Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскія ўлады адхрысьціліся ад «правакацыйнай публікацыі» на сайце школы нумар 22


Моўныя курсы для дзяцей "Мова нанова"

Моўныя курсы для дзяцей "Мова нанова"

У Гарадзенскім гарвыканкаме выказваюць зьдзіўленьне публікацыяй на сайце школы № 22 дакумэнту пра моладзевую палітыку ў горадзе.

Цяпер сайт недаступны для карыстальнікаў. Можна знайсьці толькі зьвесткі пра тое, што яго адміністратар — Надзея Кебіч, а фінансуецца сайт зь мясцовага бюджэту.

У публікацыі пад рубрыкай «Нэгатыўныя зьявы ў моладзевым асяродзьдзі» невядомы аўтар называе «неканструктыўныя» арганізацыі зь ліку няўрадавых аб’яднаньняў. У іх шэрагу — «Школа маладога журналіста», якая існуе ў горадзе больш за дзесяць год і афіцыйна зарэгістраваная.

Чыноўнік з гарвыканкаму, які пагадзіўся пракамэнтаваць Свабодзе публікацыю на школьным сайце, сказаў, што ён зьдзіўлены фармулёўкаю «нэгатыўныя зьявы». Ён зазначыў, што ў школе маладога журналіста моладзь вучыцца пісаць, яе выпускнікі робяць свой сайт «Твой Стыль», бываюць на прэс-канфэрэнцыях, асьвятляюць жыцьцё ў горадзе.

У дакумэнце на сайце школы № 22 далей сьцьвярджалася:

«У апошні час атрымаў актыўнае разьвіцьцё новы напрамак сярод неканструктыўных арганізацыяў — папулярызацыя беларускай мовы, традыцыяў і абрадаў, прэзэнтацыі кніг. Такім чынам дадзеныя арганізатары спрабуюць падмяніць «сокровенные для белорусов ценности» (працытуем у арыгінале) і падаць грамадзтву ўсю беларускую культуру "только с узкого националистического угла зрения«.Такім яркім прыкладам зьяўляецца дзейнасьць курсаў «Мова на Нова» (так напісана. — РС), раздача «вышыванак» і г.д.».

Чыноўнік зазначыў наконт гэтага, што на дадзены момант гарадзкая ўлада мае «жывы канструктыўны дыялёг» з кампаніяй «Будзьма беларусамі» і з «Мовай Нанова». Гэтыя арганізацыі дасылаюць заўсёды афіцыйныя лісты з паведамленьнямі пра свае мерапрыемствы. Ніхто ў гарвыканкаме ня супраць: існуе тэндэнцыя, жаданьне займацца на моўных курсах, тым больш іх наведваюць людзі рознага ўзросту.

Што датычыць выяўленьня «нэгатыўных зьяваў» у моладзевым асяродзьдзі, то гэта ня функцыя выканаўчай улады, зазначыў чыноўнік. І такой інфармацыі, якая была зьмешчаная на сайце № 22, выканкам «не рыхтуе і не распаўсюджвае». Што тычыцца школы, то паходжаньне дакумэнту і тое, чаму і як ён трапіў на сайт, будуць высьвятляць. Бо гэта «правакацыйная» публікацыя, зусім не патрэбная ў час выбарчай кампаніі.

Крыніца ў Гарадзенскім гарвыканкаме пажадала застацца неназванай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG