Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сьледзтва па справе аб сьмерці Ігара Пцічкіна адноўлена


Сьледчы камітэт аднавіў завершанае на пачатку году расьсьледаваньне справы аб сьмерці ў менскім сьледчым ізалятары менчука Ігара Пцічкіна. Пра гэта карэспандэнту Радыё Свабода паведаміла маці Ігара Пцічкіна Жана.

«Справу, якая ўжо была завершаная і па якой адказных у сьмерці сына так і ня высьветлілі, месяц таму аднавілі. Магчыма, падзейнічалі мае скаргі ў пракуратуру і мае абяцаньні, што не супакоюся і дайду да міжнароднага суду. Зноў падазраюць мэдыка, што яна не аказала мэдычнай дапамогі майму сыну. Прычым пра сына ўжо ня кажуць, што

Жана Пцічкіна

Жана Пцічкіна

ён быў наркаман і алькаголік, у справе гэтага няма, хоць раней на ўсю краіну абвясьцілі, што ён нібыта быў наркаманам і алькаголікам і ад гэтага памёр. Справу вядзе новы сьледчы — Іван Панцеляймон з управы па расьсьледаваньні злачынстваў супроць асобы і грамадзкай бясьпекі Сьледчага камітэту», — паведаміла Жана Пцічкіна.

Мянчук Ігар Пцічкін памёр у жніўні 2013 году празь некалькі дзён адседкі на «Валадарцы», дзе адбываў 3 месяцы арышту за тое, што кіраваў аўтамабілем, ня маючы правоў. Спачатку ў адміністрацыі сьледчага ізалятара заявілі, што Ігар Пцічкін памёр ад хваробы сэрца. Між тым на целе нябожчыка сваякі ўбачылі сінякі і пашкоджаньні і празь некалькі месяцаў дамагліся завядзеньня крымінальнай справы. Сваякі дагэтуль мяркуюць, што Ігара Пцічкіна забілі міліцыянты альбо ахоўнікі ізалятара. Першапачаткова сьледзтва падазравала турэмнага лекара ў неаказаньні вязьню належнай дапамогі, але праз год расьсьледаваньня гэтае абвінавачаньне зьнялі. На пачатку году Сьледчы камітэт па Менску завяршыў расьсьледаваньне і запрасіў маці Ігара Пцічкіна на азнаямленьне са справай. Жана Пцічкіна азнаёмілася з усімі 21 томам справы і напісала скаргу ў пракуратуру, у якой выказала нязгоду з высновамі сьледзтва і запатрабавала новага расьсьледаваньня.

«Вядома, я задаволеная, што да маёй скаргі прыслухаліся і расьсьледаваньне аднавілі. Але гэта яшчэ ня ўсё, чаго я дамагаюся. Магчыма, яны зноў будуць цягнуць расьсьледаваньне, каб схаваць сьляды злачынства — забойства майго сына. Мяне ўжо выклікалі на допыт, але зноў з матэрыяламі справы не знаёмяць, нават ня кажуць, чаму аднавілі справу. Зноў узялі ў мяне падпіску пра неразгалошваньне і зноў пагражаюць крымінальнай адказнасьцю за тое, што нешта раскажу. Таму так і ведайце: калі мяне пасадзяць у турму, дык таму, што ня стала маўчаць пра справу аб забойстве майго сына», — кажа Жана Пцічкіна.

Справа Ігара Пцічкіна атрымала дадатковы розгалас пасьля таго, як у верасьні 2013 году менская міліцыя затрымала сваякоў і сяброў нябожчыка, якія зьбіраліся ўскласьці кветкі да муроў ізалятара на Валадарскага, каб ушанаваць ягоную памяць. Таксама затрымалі журналістаў і праваабаронцаў. Некалькі ўдзельнікаў акцыі памяці былі пакараныя арыштамі і грашовымі штрафамі.

Паводле Жаны Пцічкінай, цягам наступнага месяца ў справе будзе праведзеная новая экспэртыза.

XS
SM
MD
LG