Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК: Раманоўская падала дакумэнты для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты


Жана Раманоўская падчас збору подпісаў

Жана Раманоўская падчас збору подпісаў

Шосты прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта падаў дакумэнты для рэгістрацыі — гэта былая настаўніца зь Берасьця Жанна Раманоўская, якая сабрала ўсяго 780 подпісаў.

Праўда, інфармацыя на афіцыйным сайце ЦКК пра падачу дакумэнтаў спадарыняй Раманоўскай зьявілася толькі 7 верасьня, хоць датаваная яна 4 верасьня. У ЦВК Радыё Свабода далі такія тлумачэньні:

«Жанна Раманоўская прынесла дакумэнты для рэгістрацыі яшчэ 4 верасьня. Ёй патлумачылі, што ў яе абсалютна беспэрспэктыўная сытуацыя, няма ніякіх шанцаў, і яна ня мае права падаваць дакумэнты. Але дакумэнты спадарыня Раманоўская ўсё ж пакінула. Тады на сайце ЦВК не разьмясьцілі інфармацыю пра падачу дакумэнтаў Раманоўскай. А ў панядзелак старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына сказала, што паколькі мы прынялі гэтую заяву і яна будзе разгледжана на паседжаньні Цэнтравыбаркаму 10 верасьня, то інфармацыю трэба разьмясьціць на сайце. Таму атрымалася такое непаразуменьне, і паведамленьне зьявілася са спазьненьнем. Але заяву мы абавязаныя былі прыняць. Спадзяёмся, яна прыйдзе на паседжаньне ЦВК на разгляд свайго пытаньня».

Атрымаць камэнтар самой Жанны Раманоўскай не ўдалося: яе мабільны тэлефон адключаны.

Такім чынам, на сёньняшні дзень ЦВК прыняў дакумэнты для рэгістрацыі ад шасьці кандыдатаў: дзейнага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, лідэра ЛДПБ Сяргея Гайдукевіча, казацкага атамана Мікалая Ўлаховіча, актывісткі «Гавары праўду» Тацяны Караткевіч, бізнэсоўца Віктара Цярэшчанкі і былой настаўніцы Жанны Раманоўскай.

Паводле заканадаўства кандыдатаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду павінны зарэгістраваць не пазьней як 10 верасьня.

XS
SM
MD
LG