Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі турэмны музэй – толькі для саміх турэмнікаў?


Музэй турмы ў Горадні. Фота Твой Стыль

Музэй турмы ў Горадні. Фота Твой Стыль

Пры канцы жніўня ў Горадні, на тэрыторыі самай старой беларускай вязьніцы, адкрыўся першы ў краіне музэй турмы. Як высьветлілася, установа даступная не для ўсіх.

Каб зразумець незваротнасьць пакараньня

Турэмныя музэі дзейнічаюць сёньня ў многіх эўрапейскіх краінах.

Inveraray Jail

Inveraray Jail

Апошнім часам сярод падобных установаў вылучаюцца музэі, якія прапануюць сваім наведнікам ня толькі пабачыць нейкія старыя дакумэнты ды рэчы, але і акунуцца ў турэмную атмасфэру мінуўшчыны, стаўшы ўдзельнікам розных тэатралізаваных відовішчаў ды гульняў. Так у музэйным комплексе ў былой шатляндзкай вязьніцы "Інвэрэры" наведнікі спачатку могуць трапіць на слуханьне справы ў залі суду, дзе акторы ў мантыях зачытваюць прысуды, а абвінавачваныя выступаюць з апошнім словам, потым у суправаджэньні актораў-"турэмнікаў" прайсьці ў камэру, пашпацыраваць разам з акторамі-арыштантамі па турэмным дворыку, пакаштаваць ежу зьняволеных, пабачыць, а і пры жаданьні і на сабе адчуць, як каралі розгамі.

Такія музэі-турмы, піша амэрыканскі часопіс Forbes, карыстаюцца неверагоднай папулярнасьцю. Так на паром у знакаміты амэрыканскі турэмны музэй «Алькатрас» каля Сан-Францыска, да прыкладу, квіткі трэба замаўляць ледзь не за тыдзень (і гэта пры тым, што паром ходзіць 15 разоў на дзень). У Стамбуле, Амстэрдаме, Оксфардзе і Бостане на месцы былых турмаў ужо некалькі гадоў як адкрылі музэйна-гатэльныя комплексы, дзе адбою няма ад гасьцей; на бестурботным гавайскім востраве Маўі турысты часта хочуць убачыць турму «Хэйл Паахао» зь яе змрочнымі камэрамі, а ў турэмным музэі гарадка Джым Торп у амэрыканскім штаце Пэнсыльванія выстройваюцца чэргі, каб паглядзець на шыбеніцу, якая вытрымлівае адразу чатырох шыбенікаў.

Амэрыканскае выданьне называе яшчэ некалькі такіх музэйных комплексаў, якія варта наведаць, каб пераканацца, што воля – гэта найвышэйшая каштоўнасьць у жыцьці. Гаворка ідзе пра знакамітую з часоў вайны ў Віетнаме турму «Ханой Хілтан», а таксама – пра былую вязьніцу «Робэн Айлэнд» (Кейптаўн, ПАР), астравы Выратаваньня (Француская Гвіяна), «Порт-Артур» (Тасманія, Аўстралія), «Лангхольмэн» (Стакгольм, Швэцыя), Спаса-Яўфім’еў манастыр (Суздаль, Расея, Таркоўскі здымаў там «Андрэя Рублёва»). Як піша часопіс, акрамя навукова-асьветніцкай ролі, гэтыя ўстановы пакліканыя выконваць і ролю выхаваўчую. Сюды прыходзіць шмат юных экскурсантаў, для якіх знаёмства з экспазыцыяй – тлумачэньне такіх зьяваў, як закон і незваротнасьць пакараньня.

Але вернемся да музэю ў Горадні. Яго адкрыцьцё прымеркавалі да 95-годзьдзя з Дня ўтварэньня крымінальна-выканаўчай сыстэмы Беларусі. Паводле кіраўніцтва Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, стварэньне музэю – асабістая ініцыятыва міністра ўнутраных спраў, а самую першую (і пакуль адзіную) экскурсію правёў начальнік гарадзенскай турмы № 1 Уладзімір Шаблінскі. Цяпер трапіць у музэй з вуліцы немагчыма. Пра тое, што прадстаўлена ў экспазыцыі, звычайным гарадзенцам пакуль можна даведацца хіба што з паведамленьняў у СМІ за 20 жніўня (дзень афіцыйнага адкрыцьця музэю).

Горадня: ані шыльды, ані раскладу, а на браме няма нават ручкі

Новы музэй месьціцца ў старой забудове на рагу вуліц Урыцкага і Кірава – насупраць самой турмы, цераз вузкую вуліцу, рух на якой аднабаковы. Ніякай шыльды, тым больш раскладу – няма. Брама звонку глухая, няма нават ручкі.

Будынак музэя турмы

Будынак музэя турмы

Музэйная брама

Музэйная брама

Гісторыя турмы і будынкаў, у якіх яна разьмясьцілася, перапоўнена цікавымі фактамі. У 1820 цар Аляксандар 1 загадаў стварыць астрог у скасаваным езуіцкім калегіюме, вельмі прэстыжнай у ранейшыя часы навучальнай установе. Калегіюм займаў цэлы квартал побач з былым езуіцкім, сёньня катэдральным касьцёлам, што адразу за турэмнай сьцяной.

Магчымасьць стварыць музэй зьявілася толькі пасьля таго, як былы турэмны бібліятэкар Вячаслаў Лісіцын грунтоўна вывучыў мінулае турмы і апублікаваў кнігу. На яе падставе была створаная экспазыцыя. Над афармленьнем працаваў мастак Уладзімір Качан.

У музэі ёсьць зьвесткі пра гарадзенскія турмы ў часы Вялікага княства Літоўскага. Для шляхты была турма ва ўязной вежы Старога замку, для астатніх – у ратушы. За кратамі тады трымалі падчас сьледзтва. Пакараньне зьняволеньнем, як правіла, не ўжывалася, каралі паводле судовых выракаў інакш – давалі штраф, катавалі або пазбаўлялі жыцьця. У музэі ёсьць абцугі для катаваньня (так званы «кракадзіл») і клеймы, якімі клеймавалі злачынцаў.

Езуіцкі квартал, дзе цяпер турма, пачалі будаваць у другой палове ХVІІ стагодзьдзя. Як выглядаў зь сярэдзіны турэмны падворак у ХІХ стагодзьдзі, мы ведаем дзякуючы вядомаму мастаку Напалеону Орду, якога пасадзілі сюды пасьля паўстаньня 1830–31 гадоў. У музэі паказана, як жылі вязьні за царскім часам і як іх каралі. Узноўлена частка камэры, тут жа і манэкен асуджанага. Выкарыстаная плітка, якой камэры былі выкладзеныя ў канцы ХІХ стагодзьдзя. У час паўстаньня 1863–64 гадоў за кратамі трымалі паўтысячы чалавек.

У музэі маецца паведамленьне з «Нашай Нівы» за 1906 год пра ўцёкі з гарадзенскай турмы васямнаццаці чалавек. Ёсьць вітрына з вырабамі вязьняў, якія ў іх адабралі: самаробная зброя, прылады для «наколак», карты. Узноўлены кабінэт начальніка турмы царскіх часоў (з постацьцю самога чыноўніка).

Экспазыцыя знаёміць з прозьвішчамі вядомых людзей, якія сядзелі ў гарадзенскай турме. Паўстанец Міхал Валовіч, фізык Зыгмунт Урублеўскі (удзельнічаў у паўстаньні 1863 году), беларускія дзеячы Паўліна Мядзёлка, Тамаш Грыб, Браніслаў Тарашкевіч, Валянцін Таўлай, Піліп Пястрак, Сяргей Прытыцкі. Перад самай вайной сядзеў тут польскі эмігранцкі літаратар Густаў Герлінг-Грудзіньскі, і ў той жа час (1940) – Вольф Мэсінг, ілюзіяніст. А Фэлікс Дзяржынскі трапляў у гарадзенскую турму, якая выконвала функцыі перасыльнай, ажно тры разы.

У часы Польшчы турма стала катаржнай, у ёй была тысяча зьняволеных, прыблізна траціна зь іх – палітычныя. На пачатку 1920-х гэта звычайна былі ўдзельнікі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, пазьней – сябры КПЗБ. У экспазыцыі ёсьць плян турмы 1920-х гадоў.

Гарадзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч распавядае, што Піліп Пястрак быў заўзятым аматарам ня толькі беларускай мовы, але і мовы эспэранта. Да вайны быў даведнік «Эспэрантысты Польшчы», кажа ён: «І там быў пазначаны ягоны адрас. Адрас гучаў так: Піліп Пястрак, Гарадзенская турма». А паэт Юрка Голуб любіць распавядаць, што пасьля 17 верасьня 1939 году, калі палітвязьняў павыпускалі, Пястрак па-ранейшаму хадзіў спаць у турму ў сваю камэру, бо ня меў дзе жыць.

Па сьведчаньні былога палітвязьня, журналіста Андрэя Пачобута, якога двойчы трымалі за сьценамі гарадзенскай турмы па абвінавачаньні ў паклёпе на прэзыдэнта, пасьля вайны тут сядзела нямала ўдзельнікаў польскай Арміі Краёвай. Сам журналіст не падтрымлівае ідэю стварэньня такога музэю пры цяперашняй уладзе, хоць сам па сабе праект называе важным ды цікавым.

Як вынікае з музэйных матэрыялаў, у гарадзенскую турму траплялі нямецкія бомбы, спачатку 1 верасьня 1939 году, затым – 22 чэрвеня 1941-га. Былі разбурэньні. У 1970-я ўнутры турмы адбылася перабудова, разбурылі праваслаўную капліцу царскіх часоў, у якой быў гараж.

У экспазыцыі выкарыстаныя некалькі манэкенаў, ёсьць прадметы турэмнага побыту, катаваньняў – сапраўдныя і муляжы. У цэлым музэй зроблены па-сучаснаму. Аформлены ён на расейскай мове, па-беларуску – толькі шыльда каля дзьвярэй.

Паколькі музэй ведамасны, то, хоць ён і ў самым турыстычным месцы, турысты туды наўрад ці дойдуць (хіба што з загадзя замоўленай экскурсіяй). І ўсё ж можна было б неяк пазначыць музэй – напрыклад, зьмясьціць на вуліцы шыльду з імёнамі вядомых людзей, якія былі вязьнямі турмы, як гэта робіцца ў музэі КДБ у Вільні, а таксама ў іншых падобных музэйных установах

Фота Твой стыль

Фота Твой стыль

"Ад нашых музэяў патыхае нафталінам"

Былы палітвязень, фігурант «Плошчы» Зьміцер Дрозд – гісторык, мае спэцыялізацыю “Архіўная ды музэйная справа”. Лічыць, што музэй турмы ў Беларусі патрэбны, і нават не адзін. Як ставіцца да такой формы як "ведамасны музэй"?

Зьміцер Дрозд

Зьміцер Дрозд

“Лічу, што любому грамадзтву патрэбныя і нацыянальныя музэі, якія могуць існаваць толькі пры падтрымцы дзяржавы, бо гэта і сховішча, і навуковая дзейнасьць, якую вядуць музэйныя супрацоўнікі. Таксама патрэбныя камэрцыйныя музэі, яны найбольш крэатыўныя і да таго ж самаакупныя. Гэта ўсё для шырокага кола. Але ведамасныя музэі таксама маюць права на існаваньне.

Калі яны належаць сілавым структурам, як у выпадку з турэмным музэем у Горадні, то яны галоўным чынам выконваюць адукацыйную ролю для тых жа курсантаў школы МУС ці афіцэрскага складу КДБ. Але ж мы ня ведаем усіх мэтаў, навошта водзяць у такі музэй маладзенькіх міліцыянтаў. Можа, вучаць, як трэба адсочваць тых жа ашуканцаў-апазыцыянэраў, як раскалоць іх на допытах і г.д.

Такія музэі адпачатку разьлічаныя на вузкае кола людзей і, зразумела, існуюць дзякуючы дзяржпадтрымцы і ніяк не разьвіваюцца. Праз гэта і стаўленьне ў нас да музэяў адпаведнае: так, гэта пазнавальна, але не цікава.

Галоўная праблема нашых музэяў у тым, што іх робяць прадстаўнікі старой школы ды загартоўкі, якія спрабуюць абыйсьці вострыя моманты гісторыі. У выніку ўсё выглядае нейкім штучным…

На падставе толькі таго, што чытаў пра турэмны музэй у СМІ, магу меркаваць, што па-за ўвагай застаўся блатны сьвет, іхнія звычкі, татуіроўкі – а гэта прыклад, на якім можна паказаць маладым пакаленьням, чым гэта можа скончыцца…Узгадваю аднаго хлопца, зь якім мы сядзелі ў СІЗА. Ён расказваў, што яго з клясай вадзілі на экскурсію (быў такі час). І ў чым місія такой выхаваўчай працы ў выніку?

Ад усіх такіх музэяў крыху патыхае нафталінам. Выбачаюся за параўнаньне”.

Зьміцер Дрозд кажа, што яму самому даводзілася бываць і ў камэрцыйных турэмных музэях. Гэта вельмі пасьпяховыя самаакупныя праекты. Напрыклад, музэй катаваньняў вязьняў у часы сярэднявечча ў чэскім горадзе Локет.

"У бліжэйшай пэрспэктыве "Валадарка" эўрапейскім музэем, на жаль, ня стане"

Як колішні сядзелец "Валадаркі" і адмысловец, які апошнім часам шчыльна займаецца гісторыяй "Валадаркі", Зьміцер Дрозд мае не адзін аргумэнт на карысьць таго, што гэта ўстанова магла б пры зацікаўленасьці наверсе стаць даволі пасьпяховым ды самаакупным праектам эўрапейскага ўзроўню. У любым выпадку тут як і ў падобных замежных музэях не было б праблемаў з наведнікамі.

Дрозд: “Валадарка” ў гэтых мэтах падышла б ідэальна. Месца ў цэнтры гораду. Унікальная пабудова, амаль 200 гадоў. Толькі сышлі французы ў 1812-м – у 1821-м пабудавалі “Валадарку”. З таго часу шмат што ў гісторыі Менску зьвязана з гэтай турмой. Можна зрабіць залі на кожны пэрыяд. Пачынаючы з напалеонаўскага пэрыяду і заканчваючы сьнежаньскімі падзеямі 2010. тут могуць быць залі, прысьвечаныя паўстаньню Касьцюшкі, паўстаньню Каліноўскага, турэмным расстрэлам. Мы ж насамрэч нават і ня ведаем, колькі іх было…"

"Але, – дадае Зьміцер Дрозд, – як бы мы ні жадалі, гісторыя, музэйная справа заўсёды ў нас ідзе на повадзе ў прапаганды. Самаакупным турэмны музэй "Валадарка" мог бы стаць, калі б нехта наверсе быў зацікаўлены ў гэтым бізнэсе. Тады б знайшоўся добры мэнэджэр, пажадана замежнік, каб без ідэалягічных акуляраў. Тады б мы атрымалі музэй эўрапейскага ўзроўню. Але рэальна – усё гэта справа аддаленай будучыні. Калі ўзяць тэхнічны момант, то ў лепшым выпадку гады толькі праз два высяляць зь СІЗА ўсіх зэкаў, толькі потым будзе прынятае нейкае рашэньне. Так што ў бліжэйшыя дзесяць гадоў наўрад ці трэба нечага чакаць".

Пра сталінскія рэпрэсіі можна даведацца ў … віленскім музэі

Пасьля развалу СССР у шмат якіх краінах Усходняй Эўропы былі створаныя музэі ахвяраў таталітарызму. У некаторых постсавецкіх рэспубліках – музэі КДБ. Гэта ўжо крыху іншы напрамак, чым проста музэй турмы. Беларусь, якая страціла сотні тысяч людзей падчас сталінскіх рэпрэсіяў, такога музэю дагэтуль ня мае.

Паводле Зьмітра Дразда, "такім музэем рэпрэсіяў у Беларусі маглі б стаць Курапаты. Але, праўдападобна, не пры гэтай уладзе":

"Лукашэнка ўсё абяцаў, што наведае Курапаты калі-небудзь. Ну як такое можа быць? Для яго гэта не ўяўляе аніякай каштоўнасьці. А вось “лінія

Уявіць сабе немагчыма, каб недзе ў Нямеччыне была лінія Гітлера

Сталіна”…Уявіць сабе немагчыма, каб недзе ў Нямеччыне была лінія Гітлера. Гэта проста абражае большасьць беларускіх сем'яў, чые продкі пацярпелі ад фашызму гэтак жа, як і ад сталінізму… Вельмі крыўдна, што гэты бок гісторыі пад забаронай, яго ніхто не разьвівае, а ўсё ўпіраецца ў аднаго чалавека, яго ўяўленьні пра гісторыю… А зусім побач, у Вільні, існуе такі музэй рэпрэсіяў, дзе заўсёды ўзьнікаюць паралелі як з "амэрыканкай", так і з "Валадаркай". Асабліва калі трапляеш у расстрэльны пакой, бачыш, як гэта зроблена, ты адчуваеш праўду часу".

…Віленскі музэй КДБ – дарэчы, першы спаміж такіх установаў на тэрыторыі былога СССР, – быў адкрыты ў 1992 годзе пры садзейнічаньні Міністэрства культуры. Цяпер музэй падпарадкоўваецца іншаму дзяржаўнаму інстытуту – Цэнтру дасьледаваньня генацыду і супраціву насельніцтва Літвы. Музэй лічыцца ці ня самым папулярным у горадзе. Месьціцца ён на вуліцы Ахвяраў, і, паводле дасьведчаных людзей, месцамі вельмі нагадвае менскую «амэрыканку». Музэйная экспазыцыя – гэта 19 камэр, карцэр на 3 квадратныя мэтры, водны карцэр, тры камэры катаваньняў, расстрэльная камэра, кабінэт праслухоўваньня, турэмная бібліятэка. Астатнія камэры былой турмы адведзеныя пад архіў. У ім 220 тысяч тамоў.

Супрацоўнік музэю Робэртас Падвайскас расказвае пра расстрэльнае памяшканьне:

Падвайскас: «У цэнтры гэтай камэры – паглыбленьне, каб кроў сьцякала. На сьценах – сьляды ад куляў. Сьцены былі драўляныя, каб не было рыкашэту. Паводле нашых дадзеных, тут было зьнішчана 1037 чалавек. Вядома, гэтыя зьвесткі няпоўныя. У 1963 годзе быў расстраляны апошні палітычны. Зноў жа – паводле нашых дадзеных. А дакумэнтаў няма».

Звычайныя арыштанцкія камэры – маленькія, цёмныя, з аблупленай фарбай, з драўлянымі шконкамі. Усё засталося, як і было. :

«У такой камэры ўтрымлівалася 10–12 чалавек, – працягвае Робэртас Падвайскас. –. Мэблі не было. Уначы вядуцца допыты, але пад раніцу ўсіх вяртаюць. А ўдзень забаронена спаць. У прыбіральню выводзілі адзін раз на дзень. У куце — параша, гэта ўжо 1960-х гадоў. Праўда, у 1970-х гадах у прыбіральню дазвалялі 2 разы на дзень выводзіць.

300 грамаў хлеба і паўлітра вады – дзённы рацыён вязьня, які трапіў у карцэр.

Прычым чалавек мог трапіць туды не за правіннасьць, а за тое, што не выдаваў сяброў, не здаваў інфармацыю сьледчым. Колькі ўсяго вязьняў прайшло празь віленскую турму КДБ – дакладна не вядома. Толькі сьвятароў тут сядзела 364 – і ксяндзы, і папы, і рабіны. Некаторых тут жа на месцы і зьнішчалі».

Час ад часу экскурсіі водзяць і былыя літоўскія палітвязьні. Некаторыя правялі ў тутэйшай турме доўгія месяцы і прайшлі ўсе віды катаваньняў.

Былы будынак КДБ у Вільні

Былы будынак КДБ у Вільні

Шыльда на былым будынку КДБ, прысьвечаная расстраляным літоўскім патрыётам

Шыльда на былым будынку КДБ, прысьвечаная расстраляным літоўскім патрыётам

Прозьвішчы на сьценах былога будынку КДБ

Прозьвішчы на сьценах былога будынку КДБ

Каму патрэбныя турэмныя музэі?

Як вы ставіцеся да адкрыцьця першага ў Беларусі турэмнага музэю? Ці трэба ствараць падобныя ўстановы выключна для прафэсіяналаў-сілавікоў і ці хацелі б самі іх наведваць? З такімі пытаньнямі мы зьвярнуліся да мінакоў на гарадзенскіх вуліцах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG