Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Жыровічах прайшло Ночнае чуваньне памяці Серафіма Жыровіцкага — рэпрэсаванага сьвятара, які адкрываў цэрквы падчас вайны


Ва Ўсьпенскім саборы праваслаўнага мужчынскага Жыровіцкага кляштару ў ноч на 6 верасня адбылося Ночнае чуваньне з нагоды для малітоўнага памінаньня Серафіма, архімандрыта Жыровіцкага, паведамляе eparhia.by.

Серафім, у сьвеце Раман Шахмуць, нарадзіўся ў 1901 годзе ў вёсцы пад Ляхавічамі, у 1922 пакінуў дом і выправіўся ў Жыровіцкі кляштар. У 1926 годзе ён быў пасьвечаны ў гераманаха, а ў 1938 годзе а. Серафім удзельнічаў у вялікіх хросных хадах з Жыровіцкім цудатворным абразом, зьбіраючы сродкі на рамонт кляштара.

У жніўні 1941 году архімандрыту Серафіму і іерэю Рыгору Кударэнку была давераная місія па адраджэньні прыхадзкага жыцьця на акупаванай немцамі тэрыторыі Беларусі. Сьвятары адкрылі 74 царквы, а ў 1944 годзе абодвух арыштавалі савецкія ўлады.

Вялікдзень 1946 года а.Серафім сустрэў у сталінскім лягеры, дзе быў адпраўлены ў карцэр, напалову заліты вадой, за тое, што вітаў вязьняў словамі «Хрыстос Уваскрос!».

Паводле афіцыйнай вэрсіі а.Серафім памёр ад хваробы сэрца. Паводле ж неафіцыйнай — яго за ногі прывязалі да дзьвух машынаў, якія разьехаліся. Дзень памяці пакутніка Серафіма Жыровіцкага адзначаецца 24 жніўня (6 верасьня — па новым стылі), у дзень арышту, які стаўся пачаткам ягонага пакутніцкага чыну.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG