Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Міхалевіч ведаў напэўна, што будзе затрыманы», — Францкевіч


Аляксей Францкевіч

Аляксей Францкевіч

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Беларусі на выбарах 2010 году Алесь Міхалевіч, затрыманы раніцай 8 верасьня на літоўска-беларускай мяжы, разумеў, што яго затрымаюць і, магчыма, возьмуць пад варту.

Пра гэта БелаПАН паведаміў Аляксей Францкевіч — старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Асацыяцыя за мадэрнізацыю».

Аляксей Францкевіч, які жыве ў Чэхіі з 2006 году, у апошнія гады пастаянна кантактаваў з Алесем Міхалевічам. Па словах Францкевіча, Міхалевіч ня раз казаў, што вернецца ў Беларусь, калі будуць вызваленыя палітвязьні. Ён напэўна ведаў, што яго возьмуць пад варту ў межах незакрытай крымінальнай справы, але, тым ня менш, вырашыў, што менавіта цяпер — найбольш спрыяльны час, каб вярнуцца на радзіму.

Сёньня Францкевіч суправаджаў Міхалевіча да беларускай мяжы. У Вільні, паводле ягоных слоў, Міхалевіч пасьпеў даць інтэрвію тэлеканалу «Белсат». Пасьля перасячэньня беларускай мяжы Францкевіч трымаў зь Міхалевічам сувязь праз тэлефон. Апошняе паведамленьне ён атрымаў у 10.52 — Міхалевіч пасьпеў паведаміць, што па яго ў Гудагай прыбылі супрацоўнікі міліцыі зь Менску.

Паводле апошняй інфармацыі, затрыманага палітыка даставілі ў Ашмянскі РАУС.

XS
SM
MD
LG