Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК атрымала дакумэнты Лукашэнкі і Цярэшчанкі для рэгістрацыі кандыдатамі


Афіцыйны сайт Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў паведамляе, што 5 верасьня ў ЦВК «прадстаўлены дакумэнты для рэгістрацыі кандыдатамі у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь Лукашэнкі Аляксандра Рыгоравіча».

Прыносіў іх асабіста Аляксандар Лукашэнка ці кіраўнік ягонага штабу — не паведамляецца.

Таксама 5 верасьня прадстаўлены дакумэнты для рэгістрацыі кандыдатам Цярэшчанкам Віктарам Іванавічам, паведамляе ЦВК.

Раней ЦВК паведамляў, што Віктару Цярэшчанку не ўдалося сабраць неабходныя для рэгістрацыі 100 тысяч подпісаў. Ініцыятыўныя групы Цярэшчанкі здалі для праверкі 130 404 подпісы, аднак сапраўднымі прызнаныя толькі 6 699.

Віктар Цярэшчанка такім чынам тлумачыць сваё рашэньне падаць дакумэнты ў ЦВК:

«У адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам я вымушаны падаць дакумэнты для рэгістрацыі. Лічу, што зрабіў правільна. Усе папярэднія дадзеныя, якія агучыў ЦВК, у тым ліку і выказваньні супрацоўнікаў ЦВК, носяць інфармацыйны, а не пратакольны характар. Гэта не рашэньне, а ўсяго толькі інфармацыя. Я падаў заяву, каб на паседжаньні Цэнтральнай выбарчай камісіі ўсё гэта пачуць. Усё асатняе — без камэнтароў».

На пытаньне Радыё Свабода, як ягоная здароўе, Віктар Цярэшчанка адказаў, што дыягназ яму так і не паставілі:

«У эпікрызе напісана — агульнае захворваньне. Зараз знаходжуся на дзённым стацыянары ў паліклініцы на кропельніцы. Зьбіраюся на кансультацыю да нэўроляга»

Віктар Цярэшчанка паабяцаў ў аўторак, 7 верасьня, правесьці прэсавую канфэрэнцыю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG