Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сноўдэн крытыкуе Расею за кантроль над інтэрнэтам і стаўленьне да геяў


Эдвард Сноўдэн

Эдвард Сноўдэн

Амэрыканскі інфарматар Эдвард Сноўдэн, які атрымаў нарвэскую прэмію імя пісьменьніка і гуманіста Бьёрнстьернэ Бьёрнсана, на цырымоніі ўзнагароджаньня раскрытыкаваў спробы расейскіх уладаў кантраляваць інтэрнэт і сказаў, што апынуўся ў Расеі не зусім па сваёй волі.

Былы супрацоўнік Агенцтва нацыянальнай бясьпекі ЗША, вядомы буйнамаштабнымі працёкамі сакрэтнай інфармацыі аб амэрыканскіх праграмах электроннага сачэньня, з 2013 году знаходзіцца ў Расеі, дзе яму быў дадзены часовы прытулак.

У цырымоніі ўзнагароджаньня Сноўдэн, якога ў ЗША абвінавачваюць у шпіянажы і здрадзе, удзельнічаў па відэасувязі.

Міністэрства юстыцыі і грамадзкай бясьпекі Нарвэгіі адмовілася даць яму гарантыі абароны ад экстрадыцыі ў ЗША, калі ён апынецца на тэрыторыі краіны.

Адказваючы на пытаньне вядучага цырымоніі, як такому змагару за свабоду інфармацыі як Сноўдэну жывецца ў Расеі, на адрас уладаў якой гучаць абвінавачаньні ў здушэньні свабоды слова, Сноўдэн адказаў, што пазыцыя расейскага кіраўніцтва расчароўвае яго.

«Я і раней быў настроены крытычна, і працягну і ў будучыні крытыкаваць такую пазыцыю. Гэта імкненьне расейскіх уладаў кантраляваць усё больш і больш інтэрнэт, кантраляваць тое, што людзі глядзяць, за людзей вырашаць, як ім выказваць свае пачуцьці, каханьне аднаго да аднаго — няслушна ў корані», — сказаў Сноўдэн, маючы на ўвазе ў тым ліку расейскія законы аб так званай прапагандзе гомасэксуалізму.

«Гэта няправільна ў Расеі і гэта было б няправільна ў любой іншай краіне», — удакладніў Сноўдэн.

Экс-супрацоўнік амэрыканскіх спэцслужбаў на ўдакладняючае пытаньне вядучага, што менавіта ён зрабіў для паляпшэньня сытуацыі, выказаў шкадаваньне, што сам ён нічога ня можа з гэтым зрабіць, бо ня ведае расейскую мову.

Галоўная яго мэта, па словах Сноўдэна, — у першую чаргу разабрацца з праблемамі ў яго ўласнай краіне.

Паводле Эдварда Сноўдэна, ён не зьбіраўся асесьці ў Расеі і апынуўся там чыста выпадкова.

Расея для Сноўдэна была краінай-транзытам па шляху ў Лацінскую Амэрыку, але амэрыканскія ўлады анулявалі яго пашпарт, і ён вымушаны быў перагледзець пляны.

«Я прасіў прытулак у 21 краіне. Усе яны адказалі маўчаньнем. Расея наогул у сьпісе значылася адной з апошніх краін».

Паводле Сноўдэна, адправіцца ў Расею параіў яму заснавальнік Wikileaks Джуліян Асанж, які сам быў вымушаны прасіць прытулак у пасольстве Эквадору ў Брытаніі, каб пазьбегнуць экстрадыцыі ў Швэцыю з-за абвінавачаньняў у сэксуальных дамаганьнях.

На ўдакладняльнае пытаньне, ці была парада Асанжа добрай, Сноўдэн сказаў, што хутчэй за ўсё — не.

«Думаю, ён хацеў як лепей. Ён думаў, у першую чаргу, аб маёй бясьпецы. Ён быў у нейкай ступені выдаўцом, у якога была крыніца інфармацыі. І ён хацеў абараніць гэтую крыніцу», — растлумачыў ён.

XS
SM
MD
LG