Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцы едуць з Крыму ў Сірыю «на баявое заданьне»


Расейскія салдаты ў Сірыі - фота з акаўнта ў сацыяльнай сетцы "Укантакце"

Расейскія салдаты ў Сірыі - фота з акаўнта ў сацыяльнай сетцы "Укантакце"

Знойдзены новыя сьведчаньні адпраўкі расейскіх вайскоўцаў у Сірыю і выкарыстаньня ў гэтай краіне найноўшай расійскай тэхнікі.

Насуперак заявам Масквы, расейскія ваенныя, імаверна, накіроўваюцца ў Сірыю — для ўдзелу ў баявых дзеяньнях, прычым не толькі супраць «Ісламскай дзяржавы», але і супраць сірыйскай апазыцыі. Выяўленыя пункты адпраўкі — Севастопаль і Наварасійск.

Афіцыйны прадстаўнік амэрыканскага Белага дому Джош Эрнэст ў канцы гэтага тыдня заявіў, што «ЗША ўважліва сочаць за паведамленьнямі аб удзеле расейскіх вайскоўцаў у ваенных дзеяньнях у Сірыі на баку сіл, падкантрольных Башару Асаду». Гаворка, як можна меркаваць, ідзе пра фотаздымкі расейскага ваеннага карабля «Николай Фильченков», зробленых у Стамбуле пры праходжаньні судна праз Басфорскую пратоку.

На здымках, якія датуюцца 20 жніўня, відаць ваенную тэхніку на палубе расійскага судна, якое накіроўвалася ў сірыйскі порт Тартус. 3 верасьня ў тым жа кірунку праз Басфор прайшлі яшчэ два расейскіх дэсантных караблі, «Королев» і «Новочеркасск». Па сведчаньнях відавочцаў, на іх палубах таксама быў груз, але ўжо старанна закрыты камуфляжнай сеткай. Крыху пазьней праз Басфор у паўднёвым напрамку прайшоў навучальны карабель «Смольны».

Дэсантны карабель «Николай Фильченков» праплывае праз Басфорскую пратоку

Дэсантны карабель «Николай Фильченков» праплывае праз Басфорскую пратоку

Акрамя таго, многія заходнія СМІ, у тым ліку брытанская The Times, распавялі пра відэазапіс, які быў зроблены ў правінцыі Латакія «прымацаванымі» да адной з сірыйскіх ўрадавых воінскіх частак апэратарамі і паказаны на тэлеканале сірыйскіх Нацыянальных сіл абароны. На кадрах добра бачная стральба з найноўшага расійскага бронетранспарцёра БТР-82А, а таксама чуваць расейскую гаворку. Расея ўжо перадавала рэжыму Асада «звычайныя» БТР-80 вясной 2014 году — «для паскарэньня працэсу ліквідацыі хімічнай зброі», аднак БТР на відэа, у адрозьненьне ад тых машын, зьяўляецца больш сучаснай мадыфікацыяй, прынятай на ўзбраеньне зусім нядаўна, акрамя таго, ён мае камуфляжную афарбоўку і бартавы нумар — 111.

Украінскія валянтэры, якія займаюцца OSINT-выведкай, параўналі зьнятую на відэа машыну зь іншымі фотаздымкамі БТР-82А і прыйшлі да высновы, што бронетранспарцёр з нумарам 111, хутчэй за ўсё, быў перакінуты ў Сірыю з Наварасійску, з вайсковай часткі 61899 27-й Асобнай мотастралковай брыгады. Акрамя таго, у рамках гэтага расьсьледаваньня было знойдзена абмеркаваньне сірыйскай «камандзіроўкі» на форуме «Мама салдата», дзе маці служачых у гэтай жа частцы кантрактнікаў абмяркоўваюць іх адпраўку ў Сірыю: «Па брыгадзе ідуць чуткі, што адпраўляюць у Сірыю на 3-4 месяцы ».

Расейская гаворка на відэа баёў пад Латакіяй: 02:03: ’’Давай!’’ 02:06: ’’Кідай!’’ 2:10: «Яшчэ раз! Яшчэ давай!’’ 2:30: «Паўлін, паўлін, мы выходзім»:

Раней у некалькіх ізраільскіх блогах і СМІ, якія ўважліва сочаць за сірыйскім канфліктам, зьявіліся фатаграфіі нібыта расійскіх зьнішчальнікаў МіГ-31 і расейскіх беспілётнікаў, таксама зробленыя, паводле аўтараў публікацый, у Сірыі.

Расійскія афіцыйныя асобы абвяргаюць інфармацыю аб адпраўцы вайскоўцаў у Сірыю, але толькі часткова. У пятніцу Уладзімір Пуцін пацьвердзіў, што Масква аказвае Дамаску ваенную дапамогу, але толькі ў рамках кантрактаў, заключаных 5-7 гадоў таму. «Казаць пра магчымы расейскім ўдзел у ваенных апэрацыях супраць баявікоў „Ісламскай дзяржавы“ пакуль заўчасна», — сказаў прэзыдэнт Расіі. Раней прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў таксама заявіў, што аб адпраўцы расійскіх вайскоўцаў у Сірыю гаворка не ідзе, з падобнымі абвяржэньнямі выступілі прадстаўнікі Міністэрства абароны і МЗС.

Прачытаць падрабязнасьці расьсьледаваньня можна тут.

XS
SM
MD
LG