Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Майдан у Кішынёве. Маніфэстанты ўсталявалі дзясяткі намётаў


Тысячы ўдзельнікаў акцыі пратэсту патрабуюць адстаўкі прэзыдэнта Малдовы і датэрміновых выбараў.

Ноч у намётавым лягеры ў цэнтры Кішынёва прайшла спакойна, як паведамляюць СМІ.

Сытуацыя мінулай ноччу ў намётавым лягеры, які разгарнулі пратэстоўцы напярэдадні ў цэнтры Кішынёва, была спакойнай. Цягам ночы людзі прыносілі актывістам гарачую ежу і ваду.

Паведамляецца, што ля будынку ўраду разгарнулі каля 60 намётаў, у якіх на ноч заставалася каля паўтары сотні чалавек.

Актывісты не перашкаджаюць руху транспарту ў цэнтральнай частцы малдаўскай сталіцы, вуліцы ўзмоцнена патрулююць праваахоўнікі.

Пратэстоўцы ў Малдове выйшлі ў нядзелю да ўрадавых будынкаў з патрабаваньнем роспуску парлямэнту, адстаўкі прэзыдэнта і правядзеньня датэрміновых парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў, прычым апошнія павінны быць ўсенароднымі (цяпер прэзыдэнта Малдовы абірае парлямэнт). Таксама сярод іх патрабаваньняў — адстаўка кіраўнікоў цэлага шэрагу дзяржаўных органаў краіны: Генэральнай пракуратуры, Нацыянальнага банку, Антыкарупцыйнай камісіі, Вышэйшай судовай палаты, Апэляцыйнай палаты, Мытнай службы, Рады абароны канкурэнцыі. На думку актывістаў, кіраўнікамі гэтых органаў павінны стаць прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці.

«Супраць карупцыі і крадзяжу», — пад такімі лёзунгамі ў цэнтры Кішынёва дзясяткі тысяч маніфэстантаў правялі працяглую акцыю пратэсту. Да вечара, як паведамляе Малдаўская служба Радыё Свабодная Эўропа, маніфэстанты ўсталявалі каля 30 намётаў і заявілі, што ня сыдуць, пакуль улады не пачнуць выконваць іх патрабаваньні.

Мітынг арганізаваны Грамадзянскай плятформай «Годнасьць і праўда».

Паводле ацэнак паліцыі, на плошчы Вялікага нацыянальнага сходу знаходзіліся каля 60 тысяч кішынёўцаў. У прынятай імі рэзалюцыі мітынгу ўтрымліваецца патрабаваньне датэрміновых выбараў, адстаўкі прэзыдэнта Мікалае Цімафці і ўсіх кіраўнікоў органаў правапарадку і юстыцыі.

Прэм’ер-міністар Валерыу Стралец запрасіў кіраўнікоў маніфэстацыі на перамовы ў будынак міністэрства сельскай гаспадаркі. Аднак дэманстранты адмовіліся прыняць прапанову прэм’ера і настойвалі на перамовах у рэзыдэнцыі ўраду рэспублікі.

Стралец сабраў прэс-канфэрэнцыю, на якой выказаў шкадаваньне ў сувязі з патрабаваньнямі пратэстоўцаў. Прэм’ер-міністар заявіў, што патрабаваньні будуць разгледжаныя цягам тыдня і на іх будуць дадзеныя адказы. Пры гэтым Стралец назваў «неканстытуцыйнымі» некаторыя з вылучаных патрабаваньняў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG