Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымінальная адказнасьць за парушэньне парадку атрыманьня замежнай дапамогі родніць Беларусь з Бахрэйнам ці Эгіптам, — Чавусаў


Юры Чавусаў

Юры Чавусаў

Дэкрэтам пра замежную бязвыплатную дапамогу Аляксандар Лукашэнка хоча павярнуць патокі фінансавай дапамогі ў бок дзяржаўных праектаў і праграмаў.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды распавялі палітоляг і юрыст Юры Чавусаў і дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 5 «Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе» 31 жніўня.
Паводле Юрыя Чавусава, дэкрэт у цэлым рэгулюе сфэру атрыманьня замежнай бязвыплатнай дапамогі.

— Прычыны зьяўленьня гэтага дэкрэту відавочныя. Гэта неабходнасьць прыцягненьня ў Беларусь большых сродкаў з боку замежных донараў. Паралельна ідзе працэс удасканаленьня іншага кірунку атрыманьня замежнага фінансаваньня — заканадаўства пра міжнародную тэхнічную дапамогу. У беларускіх умовах гэты дэкрэт не пагаршае сытуацыю. Канцэптуальна парадак, які патрабуе атрыманьня дазволу для юрыдычных асобаў пры атрыманьні замежнай бязвыплатнай дапамогі, не зьмяніўся. Некаторыя праблемныя моманты былі выдаленыя. Напрыклад, раней ананімныя ахвяраваньні аўтаматычна залічваліся ў замежную бязвыплатную дапамогу. Цяпер гэтая норма зьнікла.

І для шырокага кола насельніцтва самае галоўнае — гэта вызваленьне ўсіх грамадзянаў ад неабходнасьці рэгістраваць замежную дапамогу. То бок калі для юрыдычных асобаў рэгістрацыйны парадак застаўся ранейшым, то зараз фізычныя асобы ад неабходнасьці рэгістраваць замежную дапамогу вызваляюцца. Неабходнасьць рэгістраваць паўстае толькі тады, калі чалавек захоча, каб гэтыя сродкі былі вызваленыя ад падаткаў. Ёсьць шэраг іншых пазытыўных, нэгатыўных момантаў. Але канцэптуальна парадак застаецца ранейшым. Агульны кірунак дэкрэту такі, каб прыцягваць у Беларусь больш замежнага фінансаваньня.

Самае галоўнае — гэта вызваленьне ўсіх грамадзянаў ад неабходнасьці рэгістраваць замежную дапамогу

— У дэкрэце вызначаецца, на якія мэты можа пайсьці гуманітарная дапамога, а на якія — не.

— Ранейшы дазваляльны парадак і сьпіс мэтаў застаецца. На іншыя мэты можна атрымліваць толькі са згоды кіраўніцтва спраў прэзыдэнта. То бок — толькі ў асаблівым парадку. Што тычыцца 500 базавых, то яны маюць значэньне для вырашэньня пытаньня адносна мэтаў, на якія атрымліваецца дапамога. Вось той пералік мэтаў, для якіх можна атрымліваць дапамогу, урэгуляваны гэтым палажэньнем у пункце тры. І там сказана, што на іншыя мэты, апроч указаных, можна атрымліваць дапамогу па ўзгадненьні з прэзыдэнтам, калі дапамога большая за 500 базавых. І без узгадненьня з прэзыдэнтам, але па рашэньні кіраўніцтва спраў прэзыдэнта — у памеры да 500 базавых.

Паводле Чавусава, у беларускіх умовах прыняты дэкрэт «максымальна лібэральны»:

— Вядома ж, для няўрадавых арганізацыяў, для донараў, для атрымальнікаў замежнай дапамогі варта было б увесьці не рэгістрацыйны парадак, а паведамляльны. І ў любым разе трэба здымаць крымінальную адказнасьць за парушэньне парадку атрыманьня замежнай дапамогі. Бо такая адказнасьць родніць Беларусь з Бахрэйнам ці Эгіптам.

Гэты дэкрэт гэтай праблемы не здымае. Ён добры ў межах той сыстэмы, якая ёсьць. Вядома, хацелася б мець іншую сыстэму. Але, на жаль, яе няма. З пункту гледжаньня няўрадавых арганізацыяў мы бачым нэгатыўныя нормы. Напрыклад, датычныя ўнёскаў заснавальнікаў некамэрцыйных арганізацыяў. Калі замежны заснавальнік хоча стварыць у Беларусі дабрачынны фонд, то сродкі, якія ён накіроўвае пры заснаваньні фонду, таксама зьяўляюцца замежнай бязвыплатнай дапамогай і павінны адпавядаць гэтаму дэкрэту. То бок спачатку павінны рэгістравацца ў дэпартамэнце па гуманітарнай дзейнасьці. Для параўнаньня: калі замежнік хоча заснаваць тут камэрцыйную арганізацыю, то яму ніякіх дазволаў ня трэба. То бок умовы для дзейнасьці некамэрцыйных арганізацыяў горшыя, чым умовы для дзейнасьці камэрцыйных, а гэта парушэньне падставовага прынцыпу ў сфэры прававога рэгуляваньня грамадзянскай супольнасьці. Таму гэты дэкрэт — пазытыўны крок у межах дзейнай сыстэмы, але сыстэму ён не мяняе.

— Чаму гэты дэкрэт зьяўляецца менавіта цяпер, якраз у перадвыбарчую кампанію?

— Традыцыйна ў Беларусі пэрыяд прэзыдэнцкіх кампаніяў суправаджаецца пагаршэньнямі ў сфэры прававога рэгуляваньня замежнага фінансаваньня структураў грамадзянскай супольнасьці. Але цяпер мы бачым, што структуры грамадзянскай супольнасьці максымальна дыстанцыююцца ад палітычных працэсаў, ад выбарчых працэсаў. І крытыкуюць удзельнікаў палітычнай кампаніі з боку апазыцыі, мабыць, больш актыўна, чым гэта робяць дзяржаўныя СМІ. Таму я ня зьвязваю зьяўленьне гэтага дэкрэту наўпрост з намерам перакрыць нейкія каналы фінансаваньня апазыцыі, палітычных апанэнтаў улады напярэдадні выбараў. Я зьвязваю гэта з тым, што ўлады разьлічваюць на пацяпленьне стасункаў з Захадам пасьля выбараў. У адрозьненьне ад крэдытаў МВФ і іншых міжнародных фінансавых інстытутаў, замежная бязвыплатная дапамога — гэта чыстыя грошы, чысты прыбытак з гледзішча чыноўнікаў. І сумы там не маленькія, значныя для дзяржбюджэту. Таму такім дэкрэтам улады як бы адчыняюць дзьверы для замежных донараў, каб тыя фінансавалі дзяржаўныя праекты і праграмы. Я думаю, што наступствам гэтага дэкрэту стане большая перанакіраванасьць фінансавых плыняў ад замежных донарскіх арганізацыяў у бок фінансаваньня дзяржаўных праектаў і праграмаў. Тут ствараюцца спрыяльныя ўмовы для дзяржаўных праектаў і застаюцца па-ранейшаму неспрыяльныя (трохі тэхнічна лепшыя) для праектаў і праграмаў недзяржаўных арганізацыяў.

Дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў адзначыў, што асноўныя моманты, якія крытыкаваліся арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці, засталіся ў дэкрэце нязьменнымі.

— То бок застаецца неабходнасьць узгадняць карыстаньне гэтай дапамогай з дэпартамэнтам па гуманітарнай дзейнасьці. Таксама засталіся санкцыі, у тым ліку крымінальная адказнасьць за нямэтавае выкарыстаньне гэтай дапамогі. Фактычна парадак гэты не зьмяніўся, і дэкрэт нічога новага не дае для грамадзянскай супольнасьці. Гэта ў прынцыпе і прагназавалася.

— Чаму тады цяпер выдаецца гэты дэкрэт, які ў ім сэнс?

— Гэты дэкрэт накіраваны на спрашчэньне парадку карыстаньня гэтай замежнай дапамогай для структураў мясцовай улады і для праектаў, якія папярэдне ўзгодненыя зь дзяржавай. У гэтым сэнсе дзяржава зноў арыентуецца на тое, каб больш проста і ў большых аб’ёмах асвойваць гэту міжнародную дапамогу. Бо раней дзяржструктуры, якія маглі карыстацца гэтай дапамогай, ня вельмі жадалі ісьці на гэтыя складаныя працэдуры, пабойваліся іх. Цяпер нібы даецца зялёнае сьвятло, і можна ісьці гэтым простым парадкам.

— А чаму ўлады не ідуць насустрач грамадзянскай супольнасьці, ня ўлічваюць яе прапановы?

— Бо гэта выкарыстоўваецца як спосаб кантролю фінансавых патокаў на падтрымку грамадзянскай супольнасьці. Бо ўлада разглядае грамадзянскую супольнасьць і незалежныя арганізацыі як патэнцыйна небясьпечныя для існаваньня гэтага палітычнага рэжыму. Таму ёй трэба кантраляваць фінансаваньне, якое ідзе на падтрымку гэтых арганізацыяў. У выпадку чаго ўлада можа забараніць доступ да фінансаваньня для тых арганізацыяў, якія яна лічыць ідэалягічна варожымі. Што, уласна, і робіцца. Таму адмовіцца ад гэтай сыстэмы для іх немагчыма папросту дзеля гэтых палітычных рэзонаў.

— То бок усё робіцца ўладамі дзеля таго, каб абмежаваць дзейнасьць недзяржаўных арганізацыяў?

Ягораў: «Для таго каб кантраляваць гэтую сфэру і ня даць разьвівацца тым, хто, на іх погляд, небясьпечны. Ёсьць такі фільтар у выглядзе дэпартамэнту па гуманітарнай дзейнасьці, які адным прапускае гэтую дапамогу і дазваляе разьвівацца — тым, якія ляяльныя і ідуць у рэчышчы палітычнай лініі дзяржавы. А іншым проста не даюць, тым самым аслабляюць і кантралююць, адштурхоўваюць ад легальнай магчымасьці карыстаньня фінансавымі сродкамі. Такі парадак даўно працуе, і нічога не памянялася».

Паводле Андрэя Ягорава, улады бачаць у замежнай дапамозе магчымасьць прыцягнуць дадатковыя фінансавыя рэсурсы:

— Яны даўно іх там бачылі. Яны і раней спрабавалі прапаноўваць буйныя праекты для Эўразьвязу і міжнародных донараў. Проста гэта цяпер у трэндзе паляпшэньня стасункаў з ЭЗ, які дадаткова адчыняе магчымасьці для карыстаньня міжнароднай фінансавай дапамогай. Таму трэба даць магчымасьць сваім, дзяржаўна ляяльным, „правільным“ структурам карыстацца большымі аб’ёмамі гэтай дапамогі, каб дзяржава магла гэта асвойваць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG