Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск дыміць адкідамі і торфам


Нягледзячы на моцны дождж, Бабруйск з ваколіцамі па ранейшаму пакутуюць ад смогу.

Зрэшты моцныя залевы ў чацьвер і пятніцу былі толькі ў самім горадзе, а на левым, нізкім беразе Бярэзіны, як звычайна, ападкаў выпала куды менш. А менавіта там знаходзіцца вялізнае поле шматдзённага пажару, дым зь якога ўжо колькі дзён нясе на горад.

Дыміць тэрыторыя ад Бабруйскага заводу біятэхналёгіяў, ці па простаму торфазаводу, да Магілёўскай шашы. І гараць там ня проста тарфянікі: на калісьці забалочаных землях у савецкія часы былі зробленыя пляцоўкі, куды па трубах зьліваліся адкіды з гарадзкіх ачышчальных установак. Даўно закінутыя 23 “карты” агульнай плошчай 42 гектары, дзе рэшта торфу перамешаная з “усёй табліцай Мендзялеева”, як кажуць працоўныя - і ўсё гэта напрыканцы жніўня загарэлася. Таму дым гэткі едкі, і таму ніяк не ўдаецца пажар патушыць.

Торфазаводу пажар ужо не пагражае

Торфазаводу пажар ужо не пагражае

Ваду пампуюць з найбліжэйшага возера

Ваду пампуюць з найбліжэйшага возера

Як і звычайныя тарфянікі, гэтае поле адкідаў ня столькі гарыць адкрыта, колькі тлее глыбока пад зямлёй, на глыбіні да трох мэтраў. Верхні слой затрымлівае ваду, а на дне працягваецца тленьне. Пажарныя з дапамогай гарадзкога водаканалу заліваюць і заліваюць поле, ваду прывозяць цыстэрнамі і пампуюць з возера. Але каб спыніць выхад дыму на плошчы ўсяго пару дзесяткаў квадратных мэтраў, трэба тры цыстэрны вады па 7 тон кожная. За дзень удаецца патушыць ня больш за 1 гектар. А па зьвестках МНС працягваюць гарэць яшчэ 16 гектараў.

За паўмэтра ад залітай пажарнымі і дажджамі зямлі працягвае дыміць.

За паўмэтра ад залітай пажарнымі і дажджамі зямлі працягвае дыміць.

Прычынай пажару ў жнівеньскую сьпёку мог стаць і кінуты недапалак, і проста бутэлька на траве, якая спрацавала лінзай. Сухастой успыхнуў, і агонь умомант пакрыў усё поле. Тэрыторыю торфазаводу і залежы лігніну (сумесь араматычных палімэраў, што месьціцца ў клетках некаторых расьлін кшталту трысьнягу; выкарыстоўваецца ў прамысловасьці, мэдыцыне й як паліва) ад агню адбілі. У суботу вецер павярнуў у іншы бок ад Бабруйску, на Кіраўск, і ў горадзе нарэшце стала чым дыхаць. Але цяпер дымам дзьме ўздоўж трасы Бабруйск-Магілёў, раніцай рух па ёй быў абмежаваны.

Дзяжурная хуткая загразла ў пясках

Дзяжурная хуткая загразла ў пясках

Эколягі кажуць што небясьпекі для здароўя людзей няма. Пажарныя, якія дыхаюць тым дымам цэлымі днямі, на здароўе пакуль ня скардзіліся – але зь імі дзяжураць брыгады мэдыкаў.

XS
SM
MD
LG