Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея разьвівае новую міжнародную сетку сваіх агентаў — Служба бясьпекі Чэхіі


Russia - Kreml (Kremlin)
Russia - Kreml (Kremlin)

Служба бясьпекі і выведкі Чэхіі BIS (Bezpečnostní informační služba) апублікавала справаздачу за 2014 год, у якой адзначае, што Расея ў працы сваіх спэцслужбаў вяртаецца да савецкіх часоў, разьвіваючы ў сьвеце новую сетку сваіх агентаў.

Аналіз працы расейскіх службаў бясьпекі сьведчыць, што Расея актыўна распаўсюджвае сваю прапаганду ў краінах Эўрапейскага Зьвязу і НАТО, разгортваючы сетку сваіх агентаў, якая сваёй структурай нагадвае Камінтэрн, гаворыцца ў справаздачы.

У Чэхіі расейскія агенты, як і ў папярэднія гады, спрабуюць атрымаць кантроль над расейскамоўнай абшчынай і прасоўваць пракрамлёўскія арганізацыі і дзеячоў у яе складзе на пазыцыі прадстаўнікоў усёй расейскамоўнай абшчыны ў зносінах з чэскімі дзяржаўнымі органамі і інстытутамі, пішуць чэскія контравыведнікі.

Важны ўплыў Расеі на чэскае грамадзтва ажыцьцяўлялі і ажыцьцяўляюць чэскія арганізацыі прарасейскай арыентацыі або паасобныя асобы, сярод якіх ёсьць і несьвядома зманіпуляваныя, і прафэсіяналы, якія сьвядома працуюць на Расею, і іх інтэрнэт-праекты, — гаворыцца ў справаздачы. Дзякуючы гэтаму, шараговыя чэскія грамадзяне ўспрымаюць ад іх пракрамлёўскія думкі як нібыта погляды і перакананьні сваіх уласных суграмадзян, а не як ідэі, навязваныя Расеяй.

У разьдзеле справаздачы BIS, які тычыцца Ўкраіны («Магчымы ўплыў украінскіх падзеяў на міграцыю і асяродзьдзе арганізаванай злачыннасьці ў Чэхіі), адзначана, што «патэнцыйная міграцыйная хваля з Украіны не ўяўляе для Чэхіі рызыкі бясьпекі». Колькасьць мігрантаў з Украіны ў Чэхію, гэтак жа, як і ў іншыя краіны Цэнтральнай Эўропы, вырасла, аднак спэцыяльныя захады не патрэбныя, гаворыцца ў справаздачы чэскай спэцслужбы.

Дзейнасьць расейскіх спэцслужбаў у Чэхіі штогод складае адзін з галоўных разьдзелаў справаздач чэскай Службы бясьпекі і выведкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG