Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэрмэры патрабуюць ад Эўразьвязу кампэнсацыі за расейскія санкцыі


Пратэст фэрмэраў у Брусэлі
Пратэст фэрмэраў у Брусэлі

7 верасьня каля пяці тысяч фэрмэраў з больш чым тысяччу трактароў пратэставалі ў Брусэлі супраць палітыкі санкцый Эўразьвязу ў адносінах да Расеі.

Паводле ацэнкі пратэстоўцаў, санкцыі ЭЗ супраць Расеі і, як адказ на іх, расейская забарона на ўвоз эўрапейскіх харчовых прадуктаў, паменшылі сельскагаспадарчы экспарт краінаў Эўразьвязу ў Расею на 5,5 мільярда эўра.

«Мы ў гэтай сытуацыі зусім не вінаватыя, а якраз наш сэктар церпіць найбольш. Фэрмэры Эўразьвязу расплачваюцца за міжнародную палітыку» — міжнародныя агенцтвы цытуюць Альбэрта Яна Мата, аднаго зь лідэраў пратэсту.

Паведамляецца, што ў сутычках фэрмэраў з паліцыяй, якая ўжывала сьлезацечны газ і вадамёты, былі паранены чатыры паліцыянты і два дэманстранты. Ніхто ня быў затрыманы, але пратэст на шмат гадзінаў парушыў працу гарадзкога транспарту і стварыў гіганцкія заторы як у самым Брусэлі, так і вакол яго.

Міністры сельскай гаспадаркі ЭЗ, якія сабраліся ў бэльгійскай сталіцы ў дзень пратэсту фэрмэраў, ухвалілі пакет дапамогі на 500 мільёнаў эўра, каб кампэнсаваць фэрмэрам спад сельскагаспадарчага экспарту ў Расею.

Асабліва востра цяперашнюю палітыку санкцый адносна Расеі адчуваюць эўрапейскія выробцы малака — закупачныя цэны малака скараціліся на 20% у параўнаньні зь мінулым годам, у сярэднім да 30 эўрацэнтаў за літар. Аднак Эўракамісія адмаўляецца падняць цэны на малочныя прадукты, нягледзячы на моцны ціск фэрмэрскіх арганізацый у Францыі, Італіі, Гішпаніі і Партугаліі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG