў на год. Агульная колькасьць насельніцтва складае да 55 мільёнаў чалавек. Гадавы даход на чалавека ў самай беднай краіне з гэтай групы, Бахрэйне, складае больш чым ^$ 21000, а ў самай багатай, Катары, гэта $ 90,000.

Няцяжка сабе ўявіць, што 5 працэнтаў сукупнага ВУП гэтых краінаў — каля 100 мільярдаў даляраў — магло б хапіць, каб прадухіліць найгоршае з крызісу. Арабскія краіны маглі б прапанаваць добра фінансаваныя прытулкі на вялізных тэрыторыях, якімі яны кіруюць, або прапанаваць фінансавую дапамогу іншым краінам, якія прымаюць уцекачоў.

Грамадзяніну Сірыі, Іраку, Лівану або іншай «сярэдняй» арабскай краіны амаль немагчыма атрымаць нават часовую візу ў багатыя арабскія краіны.

Але на сёньня гэта марныя чаканьні. Грамадзяніну Сірыі, Іраку, Лівану або іншай «сярэдняй» арабскай краіны амаль немагчыма атрымаць нават часовую візу ў багатыя арабскія краіны, ня кажучы пра дазвол на працу. Тым ня менш, асноўная крытыка скіроўваецца на эўрапейскія краіны, якія ня так хутка і ахвотна прапануюць прытулак блізкаўсходнім бежанцам, што прыходзяць сюды бязь візаў.

Так, тысячы сірыйцаў і іншых мігрантаў трапілі ў Аўстрыю, параўнальную па маштабах з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі — насельніцтва і тут і там каля 10 мільёнаў. Сярэдні гадавы даход складае прыкладна $ 50,000 ў Аўстрыі і каля $ 43,000 ў ААЭ. Тым не менш, ні адна з багатых арабскіх краін не дазволіла сірыйскім уцекачам нават прайсьці праз сваю тэрыторыю па шляху ў іншыя краіны.

Адметная і грамадзянская рэакцыя на шырокамаштабную драму. У той час як многія няўрадавыя арганізацыі і вялікая колькасьць жыхароў Эўропы заклікаюць свае ўрады дзейнічаць, прымаць уцекачоў, грамадзкі водгук у багатых арабскіх краінах застаецца больш прыглушаным. Не было ніякіх паведамленьняў пра дэманстрацыі ці патрабаваньні шукаць супольнае рашэньне.

Часткова гэта можна патлумачыць тым, што багатыя арабскія краіны маюць страх адносна міграцыі «іншых» арабаў на свае землі. Яны раўніва ахоўваюць свае багацьці ад магчымага перадзелу.

Яны таксама занепакоеныя магчымай палітычнай нестабільнасьцю, калі арабы зь іншых краін прыедуць і стануць часткай іх адносна невялікага насельніцтва. У той час як індыйскія або пакістанскія гастарбайтэры будуць тут заўсёды заставацца замежнікамі перадусім з-за моўнага адрозьненьня, арабскія мігранты гавораць зь мясцовымі на адной мове. Яны могуць дамовіцца і ўплываць на мясцовае насельніцтва, што разглядаецца як непажаданае (напрыклад у менш грамадзка стабільнай Саудаўскай Арабіі).

Нават пры ўліку гэтых праблемаў, па-ранейшаму не пакідае зьдзіўленьне, чаму пяць краін з агульным нацыянальным даходам 2 трыльёны даляраў не прапанавалі надзейнай дапамогі, каб вырашыць цяперашні крызыс уцекачоў. Урэшце ўсе гэтыя краіны больш ці менш ўдзельнічаюць — наўпрост ці ўскосна — у сірыйскай грамадзянскай вайне ў сілу таго, што заахвочваюць тую ці іншую ўзброеную групоўку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG