Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына лічыць гісторыю з атручваньнем Цярэшчанкі рэклямным трукам


Лідзія Ярмошына

Лідзія Ярмошына

Рэклямным трукам назвала ў інтэрвію тэлеканалу «Беларусь-1» кіраўніца ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына гісторыю з атручваньнем у менскай кавярні прэтэндэнта ў прэзыдэнты эканаміста Віктара Цярэшчанкі.

Віктар Цярэшчанка падаў у ЦВК дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатам у прэзыдэнты нягледзячы на тое, што большасьць подпісаў, сабраных у падтрымку яго вылучэньня, тэрытарыяльнымі выбарчымі камісіямі былі прызнаныя несапраўднымі. Ініцыятыўная група Цярэшчанкі здала каля 130 тысяч подпісаў, праўдзівымі былі прызнаныя менш за сем тысяч.

Сам прэтэндэнт у дні праверкі подпісаў знаходзіўся ў аддзяленьні пульманалёгіі 3-й гарадзкой клінічнай бальніцы Менску. Палітык сьцьвярджае, што яго атруцілі 28 жніўня ў менскай кавярні, дзе ён піў маркоўны сок. Патэнцыйны кандыдат у інтэрвію БелаПАН заявіў, што атруціць яго магла нейкая «трэцяя сіла».

Віктар Цярэшчанка пасьля атручваньня, у шпіталі

Віктар Цярэшчанка пасьля атручваньня, у шпіталі

«Яна можа быць унутраная, а можа быць — і зьнешняя», — заявіў палітык. Ён таксама ня выключыў, што ў выпадку дрэннага стану здароўя здымецца з перадвыбарчай гонкі.

Старшыня беларускага ЦВК у інтэрвію БТ заявіла, што ня верыць у тэорыі змовы. Пры гэтым яна адзначыла, што Цярэшчанка нельга назваць апазыцыйным і небясьпечным для дзейных уладаў.

Што тычыцца заявы Цярэшчанкі аб «зьнешняй сіле», то, па словах Ярмошынай, «гэта глупства».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG