Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнігаўскія валянтэры: «Будзем змагацца да перамогі»


Каардынатар цэнтру Генадзь Абушны і валянтэрка Людміла Патайчук з унучкай
Каардынатар цэнтру Генадзь Абушны і валянтэрка Людміла Патайчук з унучкай

У Адзіны валянтэрскі цэнтар у Чарнігаве шмат хто прыходзіць як на працу, кожны дзень.

Як распавядаюць самі валянтэры, паводле графіку іх працоўны дзень пачынаецца а 9-ай і заканчваецца а 18-ай, але на справе «сядзяць столькі, колькі трэба».

«Рэсэпшэн»

Адразу на ўваходзе ў памяшканьне цэнтру — стойка, за якой валянтэры сустракаюць гасьцей. На ёй тры скрыні для ахвяраваньняў: «На лячэньне», «На агульныя патрэбы АТА», «На вышыванкі дзецям».

Скрыні для ахвяраваньняў у вэстыбюлі Адзінага валянтэрскага цэнтру
Скрыні для ахвяраваньняў у вэстыбюлі Адзінага валянтэрскага цэнтру

«У нашым цэнтры тры, так бы мовіць, лякацыі, — распавядае каардынатар валянтэрскага цэнтру Генадзь Абушны — гэта „рэсэпшэн“, яшчэ ёсьць цэх пляценьня і склад».

Цяпер у цэнтры ідзе акцыя — збор грошай на вышыванкі для дзяцей загінулых у зоне АТА вайскоўцаў. Вось адкуль трэцяя скрыня для ахвяраваньняў. Такіх дзяцей пад апекай цэнтру 74.

«Гэтую акцыю ініцыявалі валянтэркі з цэху пляценьня», — распавяла валянтэрка Ірына Ярэменка.

Паводле яе слоў, першых 15 вышыванак ужо падарылі да Дня ведаў, астатнія прымяркуюць да іншых сьвятаў і дзён народзінаў дзяцей.

Каля стойкі — багата кніжак. Столькі, што яны маглі б скласьці добрую хатнюю бібліятэку. Прыносяць іх людзі. Кажуць, кнігі таксама накіроўваюцца на фронт, дзе карыстаюцца вялікім попытам.

Кнігі, якія людзі прыносяць для вайскоўцаў
Кнігі, якія людзі прыносяць для вайскоўцаў

Паводле валянтэраў, першы час вялікі плён быў ад збору ахвяраваньняў проста ў крамах. Цяпер сытуацыя зьмянілася: больш пішуць лісты ў фірмы і на прадпрыемствы, якія пералічваюць грашовую дапамогу.

Цэх

У цэху — вялікай актавай залі — валянтэры плятуць маскіровачныя сеткі і так званыя «кікімары» — касьцюмы для снайпэраў.

Цэх пашыву маскіровачных сетак
Цэх пашыву маскіровачных сетак

«Мой сын таксама служыў у АТА, быў кантужаны. Я з таго часу працую валянтэрам у цэнтры. Мы працуем, каб людзі не забываліся, што ў краіне ідзе вайна», — распавядае валянтэрка Ірына Ярэменка.

Валянтэрка Ірына Ярэменка
Валянтэрка Ірына Ярэменка

Паводле яе слоў, у цэху ў асноўным працуюць «мамусі і бабусі» хлапцоў, якія цяпер ваююць у зоне АТА.

Лідзія Міхайлаўна прыйшла ў цэх з Кацярынаўскай царквы, прапанаваў прыйсьці на дапамогу валянтэрам сьвятар.

«Царква ў нас патрыятычная. Цяпер усе бульбу капаюць, а так нас звычайна тут багата — чалавек 15», — кажа яна.

Пляцельшчыца сетак валянтэрка Лідзія Міхайлаўна
Пляцельшчыца сетак валянтэрка Лідзія Міхайлаўна

Склад

«Мы дапамагаем фронту ня толькі тым, што пляцем сеткі, „кікімары“, а таксама і формай, абуткам. І ня толькі добраахвотнікам, якім дзяржава нічога не дае, але і вайскоўцам Узброеных сілаў Украіны, якіх краіна мусіць забясьпечваць», — распавядае загадчык складу Генадзь Абушны.

Ён праводзіць у падвал, поўны каробак, на паліцах ляжыць адзеньне, на падлозе стаяць слоікі з хатнімі закаткамі. Каля ўваходу — старая савецкая форма. Аказваецца, і яна можа паслужыць у зоне АТА, бо якасьць матэрыялу лепей за некаторую сучасную ўкраінскую.

Хатнія закаткі, якія па звычцы ахвяруюць чарнігаўцы
Хатнія закаткі, якія па звычцы ахвяруюць чарнігаўцы

«Яшчэ паўгады таму наш склад быў завалены прадуктамі. У войску была вельмі складаная сытуацыя зь ежай. Але мы навучылі дзяржаву карміць людзей у арміі. Тым ня менш, людзі часам па старой памяці прыносяць хатнія загатоўкі», — кажа спадар Генадзь.

Гаспадар паказвае так званыя «разгрузкі» — камізэлькі з кішэнямі, куды можна складваць дадатковыя боепрыпасы — для снайпэраў і пяхоты. Побач у скрынях знаходзяцца акуляры для вайскоўцаў і спэцыяльныя пальчаткі. Усё гэта закуплена ў фірмах за ахвяраваньні. Паводле валянтэраў, фірмы даюць ім добрыя зьніжкі.

Генадзь Абушны на складзе дэманструе "разгрузку"
Генадзь Абушны на складзе дэманструе "разгрузку"

«У першую чаргу мы дапамагаем добраахвотнікам. Што б пра іх не казалі, гэта людзі, якія першымі спынілі Пуціна», — кажа Генадзь Абушны.

Патрыятычны верш, напісаны школьніцай байцам АТА
Патрыятычны верш, напісаны школьніцай байцам АТА

Цэнтар працуе па заяўках з фронту, якія паступаюць да іх рознымі шляхамі — па тэлефоне і праз сацыяльныя сеткі. Абавязкова пасьля паступленьня заяўкі яна пераправяраецца. Наладжанае і супрацоўніцтва з цэнтрамі зь іншых гарадоў, даводзіцца абменьвацца працоўнымі матэрыяламі і сумесна выконваць заяўкі.

Паводле меркаваньня каардынатара цэнтру, ваяваць засталося недзе год. Пры гэтым, ён думае, што ўкраінскія войскі будуць ваяваць да перамогі:

«Мы будзем змагацца да перамогі, бо нашае грамадзтва ня прыме выгандляваны прыніжальны мір», — заключыў Генадзь Абушны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG