Лінкі ўнівэрсальнага доступу

501-я ўгодкі Аршанскай бітвы адзначаць ускладаньнем кветак


Падчас мінулых угодкаў Аршанскай бітвы, на Крапівенскім полі. 8 верасьня 2015 году
Падчас мінулых угодкаў Аршанскай бітвы, на Крапівенскім полі. 8 верасьня 2015 году

Прадстаўнікі Аршанскай кааліцыі дэмакратычных сілаў зьбіраюцца наведаць поле бітвы на беразе рэчкі Крапівенкі.

Яны хочуць ускласьці кветкі да крыжа, усталяванага ў памяць пра загінулых ваяроў, і запаліць сьвечкі каля помнікаў-камянёў з выявамі Канстанціна Астроскага ды іншых слынных беларускіх вайсковых дзеячоў.

Гістарычная бітва пад Воршай адбылася 8 верасьня 1514 году — войска на чале зь вялікім гетманам Вялікага Княства Літоўскага Канстанцінам Астроскім перамагло ўтрая большае войска Маскоўскага княства. Гэтае месца гістарычнай бітвы добра вядомае, сюды часта прыяжджаюць людзі, асабліва напярэдадні чарговых угодкаў бітвы.

Менавіта на гэтым полі раней усталёўвалі намёты, каб паслухаць бардаў. І цяпер сюды прыяжджаюць сьпевакі і музыкі, толькі не на агульны фэст, а на сяброўскія сустрэчы, гаворыць аршанскі актывіст Алесь Шутаў:

«Мы з аднадумцамі прыяжджаем сюды штогод, каб памяць пра слаўную бітву ня згасала. Дагэтуль жыве і традыцыя сьпеваў у гонар Аршанскай бітвы, хаця вялікага бардаўскага фэсту ўжо не праводзяць. Днямі я нават бачыў аб’яву „В Контакте“, дзе людзі пісалі, што прыедуць, і нават пакідалі геаграфічныя каардынаты свайго намёта — запрашалі іншых. Чуў, што сёлета на поле прыяжджаў пісьменьнік Уладзімер Арлоў, яшчэ нехта ўсклаў да помніка кветкі, нехта прынёс зьнічку. Так што гэтае месца — вядомае».

499-я гадавіна Аршанскай бітвы, 8 верасьня 2013 году
499-я гадавіна Аршанскай бітвы, 8 верасьня 2013 году

Перамога войска ВКЛ мела важнае значэньне для тагачаснай Эўропы. І ў пачатку 1990-х 8 верасьня афіцыйна стала адзначацца як Дзень беларускай вайсковай славы. У гэты дзень у 1992 годзе на Плошчы Незалежнасьці ў Менску беларусы-афіцэры прынялі ваенную прысягу на вернасьць Беларусі. Поруч зь імі былі і палітычныя дзеячы Беларускага Народнага Фронту — Васіль Быкаў, Зянон Пазьняк і Анатоль Грыцкевіч.

Аднак, неўзабаве дзяржаўнае сьвята адмянілі — на афіцыйным узроўні пераможную для беларусаў бітву пачалі разглядаць як прыклад варожага стаўленьня да расейскага народу, а не як звычайны гістарычны факт. У 2007 годзе міліцыя наладзіла брутальны разгон выступоўцаў і слухачоў, не пусьціўшы нікога на звыклае месца — на бераг рэчкі Крапівенкі каля вёскі Гацькаўшчына Аршанскага раёну.

З тае пары бардаўскі фэст трансфармаваўся ў лякальныя сяброўскія сустрэчы каля вогнішчаў у навакольлях гістарычных мясьцінаў. Людзі зьбіраюцца патаемна, спрабуючы ўнікнуць рэпрэсіяў. Сёлета міліцэйскай актыўнасьці заўважана не было, і ў сацыяльных сетках гэтымі днямі зьяўляюцца паведамленьні пра прыватныя вандроўкі на поле Аршанскай бітвы — водгульле ранейшага масавага сьвяткаваньня.

Каб скансалідаваць ахвотных адзначыць угодкі Аршанскай бітвы землякоў, моладзевая суполка «Зьвяз» правяла 6 верасьня гарадзкі турнір па гульні «1514», створанай паводле гістарычных рэаліяў. Згадаць падзеі 500-гадовай даўніны сабралася каля 30 чалавек, пераважна моладзь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG