Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алігархічны рэжым ў Малдове пераступіў чырвоную лінію — экспэрт з Кішынёва


Мітынг у Кішынёве 6 верасьня 2015 году

Мітынг у Кішынёве 6 верасьня 2015 году

Малдаўскі палітоляг Анатол Цэрану ў інтэрвію Радыё Свабода заявіў, што ў Малдове ёсьць дастаткова ўмоў для таго, каб цяперашнія пратэсты, якія насьпявалі ўжо даўно, атрымалі працяг.

«Тое, што адбылося ўчора ў Кішынёве — гэта не адзінкавы выпадак, гэта працэс. І гэты працэс будзе разьвівацца. Патрабаваньні, вылучаныя пратэстоўцамі, ставяць урад практычна ў бязвыхаднае становішча, таму што вылучаны патрабаваньні адстаўкі ўраду і прэзыдэнта, правядзеньня датэрміновых выбараў, зьмяненьня заканадаўства, хоць пратэстоўцы пакуль ня вылучылі канкрэтнай праграмы гэтых зьмен. Таму лічу, што ў Рэспубліцы Малдова сытуацыя ў найбліжэйшай будучыні будзе нагнятацца і крызіс будзе пагаршацца. Хоць я думаю, што ўрад Стральца будзе шукаць магчымасьці для таго, каб пачаць дыялёг з пратэстоўцамі з мэтай зьніжэньня напружаньня», — сказаў экспэрт.

Цэрану адзначае, што «Годнасьць і праўда», якая выступае арганізатарам пратэстаў, стваралася як грамадзянская ініцыятыва, хоць сёньня яна ўсё больш набывае палітычныя рысы:

«У Рэспубліцы Малдова існуюць розныя меркаваньні пра тое, хто стаіць за сьпінай гэтай грамадзянскай ініцыятывы. Але, цалкам відавочна, яе паспрабуюць выкарыстаць у сваіх інтарэсах пэўныя палітычныя сілы, а можа нават некаторыя алігархічныя групоўкі, якія знаходзяцца ў канкурэнцыі з тымі, хто сёньня ва ўладзе. Аднак гэта будзе залежаць ад таго, у якой ступені малдаўскае грамадзтва здолее самаарганізавацца, каб не дапусьціць алігархічнага ўплыву. Бо трэба прызнаць, што масавасьць учорашняга мітынгу — ня толькі вынік дзейнасьці кіраўнікоў гэтай плятформы, а перш за ўсё вынік таго, што ў малдаўскім грамадзтве набраўся вялікі пратэстны патэнцыял. Гэта зьвязана з тым, што ў Малдове ўсталяваўся алігархічны рэжым, і гэты алігархічны рэжым ужо пераступіў пэўную чырвоную лінію, за якой пачынаецца народнае абурэньне», — кажа палітоляг.

У нядзелю ў Кішынёве пратэстоўцы выйшлі да ўрадавых будынкаў з патрабаваньнем роспуску парлямэнту, адстаўкі прэзыдэнта і правядзеньня датэрміновых парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў, прычым апошнія павінны быць усенароднымі (цяпер прэзыдэнта Малдовы абірае парлямэнт). Таксама сярод іхніх патрабаваньняў — адстаўка кіраўнікоў цэлага шэрагу дзяржаўных органаў краіны: Генэральнай пракуратуры, Нацыянальнага банку, Антыкарупцыйнай камісіі, Вышэйшай судовай палаты, Апэляцыйнай палаты, Мытнай службы, Рады абароны канкурэнцыі. На думку актывістаў, кіраўнікамі гэтых органаў павінны стаць прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці.

«Супраць карупцыі і крадзяжу» — пад такімі лёзунгамі ў цэнтры Кішынёва дзясяткі тысяч маніфэстантаў правялі працяглую акцыю пратэсту. Да вечара маніфэстанты ўсталявалі некалькі дзесяткаў намётаў і заявілі, што ня сыдуць, пакуль улады не пачнуць выконваць іхнія патрабаваньні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG