Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША: Расея супраць «Ісламскай дзяржавы» — добра, за рэжым Асада — кепска


Ваяўнікі апызыцыйнай групоўкі Свабодная Сірыская Армія на расейскім верталёце, захопленым ва ўрадавых сілаў.
Ваяўнікі апызыцыйнай групоўкі Свабодная Сірыская Армія на расейскім верталёце, захопленым ва ўрадавых сілаў.

Расея плянуе стварыць яшчэ адну міжнародную кааліцыю па барацьбе з тэрарызмам, але казаць аб магчымым расейскім удзеле ў ваенных апэрацыях супраць баевікоў «Ісламскай дзяржавы» пакуль заўчасна. Пра гэта заявіў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на пасяджэньні Ўсходняга эканамічнага форуму ва Ўладзівастоку.

Паводле яго, Масква аказвае Дамаску досыць сур’ёзную падтрымку тэхнікай, падрыхтоўкай вайскоўцаў, узбраеньнем. Гаворка ідзе аб кантрактах, падпісаных 5-7 гадоў таму, удакладніў Пуцін.

Увесь тыдзень з розных крыніц паступала інфармацыя аб зьяўленьні ў Сірыі расейскіх вайскоўцаў і рознай тэхнікі. У першую чаргу яна тычыцца расейскіх самалётаў з расейскімі ж пілётамі, якія зь сірыйскіх аэрадромаў гатовыя пачаць (па некаторых вэрсіях, ужо пачалі) паветраныя ўдары па пазыцыях тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава», якая захапіла ўжо больш за 50 працэнтаў тэрыторыі Сірыі. Крэмль абвяргае гэтыя паведамленьні.

Выступаючы ва Ўладзівастоку, Пуцін заявіў, што Расея праводзіць кансультацыі па стварэньні яшчэ адной міжнароднай кааліцыі па барацьбе з тэрарызмам. Паводле расейскага лідэра, ён ужо абмяркоўваў гэтае пытаньне з прэзыдэнтам ЗША Баракам Абамам па тэлефоне. Акрамя таго, размаўляў з уладамі Саудаўскай Аравіі, Турцыі, Ярданіі, Эгіпту.

Пытаньне аб уступленьні Расеі ў міжнародную кааліцыю чале з ЗША па барацьбе з тэрарыстычнай групоўкай «Ісламская дзяржава» на парадку дня не стаіць, адзначыў Пуцін.

Белы дом ўважліва сочыць за паведамленьнямі аб тым, што Расея праводзіць ваенныя апэрацыі ў Сірыі і папярэджвае: такія апэрацыі могуць быць «дэстабілізуючымі і контрапрадуктыўнымі».

«Любая ваенная падтрымка рэжыму Асада ў любых мэтах, няхай гэта будзе разьмяшчэньні вайскоўцаў, пастаўкі самалётаў, зброі або фінансаваньне, мае адначасова дэстабілізуючы і контрпрадуктыўны характар», — заявіў прадстаўнік Белага Дому Джош Эрнэст.

Белы дом заявіў, аднак, што вітае магчымы ўдзел Расеі ў міжнароднай кааліцыі, якая вядзе барацьбу супраць «Ісламскай дзяржавы» ў Іраку і Сірыі.

Ваенныя дарадцы і інструктары з Расеі знаходзяцца ў Сірыі даўно, гэта ні для каго не сакрэт, нагадвае расейскі палітоляг-арабіст Канстанцін фон Эгерт, але цяпер сапраўды існуе верагоднасьць таго, што расейскія ваенныя пачнуць непасрэдна ўдзельнічаць ва ўзброеным канфлікце ў Сірыі, у першую чаргу ў баявых дзеяньнях супраць групоўкі «Ісламская дзяржава»:

— Я ня думаю, што гэта могуць быць нейкія вельмі вялікія падразьдзяленьні і што расейскія ВПС, напрыклад, стануць галоўнай ударнай сілай у барацьбе з групоўкай «Ісламская дзяржава». Але тут вельмі важны палітычны сымбалізм, калі апынецца, што Расея ўцягнутая ў міжнародную апэрацыю супраць экстрэмістаў фактычна разам з ЗША. Гэта акажа ўзьдзеяньне, можа, і не наўпроставае, на іншыя праблемы ў сфэры адносін паміж Масквой і Вашынгтонам. То бок, гэта будзе калі не рэвалюцыйнае, то, прынамсі, сэнсацыйнае разьвіцьцё падзей.

— Наколькі важна для Крамля сёньня захаваць рэжым Башара Асада? Яго падтрымліваюць таму, што гэты рэжым лічаць саюзьнікам? Ці гэта дэталь, момант у нейкай вялікай геапалітычнай гульні?

— Прычыны падтрымкі Башара Асада на самай справе варта шукаць у расейскай унутранай палітыцы. Сірыйскі прэзыдэнт выклікае пэўную павагу ў Крамлі тым, што ён пратрымаўся ўжо чатыры гады пасьля пачатку сірыйскай грамадзянскай вайны, у той час як многія прадказвалі яму вельмі хуткае падзеньне.

Лёс Асада для прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна — гэта свайго роду праекцыя таго, што можа адбыцца ў Расеі.

Але рэч перш за ўсё ня ў гэтым, а ў тым, што лёс Асада для прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна — гэта свайго роду праекцыя таго, што можа адбыцца ў Расеі з пункту гледжаньня будучыні цяперашняй расейскай палітычнай эліты. Гэта значыць, Пуціну тут важная не асоба Асада, не яго алавіцкі рэжым, а перш за ўсё прынцып, які існаваў да канца халоднай вайны з пэўнымі варыяцыямі: ніхто ня мае права ўказваць якой бы там ні было краіне, які там будзе рэжым, і тым больш ніхто ня мае права яго зрынаць, нават калі гэта, скажам, ААН. Таму ў Сірыі для Пуціна вельмі драматычна паўстала пытаньне аб яго асабістым дачыненьні да працэсу зьмены рэжымаў. У геапалітычным пляне цяперашні Дамаск, безумоўна, адзіны саюзьнік, які застаўся ў Масквы на Блізкім Усходзе (хоць ёсьць спробы, і даволі пасьпяховыя, наладзіць адносіны зь Эгіптам). Таксама, паколькі Масква ўжо даўно наладжвае сяброўства з Іранам, то далучэньне да «восі Тэгеран — Дамаск», якая ўзьнікла ў пачатку 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя, — гэта таксама элемэнт, напэўна, геапалітычнай гульні, якую Расея вядзе на Блізкім Усходзе.

— Якой можа быць рэакцыя на ўсё гэта Ізраіля і ЗША? Як яны наогул успрымуць зьяўленьне расейскіх ваенных, калі гэта здарыцца, у Сірыі?

— Гэта ня будзе зьяўленьне, гэта будзе акцыя, якая відавочна атрымае адабрэньне ў Вашынгтоне, у мяне сумневаў няма. Гэта адзін з тых момантаў, якія могуць зрабіць прэзыдэнта Пуціна і расейскі палітычны рэжым больш прымальнымі для Вашынгтону, заходніх сталіц і для Ізраілю. Таму што гэта будзе больш маштабны і, вядома, значна больш рызыкоўны паўтор таго, што было ў пачатку нашага стагодзьдзя ў Аўганістане, калі на працягу некалькіх гадоў Расея афіцыйна прадстаўляла наземныя і паветраныя транспартныя калідоры для, як казалі, «нелетальных» грузаў міжнароднай кааліцыі, што змагалася з талібамі ў Аўганістане.

— Гэта значыць, асноўны матыў магчымага ўдзелу расейскіх вайскоўцаў у баявых дзеяньнях у Сірыі — гэта вайна з групоўкай «Ісламская дзяржава»? І асьцярогі, што людзі, якія зьехалі ваяваць туды з Расеі, вернуцца потым назад — і пойдзе хваля тэрору на вельмі прафэсійным узроўні? Гэта ня столькі падтрымка Башара Асада, колькі папераджальны ўдар па Ісламскай дзяржаве?

Калі расейскія вайскоўцы ўступяць у баявыя дзеяньні супраць «Ісламскай дзяржавы», магчымыя тэрарыстычныя акты супраць расейскіх аб’ектаў па ўсім сьвеце.

— Так, і вядома, гэта зьвязана зь вялікай рызыкай! У выпадку, калі расейскія вайскоўцы сапраўды ўступяць у баявыя дзеяньні супраць «Ісламскай дзяржавы», цалкам магчымыя тэрарыстычныя акты супраць расейскіх аб’ектаў па ўсім сьвеце. І ня выключана, што нейкія расейскія вайскоўцы могуць трапіць у рукі ісламістаў і стаць іх ахвярамі. Гэта, вядома, вельмі сур’ёзны выклік для Ўладзіміра Пуціна і для Крамля. У Расеі, урэшце рэшт, шмат мусульман, многія зь іх радыкалізаваліся за апошнія гады, і такога роду дзеяньні могуць ударыць па пазыцыях Расеі на Паўночным Каўказе, дзе на самай справе ўсё яшчэ неспакойна.

Тое, што мы ўжо ведаем пра радыкалаў, якія ваююць на баку «Ісламскай дзяржавы», дае нам усе падставы меркаваць, што нейкая частка гэтых людзей — гэта выхадцы з Расеі. Тэрор можа прыйсьці ў Расею ў значна больш сур’ёзных маштабах. З майго пункту гледжаньня, у Крамлі разумеюць: групоўка «Ісламская дзяржава» — гэта сапраўды пагроза, у сувязі зь якой згасаюць рознагалосьсі з Захадам і з нагоды іранскай ядзернай праграмы, і нават канфлікту ва Ўкраіне! І я думаю, што аналягічны погляд сёньня існуе калі не ва ўсіх, то ў шматлікіх кабінэтах у Вашынгтоне, — мяркуе палітоляг Канстанцін фон Эгерт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG