Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве на месцы масавых сталінскіх расстрэлаў усталяваны новы крыж замест занядбалага старога.

Хто і калі замяніў памятны знак невядома. Стары крыж быў абвязаны бел-чырвона-белымі стужкамі. На новым іх няма. Пляцоўка вакол крыжа прыбраная ад сьмецьця.

Мясьціна з Крыжам памяці ў абласным цэнтры на праспэкце Дзімітрава, насупраць мясакамбінату. Свабода паведамляла, што гэты крыж падгніў, нахіліўся і мог паваліцца. Пасьля публікацыі некалькі грамадзкіх актывістаў заяўлялі, што возьмуцца арганізаваць справу па аднаўленьні памятнага знаку.

Лідэрка суполкі «Таварыства ахвяраў палітычных рэпрэсіяў» Ларыса Шукайла паведамляла, што зьвярнулася праз электронную пошту да гарадзкіх уладаў з просьбаю дапамагчы аднавіць крыж. У 2007 годзе на зварот актывісткі ўжо аднаўлялі памятны знак. Тады крыж паваліла навальніцай.

5 верасьня ля адноўленага крыжа журналіст Свабоды засьпеў сваякоў расстралянага ў 1938 годзе жыхара Беларусі. Яны прыехалі зь Менску на меркаванае месца расстрэлу прадзеда Фёдара Аляксеевіча Асмалоўскага.

«Мы доўга шукалі гэты крыж. Хацелася, каб на ім была шыльда з надпісам, што ён ўсталяваны ў памяць пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Каб людзі ведалі, што тут адбывалася. Тутэйшыя жыхары пра гэта ня ведаюць да жалю. Але дзякуем, што крыж тут ёсьць. Прыкра, што гэтае месца ня дужа ўпарадкаванае», адзначылі госьці зь Менску.

«Тое, што тут сьметнік — гэта дужа напружвае, — дадалі суразмоўнікі. — На колькі мы разумеем сюды звозяць будаўнічае сьмецьце цяпер. Хацелася б яшчэ ведаць пра парэшткі тых людзей, якія тут былі адшуканыя. Дзе іх пахавалі. Зьвестак няма пра гэта, а хацелася б пакланіцца тым няшчасным, каго тут забівалі».

Праўда пра мясьціну, над якой узвышаецца крыж, адкрылася пры канцы 1980-х гадоў. У кар’еры бралі пясок і наткнуліся на чалавечыя парэшткі. Як успамінае магілёўскі актывіст, сябра філіі «Мартыралёг Беларусі» Міхась Булавацкі, была створана адмысловая камісія, якую ўзначаліў намесьнік старшыні Кастрычніцкага райвыканкаму. Высьветлілася, што перад вайной ва тутэйшае ўрочышча прывозілі людзей і расстрэльвалі. Тут быў калгасны жывёльны могільнік, яго абнесьлі агароджай і паставілі вартаўніка.

Пра адшуканыя чалавечыя парэшткі зьвестак няма.

Гадоў пяць таму, паводле Ларысы Шукайлы, абмяркоўвалася пытаньне, каб усталяваць замест крыжа памятны знак. Заяўлялася, што нібыта зрабілі ўжо і макет. На сам знак патрабавалася каля тысячы даляраў. Грошай такіх не было, таму казалі, што іх давядзецца зьбіраць талакой. Цяпер пра памятны знак ня згадваюць.

Адноўлены крыж

Адноўлены крыж

У кар’ер, над якім узвышаецца крыж, звозяць будаўнічае сьмецьце

У кар’ер, над якім узвышаецца крыж, звозяць будаўнічае сьмецьце

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG