Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малдоўскі праўрадавы палітык: За гэты парлямэнт таксама галасаваў народ


Пратэст каля малдоўскага пярлямэнту ў Кішынёве

Пратэст каля малдоўскага пярлямэнту ў Кішынёве

Цяперашнія бурныя пратэсты ў Малдове мы папрасілі пракамэнтаваць Думітру Дзякава — ганаровага старшыню Дэмакратычнай партыі, якая ўваходзіць ва ўрадавую кааліцыю.

РС: Спадар Дзякаў, Малдова — дзяржава з даволі разьвітай парлямэнцкай дэмакратыяй, «выдатнік» эўраінтэграцыі на постсавецкай прасторы. Лічыцца, што дэмакратыя і эўрапейская арыентацыя краіны — гарантыі супраць карупцыі і масавых пратэстаў. Але вось у Малдове паўстала плошча, маніфэстанты абвінавачваюць у карупцыю ўсю ўладную клясу. Чаму?

Дзякаў: Толькі ў апошнія гады людзі адчулі дэмакратыю, «памацалі» яе ўласнымі рукамі. У нас зьявілася шмат тэлеканалаў, зьявілася шмат палітычных партыяў. Усе яны маюць доступ да гэтых каналаў. Таму зразумела часам і без карупцыі даволі весела ўсё адбываецца. Палітычнае жыцьцё вельмі актыўнае. Калі ёсьць праблемы — эканамічныя сацыяльныя, гэта зразумела, напампоўваецца. Ну і карупцыя дадае. А дзе яе няма ў постсавецкіх краінах?

Зразумела, трэба наводзіць парадак, зразумела, гэта крыўдна, зразумела, гэта перашкаджае разьвіцьцю той дэмакратыі, за якую людзі паважалі б уладу. І гэта таксама частка дэмакратычнага працэсу, калі апазыцыя мае магчымасьць выказацца, ў тым ліку і з плошчы. Галоўнае, каб гэта было канстытуцыйна, цывілізавана. Тады хай у спрэчцы нараджаецца ісьціна.

«Плошча — таксама частка дэмакратычнага працэсу»

РС: А адкуль ўзьнік рух «Годнасьць і праўда», які заклікаў людзей на плошчу і ў пэўнай ступені кіруе ёй? У Малдове ж ёсьць апазыцыя ў парлямэнце, выбары свабодныя, перашкодаў стварэньню новых палітычных арганізацыяў няма.

Дзякаў: Рух «Годнасьць і праўда» хоча быць чарговай апазыцыяй, правацэнтрысцкай апазыцыяй. Гэта жывы, актыўны працэс. У краінах традыцыйнай дэмакратыі партыі не нараджаюцца кожны квартал. У нас з гэтым няма праблемаў.

Ды таго ж маюцца хібы, крыўды, лёгка людзей ўстурбаваць. На фоне гэтай мабілізацыі будзе стварацца партыя, я ў гэтым ня сумняваюся. Для мяне няма праблемы размаўляць з любым апанэнтам, зь любой апазыцыяй. Але трэба сядаць, абмяркоўваць, шукаць ісьціну.

У гэтым руху існуе ядро, якое адчула гэтыя праблемы. На плошчы стаяць людзі розныя, многія зь іх былі ў розных партыях, былі ва ўладзе. А цяпер яны адчулі новыя веяньні і вырашылі імі скарыстацца.

РС: Наколькі, на ваш погляд, справядлівыя абвінавачваньні на адрас ўлады Малдовы ва ўсеагульнай карупцыі? Наколькі я ведаю, самае гучнае абвінавачваньне — пра вывад па-за межы краіны мільярда даляраў з банкаў Малдовы.

Думітру Дзякаў

Думітру Дзякаў

Дзякаў: Гэты славуты мільярд робіцца казкай, вакол якой нанізваюцца прэтэнзіі да ўлады. І ў самой уладзе незадаволеных хапае. Гэта — вынік таго, што адбывалася на працягу многіх гадоў. Многія запускалі руку ў рэсурсы банку De Economii, вось і атрымалася, што ў гэтым банку не засталося, што разьмяркоўваць. Але не дэпутаты павінны займацца гэтым, а адпаведныя структуры — пракуратура, сьледчыя брыгады.

Нанялі для расьсьледаваньня гэтых злоўжываньняў незалежнага замежнага аўдытара, яшчэ адзін аўдытар пачне працу. Безумоўна, трэба расьсьледаваць. Гэта не высьвятляецца на працягу некалькіх тыдняў.

РС: Які ваш прагноз — як будуць разьвівацца падзеі на плошчы? У вас быў досьвед красавіка 2009 году, калі справа дайшла за захопу будынкаў парлямэнту і прэзыдэнтуры. Я чытаў нейкі тэкст, дзе аўтар піша: цяперашні правы ўрад (у сэнсе вы, Думітру, і вашы паплечнікі) тады захапіў ўладу, зараз сам пакаштуе той жа стравы. Гэта можа перайсьці ў гвалт і кроў?

Дзякаў: У нас ёсьць і левыя, і правыя, якія мараць прыйсьці да ўлады. Дэфіцыту няма. Я спадзяюся, што ўсе падзеі будуць адбывацца ў канстытуцыйным рэчышчы, што гэта будзе мірны пратэст. Тады няма праблемаў. Прыйдуць выбары і калі за іх прагаласуюць людзі — дык калі ласка.

РС: А варыянт датэрміновых выбараў вы не разглядаеце?

Парлямэнт Малдовы ня можа самараспускацца... за гэты парлямэнт таксама народ галасаваў.

Дзякаў: Апазыцыя патрабуе датэрміновых выбараў, але ў Канстытуцыі напісана вельмі дакладна, калі ў краіне адбываюцца выбары: калі на працягу 45 дзён не атрымліваецца сфармаваць урад і калі парлямэнт не абраў прэзыдэнта. Парлямэнт Малдовы ня можа самараспускацца. За гэты парлямэнт таксама народ галасаваў.

РС: Вашы апанэнты з плошчы, магчыма, мяркуюць, што воля народу вышэйшая за Канстытуцыю.

Дзякаў: Ну, за гэты парлямэнт таксама народ галасаваў.

РС: Але раптам датэрміновыя выбары адбудуцца. Наколькі я разумею, цяпер у парлямэнце Малдовы партыі праэўрапейскай урадавай кааліцыі маюць невялікую перавагу над левымі. І вось выбары, правыя ідуць на іх з кляймом карупцыянэраў, якое на іх павесіла плошча, і...

Да ўлады прыйдуць ня тыя, хто зьбірае людзей на плошчы.

Дзякаў: Іншыя правыя раскачваюць карабель, выказваюць незадавальненьне. І ва ўладу прыйдуць крайнія левыя. Такі цяпер расклад. Да ўлады прыйдуць ня тыя, хто зьбірае людзей на плошчы. Так што хай думаюць.

РС: На плошчы гучыць патрабаваньне абіраць прэзыдэнта краіны прамым галасаваньнем. Але досьвед іншых постсавецкіх краінаў, у прыватнасьці, Беларусі, паказвае, што прэзыдэнцтва з шырокімі паўнамоцтвамі часам робіцца шляхам да аўтарытарызму. Ці існуе такая пагроза ў Малдове?

Калі дэмакратыя церпіць крах, то сапраўды прыходзіць той, хто наводзіць парадак жалезнай рукой

Дзякаў: Гэта папулісцкі лёзунг. На тле тых падзеяў, што адбыліся ў апошнія гады, ён набыў шмат прыхільнікаў. Але ў нас былі два ўсенародна абраныя прэзыдэнты, якія ўвесь час сварыліся з урадам і парлямэнтам. Мне здаецца, што парлямэнцкая форма кіраваньня, якая ўмацавалася ў большасьці эўрапейскіх краінаў, карысная і для Малдовы. Вяртацца да таго, што мы ўжо мелі, ня мае сэнсу.

РС: Пры дэмакратыі ўлады часта абвінавачваюць у карупцыі, ў бязьдзейнасьці. Але ці не атрымліваецца так у нашых постсавецкіх краінах, што альтэрнатыва такой дэмакратыі — парадак у стылі Лукашэнкі?

Дзякаў: Калі дэмакратыя церпіць крах, то сапраўды прыходзіць той, хто наводзіць парадак жалезнай рукой. Зразумела, нам патрэбны парадак, людзям надакучыла безуладзьдзе, частая зьмена ўрадаў. Але і альтэрнатыва, якая прапануецца, ня надта добрая.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG