Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Традыцыі фэсту «Аршанская бітва» жывуць, нягледзячы на забарону


Крыж у гонар палеглых ваяроў
Крыж у гонар палеглых ваяроў

Традыцыя ладзіць у першыя выходныя верасьня бардаўскі фэст «Аршанская бітва» была запачаткавана ў 1990-я — у першыя гады існаваньня незалежнай Беларусі.

Нагодай для фэстаў сталі ўгодкі гістарычнай бітвы пад Воршай, якая адбылася 8 верасьня 1514 году. Гэта была бітва, падчас якой войска на чале зь вялікім гетманам Вялікага Княства Літоўскага Канстанцінам Астроскім перамагло ўтрая большае войска Маскоўскага княства.

Суботнім вечарам, бліжэйшым для гэтай даты, на полі каля вёскі Гацькаўшчына Аршанскага раёну, на беразе рэчкі Крапівенкі, дзе і адбывалася бітва, у 1990-х зьбіраліся цалкам мірныя людзі — зь гітарамі, намётамі, каб разам сьпяваць песьні беларускіх бардаў. Адным з заснавальнікаў фэсту таксама быў бард — вядомы беларускі бард Андрэй Мельнікаў. І за некалькі гадоў сярод выступоўцаў на славутым Крапівенскім полі былі бадай што ўсе беларускія аўтары бардаўскай песьні, а гледачоў пад добрае надвор’е набіралася да 200 чалавек...

Так, больш ці менш маштабна, але фэст адбываўся да 2007 году. З тае пары бардаўская імпрэза трапіла пад забарону: у 2007 годзе міліцыя ачапіла ўсе пад’езды да вёскі Гацькаўшчына, людзей зь пляцакамі і гітарамі затрымлівалі на аршанскіх вакзалах і гвалтам адпраўлялі з горада, а некаторых нават забіралі ў пастарунак.

І таму ўжо сёмы год звычай ладзіць начны бардаўскі канцэрт у намётавым гарадку і распальваць агульнае вялікае вогнішча для ўсіх гасьцей трансфармавалася ў сяброўскія сустрэчы. Зь гітарай пры вогнішчы ў бліжэйшым ляску ў першыя выходныя верасьня цяпер зьбіраюцца невялікімі купкамі, асьцерагаючыся брутальных міліцэйскіх разгонаў.

Але падобна, што й міліцыя больш не праяўляе пільнасьці, адсочваючы бардаў і іхных слухачоў. Сёлета каля вёскі Гацькаўшчына нават не дзяжурыць машына ДАІ, якая апошнімі гадамі была звыклым элемэнтам краявіду напярэдадні фэсту.

І людзі, карыстаючыся магчымасьцю, усе ж стараюцца адведаць тыя мясьціны, дзе ўсталяваны камень з шыльдай у гонар бітвы. Прыходзяць да крыжа, што стаіць на пагорку, да камянёў —помнікаў з выявамі славутых ваяроў. Прыносяць кветкі і запальваюць сьвечкі.

Сёньня на полі Аршанскай бітвы пабываў пісьменьнік Уладзімер Арлоў. Ёе апавёў, што быў вельмі ўсьцешаны, сутрэўшы тут яшчэ некалькі чалавек:

«Мы з маім сябрам Генадзем Шэпелевым убачылі некалькі машын, пазнаёміліся з людзьмі, якія сюды прыехалі. Прыкладам, былі два хлопцы — адзін зь Віцебску, а другі ажно з Архангельску. Давялося расказаць ім пра падзеі паўвекавой даўніны. Ім было цікава, бо яны знарок прыехалі ў гэтыя мясьціны на Аршаншчыне. Але дзе шукаць тое поле — ня ведалі. І ім, у сваю чаргу, падказалі школьнікі, якія таксама прыехалі на гэтае гістарычнае месца на роварах, разам са сваім настаўнікам. Так што поле — жыве, яно ня стала бязьлюдным. І, я мяркую, традыцыю ўшаноўваць памятнымі знакамі на камянях памяць славутых беларускіх ваяроў іаксама трэба працягваць. Гэтае поле мае стацца мэмарыялам».

Аднак пакуль што да сапраўднага мэмарыялу — далёка. Найперш таму, што на дзяржаўным узроўні Бітва пад Воршай разглядаецца як прыклад варожага стаўленьня да расейскага народу, а не як звычайны гістарычны факт. Верагодна, таму й бардаўскі фэст трапіў пад забарону. Нават дарогу на поле зачынілі, зрабіўшы жалезную брамку, каб не праяжджалі машыны. Праўда, яе лёгка абыйсьці. І ўсе, хто цікавіцца беларускай гісторыяй, не забываюцца на гэтае месца — асабліва шмат наведнікаў тут бывае на ўгодкі бітвы, 8 верасьня. І гэты год таксама ня стане выключэньнем.

Мэмарыяльны камень на полі Аршанскай бітвы.
Мэмарыяльны камень на полі Аршанскай бітвы.

На гэтым скрыжаваньні звычайна дзяжурыць міліцыя. Сёлета - няма.
На гэтым скрыжаваньні звычайна дзяжурыць міліцыя. Сёлета - няма.

Кветкі да каменя ў гонар Канстанціна Астроскага ўскладае Юры Нагорны
Кветкі да каменя ў гонар Канстанціна Астроскага ўскладае Юры Нагорны

Камяні з памятнымі знакамі
Камяні з памятнымі знакамі

Па старой завядзёнцы нехта паліць вогнішча
Па старой завядзёнцы нехта паліць вогнішча

Крыж у гонар палеглых ваяроў.
Крыж у гонар палеглых ваяроў.

Поле бітвы пад Воршай — «на замку».
Поле бітвы пад Воршай — «на замку».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG