Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крытыкі Караткевіч купіліся на тонкі ход Ярмошынай? Гомельскія палітыкі пра сталічныя выбарчыя жарсьці


Алег Шабетнік — рэгіянальны каардынатар выбарчай кампаніі Тацяны Караткевіч

Алег Шабетнік — рэгіянальны каардынатар выбарчай кампаніі Тацяны Караткевіч

На Гомельшчыне стаўленьне да ўдзелу у прэзыдэнцкіх выбарах вылучэнкі кампаніі «Гавары праўду» Тацяны Караткевіч падзяліла апазыцыйных актывістаў на два блёкі: тых, хто яе падтрымлівае, і тых, хто лічыць, што сваім удзелам у сёлетняй выбарчай кампаніі Караткевіч дадае легітымнасьці цяперашняму рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На пытаньні Свабоды адказваюць гомельскія палітыкі ды актывісты.

Рэгіянальны каардынатар выбарчай кампаніі Тацяны Караткевіч на Гомельшчыне Алег Шабетнік нядаўна вярнуўся з Украіны. Разам з патэнцыйнай кандыдаткай у прэзыдэнты ён сустракаўся з мэрам Львова Андрэем Садовым і прысутнічаў на футбольным матчы зборных Беларусі і Ўкраіны.

Па словах Шабетніка, мэр Садовы раіў Караткевіч сустракацца зь людзьмі. Калі палітык цесна стасуецца зь людзьмі, то разам ён здолее вырашыць нават самыя складаныя праблемы. Паводле Садовага, калі партыя ня ўдзельнічае ў выбарах, то гэта хутчэй ня партыя, а гурток па інтарэсах.

Алег Шабетнік ня лічыць, што рознае стаўленьне да ўдзелу ў сёлетняй выбарчай кампаніі моцна разьяднала апазыцыю ў рэгіёне:

«Расколу як такога няма. У кожнага ёсьць сваё меркаваньне. Раскол ёсьць хутчэй „наверсе“, паміж кіраўнікамі арганізацыяў. А „ўнізе“ ўсе мы — аднолькавыя людзі. Тыя, што прыйшлі на пачатку ў кампанію, яны й засталіся — за выключэньнем двух сябраў з БНФ, якія ня будуць удзельнічаць у агітацыі. Ніякага раколу я ня бачу».

Шабетнік кажа, што калі бярэцца за справу, то імкнецца яе завершыць. А падтрымлівае Тацяну Караткевіч, бо добра яе ведае яшчэ зь мінулых прэзыдэнцкіх выбараў, калі разам працавалі ў камандзе Ўладзімера Няляева. Тацяна, паводле яго слоў, — добрасумненны, адказны і цалкам адэкватны чалавек:

«Тое, што яна магла камусьці прадацца, што яе хтосьці там прымусіў — гэта проста лухта. Улада робіць усё, каб апазыцыя раскалолася. Усе гэтыя добрыя словы, якія казалі Лукашэнка ды Ярмошына на адрас Тацяны, уносілі яшчэ большы раздрай. Людзі ж думаюць, што Тацяну падтрымлівае ўлада. Менавіта такім чынам улада і ўносіць раздрай. Астатнія, хто нічога ня робіць, а „засьвяціцца“ ў палітыцы ім трэба, прапануюць то подпісы праверыць, то зьняславіць Тацяну.

Ва ўлады ёсьць спарынг-партнэры — Гайдукевіч і Ўлаховіч. Я ў рэгіёне не заўважаў, каб яны зьбіралі подпісы. Затое бачыў у адной з тэрытарыяльных камісіяў акуратна складзеныя падпісныя лісты за Гайдукевіча. Яны ідэальна складзены. А я свае, як ні стараўся, ня мог так скласьці — яны ў мяне то шэрыя нейкія, то падкамячаныя, адзін даўжэйшы, іншы карацейшы. Бачна, што зь імі працавалі, што сапраўды зьбіралі подпісы. А там хтосьці іх напісаў, і яны акуратна ляжалі.

У нас выбараў няма. Але каб не легітымізаваць Лукашэнку, павінен хтосьці быць ад апазыцыі. Тацяна Караткевіч стала, па сутнасьці, адзіным кандыдатам ад апазыцыйных сілаў. Многім гэта не падабаецца. Раздзьмуты недавер да яе асобы — гэта піяр для тых, хто хоча прапіярыцца, але ня ведае, як гэта зрабіць».

Васіль Палякоў

Васіль Палякоў

Гомельскі палітык, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў, які ня толькі арганізоўваў у рэгіёне збор поднісаў за Анатоля Лябедзьку, але і сам стаяў у пікетах, лічыць, што ў рэгіёнах размежаваньне апазыцыі не выглядае катастрафічным:

«Так ці інакш, а трэба працаваць з тымі людзьмі, якія ёсьць. Апазыцыянэраў, а тым больш лідэраў, у рэгіёне ня так многа. Усе працэсы, якія маюць рэспубліканскі характар, не ў такой ступені ўплываюць на рэгіёны. Мы падтрымліваем добрыя стасункі і з прадстаўнікамі кампаніі „Гавары праўду“, і з рухам „За свабоду“. Дзе ёсьць агульныя інтарэсы, там мы супрацоўнічаем. Я ня бачу тут вялікай праблемы. Праблема ёсьць глябальнага характару, наконт стратэгіі ў цяперашняй выбарчай кампаніі. Можна ісьці дапамагаць уладам добра выглядаць перад Захадам ці нельга гэтага рабіць? Актывісты АГП сумленна працавалі падчас збору подпісаў на валянтэрскіх пачатках. Але цяпер яны трымаюцца стратэгіі, якую абрала кіраўніцтва АГП».

На думку Палякова, любая партыя мусіць удзельнічаць у палітычнай кампаніі. АГП шчыра прызналася, што не сабрала неабходную колькасьць галасоў. Яня не стала паўтараць памылкі 2010 году, калі, ня мючы патрэбнай колькасьці рэальных подпісаў, вылучэнцы падавалі дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатамі ў прэзыдэнты. Гэта нанесла вялікую шкоду апазыцыйнаму руху.

Сёлета АГП удзельнічала ў вылучэньні сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі, цяпер займаецца арганізацыяй назіраньня за галасаваньнем. Але чальцы партыі ня будуць падтрымліваць пэўнага кандыдата.

Што да ўдзелу Тацяны Караткевіч у гэтай выбарчай кампаніі «да канца», то спападар Палякоў не ў захапленьні ад такой пазыцыі:

У цяперашніх умовах галоўнае для апазыцыі — захаваць аўтарытэт, дадаваць яго, а не гуляць з уладаю

«Мне вельмі не падабаецца, што ідзе гульня з уладай з боку каманды Тацяны Караткевіч. Гэта не прынясе ніякага плёну. Гэта падобна на практыку 2010 году, калі некаторыя вылучэнцы рэгістраваліся невядома дзеля чаго. У цяперашніх умовах галоўнае для апазыцыі — захаваць аўтарытэт, дадаваць яго, а не гуляць з уладаю ў нейкія гульні. Беларуская ўлада зь яе выбарчай сыстэмай цалкам сябе вычарпала — яны нежыцьцяздольная. Трэба дамагацца сумленных і справядлівых выбараў, каб выбарчая сыстэма мянялася, у тым ліку й сыстэма ўлады, а не спрабаваць неяк яе падтрымаць і падоўжыць існаваньне. На маю думку, тое, чым займаецца кампанія „Гавары праўду“, скіравана найбольш на падтрыманьне жыцьця існуючай улады».

Вадзім Болбас

Вадзім Болбас

Сябра БНФ са Сьветагорску Вадзім Болбас удзельнічаў у зборы подпісаў за Тацяну Караткевіч, але апошнім часам адцураўся яе падтрымліваць. Чаму?

Болбас: «Партыйная дысцыпліна. Апрача таго, мне, як і многім іншым, недаспадобы апошнія выказваньні спадарыні Тацяны і наконт двухмоў’я, і наконт Эўразійскага саюзу. Гэта не адпвядае нашым поглядам, нашым ідэям і базавым каштоўнасьцям партыі. Маім асабістым таксама. Выбараў няма. Была інфармацыя, што прызнаны сапраўднымі 130 тысячаў подпісаў за казака Мікалая Ўлаховіча. А яго зборшчыкаў подпісаў, яго ініцыятыўнай групы не было відаць. Што гэта азначае? Гэта нейкая падтрымка ўладай фальшаваньняў».

Уладзімер Кацора

Уладзімер Кацора

Адзін са старэйшых гомельскіх палітыкаў Уладзімер Кацора лічыць, што ня трэба цяпер шукаць прычыны расколу апазыцыі ў нейкіх канкрэтных асобах, якія аказаліся на слыху:

«Немагчыма раскалоць тое, што даўно расколатае. Гэтыя эмоцыі на адрас Караткевіч — гэта воклічы ўсьлед. Адзінства не было ўжо ў 2010 годзе на прэзыдэнцкіх выбарах, адзінства не было на парлямэнцкіх выбарах. І цяпер яго няма. Прычыны трэба шукаць глыбей, а не ў цяперашніх пэрсаналіях, што, на жаль, робіцца. Кепска, што апазыцыя ня выйшла на гэтую палітычную кампанію адзінай, ня выйшла з узгодненай ацэнкай пэрсоны Лукашэнкі, рэжыму, які ён стварыў, ацэнкай санкцый Эўразьвязу адносна Беларусі. Гучаць ужо заклікі скасаваць гэтыя санкцыі. Іншыя палітыкі свой удзел у кампаніі абумоўліваюць задачай дэлегітымізацыі рэжыму Лукашэнкі, каб выбары не былі прызнаныя цывілізаваным сьветам».

Бяда ў тым, лічыць Кацора, што апазыцыя ня здольная згуртавацца з-за амбіцыяў палітыкаў. І пакуль аб’яднаньня ня будзе, ніякія сілы звонку не дапамогуць зьмяніць рэжым:

«Нам вырашаць, як тут далей жыць, якая будзе ўлада. Краіны Эўразьвязу нам, канечне, хаўрусьнікі, але яны ня будуць вырашаць, ці сыдзе Лукашэнка, ці прыйдзе нехта іншы. У гэтай палітычнай кампаніі, на жаль, у кожнага былі свае мэты. У Караткевіч зь Дзьмітрыевым ( ці безь яго) таксама свае мэты. Яны, хутчэй за ўсё, бліжэй да будучых парлямэнцкіх выбараў. Але што могуць вырашыць і тыя выбары? Зноў будуць кланяцца Лукашэнку, каб прапусьціў апазыцыянэраў у парлямэнт, як гэта было ў 2008 годзе, калі ў апазыцыі сёй-той радаваўся, што нібыта ў адміністрацыі прэзыдэнта складзеныя сьпісы, колькі апазыцыянэраў будуць прапушчаны ў парлямэнт — спачатку называлі дзесяць, а потым ужо й сорак.

Гэта ўсё ад слабацьці апазыцыі, якая не змагла аб’яднацца. І цяпер яна шукае прычыны, каб гэта патлумачыць хіба толькі самой сабе — злачынны рэжым, агенты спэцслужбаў вакол і ўсё такое. Але ніхто ад апазыцыі й не чакае гэтых тлумачэньняў», — падсумоўвае Ўладзімер Кацора.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG