Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сотні мігрантаў выправіліся з Будапэшту ў Нямеччыну пехатою


Мігранты пратэстуюць на станцыі Бічке за 40 кілямэтраў ад Будапэшту.
Мігранты пратэстуюць на станцыі Бічке за 40 кілямэтраў ад Будапэшту.

У пятніцу па абедзе некалькі соцень мігрантаў выправіліся пехатою з будапэшцкага Ўсходняга вакзалу і, паводле іх, кіруюцца ў Аўстрыю і далей у Нямеччыну. «Лепш ісьці пехатою, чым застацца тут», — сказаў адзін з уцекачоў.

Мігранты прайшлі ад Усходняга вакзалу па праспэкце Ракацы і праз Эльжбэцін мост перайшлі з Пэшту ў Буду. Паводле трасы, яны кіруюцца да зьезду на аўтастраду М1, якая вядзе ў Вену, паведамляе чэскі сайт novinky.cz.

Вугорская паліцыя шэсьцю пакуль не замінае і паступова вызваляе скрыжаваньні. Уцекачам выдзеленая паласа, прызначаная для руху аўтобусаў, таму яны фактычна не перашкаджаюць руху транспарту.

Сярод уцекачоў пераважна маладыя мужчыны, але да іх далучыліся таксама жанчыны зь дзецьмі.

Некаторыя трымаюць у руках фатаграфію Ангелы Мэркель.

У панядзелак з транзытнай зоны будапэшцкага Ўсходняга вакзалу некалькі соцень мігрантаў выехала цягнікамі ў Нямеччыну. Аднак у аўторак і ў сераду вугорская паліцыя не дапусьціла выезду далейшых уцекачоў.

У чацьвер некалькі соцень уцекачоў прабралася ў два цягнікі, якія накіроўваліся на захад Вугоршчыны. Адзін зь іх быў спынены на станцыі Надзьсэнтянаш, адкуль паліцыя вывезла мігрантаў у лягер уцекачоў Вамашсабадзі. Другі цягнік затрымаўся на станцыі Бічке за 40 кілямэтраў ад Будапэшту. Там мігранты адмовіліся ехаць у лягер уцекачоў, застаюцца ў вагонах і трымаюць галадоўку. Яны патрабуюць прапусьціць іх у Нямеччыну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG