Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Робэрт Качаран: «Ніколі не кажы ніколі»


Робэрт Качаран
Робэрт Качаран

Другі прэзыдэнт Армэніі Роберт Качаран не выключае свайго вяртаньня ў вялікую палітыку. «Ніколі не кажы ніколі», — заявіў ён у эксклюзіўным інтэрвію карэспандэнту Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Ганьне Соўсь у адказ на адпаведнае пытаньне, у той жа час, падкрэсьліўшы, што пакуль не прыняў рашэньня па гэтым пытаньні.

Робэрт Качаран пагутарыў з Ганнай Соўсь у межах ейнага цыклю відэаінтэрвію «Расея і я» з былымі кіраўнікамі постсавецкіх краінаў пра адносіны з Расеяй, у якім ужо паўдзельнічалі каля дзясятка экс-прэзыдэнтаў постсавецкіх краінаў.

«Гэта, мабыць, тэма, якая найбольш абмяркоўваецца, і можа быць самая закрытая тэма для мяне. У палітыцы кажуць: ніколі не кажы ніколі. Я сябе выдатна адчуваю ў тым статусе, які зараз маю, аднак я б ня змог адказаць, як усё будзе складвацца ў будучыні. Я не хачу ўносіць пэўнасьці ў гэтае пытаньне, у першую чаргу, з тае прычыне, што гэтай пэўнасьці няма. Асабістага жаданьня — зноў вяртацца, браць на сябе груз адказнасьці — няма, але абставіны — заўсёды ёсьць абставіны», — сказаў Качаран.

Гаворачы пра стаўленьне да акцыі пратэсту вакол кампаніі «Электрычныя сеткі Армэніі», якая належыць расейскай кампаніі «Інтэр РАТ», і заявы аб нацыяналізацыі гэтай кампаніі, Качаран заявіў, што пытаньне набыло вострае гучаньне з прычыны эканамічнай сытуацыі ў Армэніі. «Калі агульная сытуацыя на эканамічным полі ня вельмі добрая, то, натуральна, нават невялікае падвышэньне тарыфаў істотна ўплывае на бюджэт грамадзянаў, і людзі пачынаюць справядліва абурацца. Аднак прычыны могуць быць і ў дзеяньнях рэгулятара паслугаў, і ў неэфэктыўнасьці кампаніі, і ў тых зьменах, якія адбываюцца на рынку энэрганосьбітаў. Трэба тлумачыць усё людзям, а не перакладаць адказнасьць на іншых», — заявіў экс-прэзыдэнт Армэніі. Адмовіўшыся прагназаваць, чым могуць у рэшце рэшт завяршыцца акцыі пратэсту супраць падвышэньня тарыфу на электраэнэргію, ён у той жа час падкрэсьліў, што ў гады яго прэзыдэнцтва — 2002-2009 — кампанія «Электрычныя сеткі Армэніі» працавала з прыбыткам і са стабільнай тарыфнай палітыкай.

Качаран падкрэсьліў, што ў першыя гады прыватызацыі расейскія інвэстары зусім не былі зацікаўленыя ў армянскіх кампаніях. «Гэта потым у іх разыграўся апэтыт», — адзначыў Качаран, дадаўшы, што калі «Электрычныя сеткі Армэніі» была дзяржаўнай кампаніяй, гэта было самае слабое зьвяно энэргетычнай сыстэмы Армэніі. «Мы прыклалі вялікія намаганьні для таго, каб знайсьці партнэраў, якія прыватызуюць кампанію, затым дапамаглі ім ўсталяваць парадак, гэта значыць стварыць дзейсную кампанію, якая з 2002 па 2009 год працавала з прыбыткам і вяла стабільную тарыфную палітыку», — адзначыў ён.

Робэрт Качаран таксама назваў справядлівым гнеўны пратэст людзей у Гюмры пасьля забойства сям’і Авецісян. «Калі б своечасова былі зробленыя крокі, правільныя крокі, гэтыя пратэсты ня сталі б такімі працяглымі і масавымі, — заявіў ён. — Патрабаваньне людзей было справядлівым, злачынства ніяк не было зьвязанае з ваенным злачынствам, было ўчыненае за межамі ваеннай базы, на тэрыторыі Гюмры, і, натуральна, праваахоўныя органы Армэніі павінны былі ўзяць справу ў свае рукі. У гэтым выпадку, я ўпэўнены, хваля пратэсту была б значна больш слабай, менш эмацыйнай і без палітычны афарбоўкі».

Пад канец інтэрвію Ганна Соўсь перадала другому прэзыдэнту Армэніі пытаньне аднаго свайго знаёмага армяніна з ЗША: «Што трэба зрабіць для таго, каб армяне не жадалі пакідаць Армэнію, і ці можна спыніць эміграцыю?» У адказ Робэрт Качаран зноў прывёў афіцыйныя статыстычныя дадзеныя, адзначыўшы, што ў гады яго прэзыдэнцтва ў гэтым пляне была зафіксаваная станоўчая дынаміка. «У 2005-м, 2006-м, 2007-м гадах больш людзей прыяжджала ў Армэнію, чым зьяжджала зь яе. Для спыненьня эміграцыі трэба весьці разумную, рацыянальную эканамічную палітыку, скарачаць беднасьць, ствараць працоўныя месцы. Стандартны пакет рашэньняў, якіх ва ўмовах Армэніі вельмі часта неабходна дасягаць нестандартнымі мэтадамі», — сказаў былы прэзыдэнт.

У праграме Ганны Соусь «Расея і я» акрамя Робэрта Качарана ўжо ўзялі ўдзел былыя прэзыдэнты Малдовы Пётра Лучынскі і Уладзімер Варонін, былы прэзыдэнт Латвіі Гунтыс Улманис, былы кіраўнік Літвы Вітаўтас Ландсбергіс, былы прэзыдэнт Эстоніі Арнольд Руйтэль, былы прэзыдэнт Кіргізстану Аскар Акаеў, а таксама экс-прэзыдэнты Ўкраіны Леанід Краўчук і Віктар Юшчанка. Глядзіце ўсе інтэрвію на нашым сайце ў кастрычніку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG