Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газавая паходня — сымбаль «Газпраму» хутка асьвеціць Менск


Макет будучага шматфункцыянальнага комплексу «ГАЗПРАМ ЦЭНТАР»

Макет будучага шматфункцыянальнага комплексу «ГАЗПРАМ ЦЭНТАР»

З 3 да 5 верасьня ў беларускай сталіцы праходзіць ХІ Нацыянальны фэстываль архітэктуры «Менск 2015». У межах фэстывалю ў чацьвер у будынку гарадзкой Ратушы адбылася прэзэнтацыя буйнога інвэстыцыйнага праекту, які вось ужо два зь лішнім гады горача абмяркоўваецца ў грамадзтве і выклікае неадназначную рэакцыю. Гэта будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу «ГАЗПРАМ ЦЭНТАР» на скрыжаваньні праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Філімонава, на месцы былога сталічнага аўтавакзалу «Маскоўскі».

Афіша ХІ Нацыянальнага фэстывалю архітэктуры “Менск 2015”

Афіша ХІ Нацыянальнага фэстывалю архітэктуры “Менск 2015”

Дзеля Газпраму давялося ахвяраваць аўтавакзалам «Маскоўскі»

Незадаволенасьць тысяч менчукоў выклікала найперш рашэньне зьнесьці сучасны аўтавакзал «Маскоўскі», які разьмяшчаўся ў вельмі зручным месцы, побач са станцыяй мэтро. Да таго ж, за арыгінальнае архітэктурнае рашэньне, высокія мастацкія якасьці галоўны архітэктар аўтавакзалу «Маскоўскі» Мікалай Навумаў у 2003 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі. А ў 2011 годзе месца, дзе знаходзіцца аўтавакзал, прыглянулася кіраўніку «Газпраму» Аляксею Мілеру, які вырашыў тут пабудаваць шматфункцыянальны комплекс.

Будынак колішняга аўтавакзалу "Маскоўскі" ў Менску, архіўнае фота

Будынак колішняга аўтавакзалу "Маскоўскі" ў Менску, архіўнае фота

Маскоўскі аўтавакзал грамадзкасьць спрабавала адстаяць. У абарону вакзалу сабралі больш за 5 тысяч подпісаў на паперы, і 6 тысяч — электронных. Кіраўнік ініцыятыўнай групы Віктар Талмачоў зьвяртаўся ў дзясяткі інстанцыяў, пачынаючы ад Першамайскага райвыканкаму, Менгарвыканкаму, Менгарсавету. Хадзіў на прыёмы да міністраў, у адміністрацыю прэзыдэнта, пісаў звароты і ў Маскву, непасрэдна Пуціну. Усё безвынікова.

4 красавіка 2013 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 153 «Аб пытаньнях будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу ў Менску». Маскоўскі аўтавакзал зьнесьлі.

Будоўля пачалася задоўга да заключэньня дзяржэкспэртызы

Будаваць комплекс «Газпраму» пачалі яшчэ задоўга да таго, як галоўны праектант ангельскі офіс міжнароднай кампаніі NBBJ і Cанкт-Пецярбурскае канструктарскае бюро вышынных і падземных збудаваньняў (ВіПЗ) — атрымалі станоўчае заключэньне дзяржаўнай экспэртызы на праект будаўніцтва. А два тыдні таму, 21 жніўня 2015 году кіраўнік «Газпраму» Аляксей Мілер разам з Аляксандрам Лукашэнкам заклалі капсулу на месцы комплексу, хаця будоўля ідзе ўжо другі год.

«Гэта міжнародны праект, які ажыцьцяўляе найбуйнейшы міжнародны манапаліст — вы ж разумееце, што такое «Газпрам», — так пачаў прэзэнтацыю начальнік праектнага аддзелу «Газпром трансгаз Беларусь» Міхаіл Гаўхфельд:

Міхаіл Гаўхфельд

Міхаіл Гаўхфельд

«Газпрам абвесьціў конкурс на забудову свайго комплексу ў Менску. Архітэктарам праекту выступіў ангельскі офіс міжнароднай кампаніі NBBJ. Першы этап называўся „горадабудаўнічая канцэпцыя“, якой у беларускай нарматыўнай базе няма. У нас ёсьць толькі „эскізны праект“. То бок гэта пашыраны эскізны праект з прапрацоўкай усіх інжынэрных разьдзелаў менавіта з тым, каб паказаць усе інавацыйныя рашэньні, тэхналёгіі, як іх можна рэалізаваць у адным праекце».

Але перад ангельскай кампаніяй была пастаўленая задача працаваць у нарматыўнай базе Рэспублікі Беларусь, бо эксплюатаваць комплекс будуць беларусы. Перамовы зацягнуліся, ангельцы адмовіліся. Правялі яшчэ адзін конкурс, які выйграла прыватная Санкт-Пецярбурская фірма, канструктарскае бюро вышынных і падземных збудаваньняў (ВіПЗ).

КБ «ВіПЗ» праектуе і будуе падобны комплекс Газпраму і ў Санкт-Пецярбургу. Праўда, той комплекс яшчэ больш амбітны — галоўны будынак вышынёй 465 мэтраў, а ў Менску — 189 мэтраў.

У адрозьненьне ад падобнага Газпрамаўскага комплексу ў Маскве, які зьяўляецца выключна вытворчым аб’ектам з замкнёнай тэрыторыяй для людзей, якія там працуюць, менскі комплекс будзе цалкам адкрыты для жыхароў гораду і турыстаў, — тлумачыць начальнік праектнага аддзелу «Газпрам трансгаз Беларусь» Міхаіл Гаўхфельд.

Побач з менскім «ГАЗПРАМ ЦЭНТАР» будуецца транспартная разьвязка, за ўзьвядзеньне якой плаціць напалову Менск, напалову — «Газпрам».\

Транспартная разьвязка на скрыжаваньні праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Філімонава, якая будуецца побач з з “ГАЗПРАМ ЦЭНТРАМ”

Транспартная разьвязка на скрыжаваньні праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Філімонава, якая будуецца побач з з “ГАЗПРАМ ЦЭНТРАМ”

«Газпрам перад Беларусьсю чысты, ён заплаціў усё, што ў яго папрасілі»

Каб зьняць пытаньні журналістаў наконт зьнясеньня Маскоўскага аўтавакзалу, спадар Гаўхфельд распавёў: маўляў, меркавалася, што замест Маскоўскага аўтавакзалу Газпрам пабудуе таксама сучасны аўтавакзал у раёне станцыі мэтро Барысаўскі тракт. Але менскія транспартнікі палічылі, што гэта немэтазгодна, нядаўна здадзены Цэнтральны аўтавакзал, які недазагружаны, ёсьць яшчэ Ўсходні вакзал:

«Карацей, транспартнікі сказалі, маўляў, яшчэ адзін вакзал сталіцы не патрэбны. Таму грошы Газпраму пайшлі на іншыя мэты, у гарадзкі бюджэт, і я прашу вось гэтыя пытаньні ня зьмешваць. То бок Газпрам перад Рэспублікай Беларусь чысты, ён заплаціў усё, што ў яго папрасілі».

Ці не падмыюць самы высокі гмах грунтовыя воды і рэчка Сьляпянка?

Цэнтрам кампазыцыі стане офісны будынак для кампаніі «Газпром» вышынёй 189 мэтраў. Гэта будзе самы высокі гмах беларускай сталіцы з двума падземнымі і 36 надземнымі паверхамі (для параўнаньня: вышыня менскага жылога хмарачоса «Ветразь» разам са шпілем — 133 мэтры). На самым версе празрыстай шматграннай вежы разьмесьціцца чатырохузроўневая рэстарацыя вышынёй у 36 мэтраў з агляднай пляцоўкай. Прычым, офісы тут будуць клясы «А» — такога ўзроўню камфортнасьці ў Беларусі бізнэс-цэнтраў няма. Тут Газпрам паставіў задачу, каб усё было супэрсучасна.

Так будзе выглядаць комплекс “ГАЗПРАМ ЦЭНТАР”

Так будзе выглядаць комплекс “ГАЗПРАМ ЦЭНТАР”

На пытаньне журналістаў, што тычыцца сэйсмаўстойлівасьці гмаху вышынёй 189 мэтраў, спадар Гаўхфельд адказаў так:

«Што да сэйсмолягаў, гэта адно з пытаньняў. Тут настолькі складаная сыстэма, і апрабуецца яна менавіта зараз. Гэты аб’ект знаходзіцца ў даволі складаных умовах: побач рака Сьляпянка, вадасьцёк, грунтовыя воды. Геалёгія перадвызначае глыбіню

закладаньня сваяў ды іншыя канструктыўныя рашэньні. На сёньня падрыхтаваны спэцыяльныя тэхнічныя ўмовы пад кожны высотны аб’ект. Але ў ходзе праектаваньня будуць ўносіцца неабходныя зьмены. Ужо загналі ў глебу парадку 15 сваяў, яны ўсе зараз выпрабоўваюцца. І будзе вырашацца, колькі наагул сваяў спатрэбіцца, якой канструкцыі, на якую глыбіню».

Вакол асноўнага хмарачосу Газпраму разьмесьцяцца камэрцыйныя аб’екты: чатырохзоркавы гатэль «Radisson Blue» з кангрэс-цэнтрам і вялікай заляй на 1 тысячу месцаў; шматпрофільны мэдычны цэнтар плошчай 11 тысяч квадратных мэтраў; фізкультурна-аздараўляльны цэнтар; энэргетычны цэнтар. Будуецца чатырохузроўневы паркінг на 1300 машына-месцаў. Мяркуецца, што будзе створана 5,5 тысяч працоўных месцаў.

Будоўля ў разгары, а генпадрадчыка яшчэ няма

Начальнік праектнага аддзелу «Газпром трансгаз Беларусь» Міхаіл Гаўхфельд патлумачыў:

Агульны выгляд комплексу

Агульны выгляд комплексу

«Адразу была ўстаноўка: ствараць усё па самых сучасных інавацыйных зялёных тэхналёгіях, якія толькі ёсьць у сьвеце, не адстаючы, а прадбачачы, што можа зьявіцца праз 3 — 5 гадоў, калі яшчэ комплекс будуецца. У Беларусі няма аналягаў ні па інжынэрных сыстэмах, ні па бясьпецы, ні па дзясятках іншых парамэтраў. Патрабаваньні вельмі высокія».

Праўда, яшчэ не абраны генпадрадчык, ідзе асобны міжнародны конкурс. Але ўжо поўным ходам вядзецца будаўніцтва сіламі «Менскпрамбуду» і беларускага аддзяленьня Санкт-Пецярбурскай фірмы «Геаіза».

«Працоўныя рэсурсы, будаўнічую тэхніку, бульдозэры, машыны ніхто не павязе з Масквы ці Ангельшчыны», — запэўнівае спадар Гаўхфельд.

Заплянаваны аб’ём інвэстыцыяў — 500 мільёнаў даляраў. Тэрмін уводу аб’екта — 2018 год. Але лічбы, натуральна, могуць памяняцца.

XS
SM
MD
LG