Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Інфармацыя пра тое, што ўрад Расеі ўхваліў праект пагадненьня зь Беларусьсю аб разьмяшчэньні на беларускай тэрыторыі расейскай вайсковай авіяцыйнай базы ня выклікала ніякай рэакцыі ў афіцыйнага Менску. І дзяржаўныя мэдыі зрабілі выгляд, што не заўважылі такой, здавалася б, важнай падзеі. І гэта не выпадкова.

Размовы пра дысьлякацыю на тэрыторыі Беларусі расейскай вайсковай авіябазы ідуць яшчэ з 2013 году, калі ў Менск прыяжджаў міністар абароны РФ Сяргей Шайгу. Але, што адметна, інфармацыя пра перамовы паміж саюзьнікамі па гэтым пытаньні паступае толькі з Масквы. Беларускі бок у асноўным маўчыць. Узгадаем, як неахвотна Лукашэнка адказваў на пытаньне журналістаў пра вайсковыя самалёты РФ на беларускай тэрыторыі падчас нядаўняга інтэрвію незалежным мэдыям. Маўляў, няма ніякіх самалётаў.

Відавочна, што гэтая тэма для афіцыйнага Менску непрыемная — са шмат якіх прычын.

Найперш, у выпадку рэалізацыі гэтых плянаў пад пытаньнем апынецца вайсковы сувэрэнітэт Беларусі. Для аўтарытарнага ўладара, які імкнецца да неабмежаванай улады над гэтай тэрыторыяй, зьяўленьне ў краіне чужога войска, кіраванага з-за мяжы — вельмі непрыемная, непераносная сытуацыя.

Афіцыйны Менск, скарыстаўшыся ўкраінскім крызісам, пачаў нармалізацыю адносін з Захадам. Таму разьмяшчэньне тут расейскай авіябазы ў значнай ступені падрывае ўсю замежнапалітычную канструкцыю, якую беларускае кіраўніцтва будавала апошнія паўтара года. Падвіснуць усе запэўніваньні Лукашэнкі, што зь беларускай тэрыторыі ня будзе ваеннай пагрозы Ўкраіне.

Але найбольш непрыемна для афіцыйнага Менску тое, што гэтая інфармацыя зьявілася акурат у разгар выбарчай кампаніі. І такім чынам Расея падклала свайму вернаму саюзьніку, фігуральна кажучы, вялікую і тлустую сьвіньню. Сьвядомы ўкід гэтай інфармацыі праз расейскія мэдыі ў перадвыбарчы пэрыяд — гэта спосаб ціску на беларускага кіраўніка. Масква адмыслова падабрала момант, калі ён найбольш уразьлівы. Маецца на ўвазе ня толькі прэзыдэнцкая кампанія, але і крытычная сытуацыя ў эканоміцы, вострая патрэба Беларусі ў зьнешніх крэдытах.

Важна асабліва падкрэсьліць, што інфармацыя пра авіябазу — гэта ўдар пад дых Лукашэнку, бо разбурае ягоны перадвыбарчы вобраз, які ён старанна і скрупулёзна стварае. Справа ў тым, што ў сувязі з крызісам беларускі лідэр ня можа нічога прапанаваць народу ў сацыяльна-эканамічным пляне. Таму ён прэзэнтуе новы імідж. Маўляў, зарплата — не галоўнае. На фоне тых катаклізмаў, якія бушуюць у сьвеце, вайны ва Ўкраіне я вам гарантую мір, бясьпеку, нэўтралітэт, стабільнасьць, спакой, выжываньне, абароненасьць. Гэта галоўны мэсыдж, асноўная ідэя, праграма, зь якой ён ідзе на выбары. Дзяржаўныя мэдыі даводзяць насельніцтву, што дзякуючы дзяржаўнай мудрасьці Аляксандра Лукашэнкі Беларусь не ўцягнулася ў расейска-ўкраінскі канфлікт, у ваенна-палітычную канфрантацыю Расеі з Захадам. Наадварот, цяпер мы спрабуем нармалізаваць адносіны з ЗША і ЭЗ. Больш за тое, беларускі лідэр выступае ў ролі міратворцы, пасярэдніка, мадэратара па ўрэгуляваньні гэтага супрацьстаяньня, дзякуючы чаму Менск як цэнтар мірнага ўрэгуляваньня наведваюць сусьветныя лідэры.

І на гэтым фоне інфармацыя пра пляны разьмяшчэньня ў Беларусі цэлага авіяцыйнага палка Вайскова-паветраных сіл РФ, базаваньня, як кажуць экспэрты, баявых самалётаў Су-27СМ3, здольных несьці кіраваныя авіябомбы і крылатыя ракеты, ідзе ў яўны дысананс зь перадвыбарчым вобразам Лукашэнкі. Гэта разбурае ягоны імідж як гаранта міру і бясьпекі беларусаў. У выпадку рэалізацыі згаданага пагадненьня Беларусь самым непасрэдным чынам уцягваецца ў ваенна-палітычную канфрантацыю Расеі з Захадам, ператвараецца ў пярэдні край патэнцыйнага гарачага канфлікту, у імаверную мішэнь для адказу з боку НАТО. Якія ўжо тут міратворчасьць, спакой, стабільнасьць і нэўтралітэт? Хутчэй краіна становіцца падобнай да парахавой бочкі. Інфармацыя пра авіябазу для Аляксандра Лукашэнкі — гэта як маркоўны сок для Віктара Цярэшчанкі.

Таму афіцыйны Менск маўчыць. І наадварот, Тацяна Караткевіч тут жа адрэагавала на інфармацыю пра авіябазу, ацаніўшы яе нэгатыўна. І трапіла ў самы фокус.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG