Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Алесь быў шчодры, шчыры, сапраўдны» — навучэнцы Таўрыйскага хрысьціянскага інстытуту, дзе вучыўся Чаркашын


Belarus - Ukrainian friends of Alexander Charkashyn Hanna and Maxim (they did not want to call their names), Brest, 3Sep2015

Belarus - Ukrainian friends of Alexander Charkashyn Hanna and Maxim (they did not want to call their names), Brest, 3Sep2015

Максім і Ганна — муж і жонка з Хэрсону, дзе вучыўся ў Таўрыйскім хрысьціянскім інстытуце беларус Алесь Чаркашын. Сямейная пара адмыслова прыехала ў Берасьце на пахаваньне свайго сябра, зь якім пазнаёмілася ва Ўкраіне. Максім і Ганна не хавалі сьлёз падчас разьвітаньня з Алесем. Яны падзяліліся ўспамінамі пра Алеся Чаркашына.

Ганна: «4,5 году мы ў шлюбе з Максімам, а Саша — ягоны найлепшы сябар. Ён увесь гэты час да нас прыяжджаў, пакуль вучыўся ў інстытуце. Саша прыяжджаў на сэсіі, спыняўся ў нас, мы разам бавілі час. Ведаеце, ён быў вельмі жывы чалавек. Такі палымяны — што вялікая рэдкасьць, бо ён ня быў шэрай масай, а быў лідэрам. І быў надзейным сябрам, за што яго вельмі паважалі. Сёньня мы бачылі, як многа мужчын плакалі, бо ўсьведамлялі, што страцілі сапраўднага сябра.

Калі трэба, ён мог дапамагчы справай і грашыма, для яго не было праблемай аддаць апошняе, што меў сам, прычым з задавальненьнем. Ён быў шчодры, шчыры, сапраўдны, вельмі любіў Бога, прапаведваў, езьдзіў у Чаплынку ў царкву, дапамагаў там вайскоўцам, калі там толькі пачыналіся вайсковыя дзеяньні, граў для іх на гітары, ствараў і сьпяваў для іх песьні.

Пра яго можна шмат казаць, бо яго ўсе любілі. Ведаеце, ў нас у Хэрсоне, ў інстытуце, калі даведаліся пра ягоную сьмерць, плакалі і студэнты, і выкладчыкі, якія яго ведалі. Гэтак атрымалася, што нам не паведамілі, што ён паранены, і даведаліся мы пра сьмерць Алеся з тэлеканала ТСН, як пра героя-беларуса, які загінуў за незалежнасьць і свабоду Ўкраіны. Ён вельмі любіў і Беларусь, і Ўкраіну, і напэўна лічыў яе сваёй другой радзімай. Таму мы вельмі яму ўдзячныя за тое, што ён аддаў сваё жыцьцё за нашу краіну. Мы гэтак хочам, каб гэтая ахвяра не была дарэмнай, і каб наш народ яе па-сапраўднаму ацаніў. Каб не забываліся ні пра яго, ні пра тых хлопцаў, што гінуць кожны дзень.

Мы вельмі-вельмі шкадуем, што страцілі такога сябра. Вайна забрала ў нас вельмі добрага чалавека».

Як сталася, што Алесь Чаркашын пайшоў на вайну за незалежнасьць Украіны?

Максім: «Мы з Сашам былі знаёмыя каля 7 гадоў, яшчэ да таго, як я прыйшоў працаваць туды, дзе ён вучыўся. Ён заўсёды быў аптымістам, заўсёды дамагаўся пастаўленай мэты, стараўся, каб атрымалася лепш.

Але зь Беларусі ён усё часьцей стаў прыяжджаць расчараваны. Асабліва цягам апошніх трох гадоў ён дзяліўся ўражаньнямі і казаў, што вельмі цяжка стала тут жыць. Што і бізнэс цяжка арганізаваць, і нейкую акцыю амаль немагчыма правесьці, хаця сам ён заўсёды браў удзел у мірных акцыях пратэсту і гэтага не баяўся. Сам я ня вельмі разьбіраюся ў палітыцы, але вось ён заўсёды казаў, што Беларусь будзе наступнай пасьля Ўкраіны пакутаваць ад гэтага прыгнёту. Мяркую, ужо на пачатку падзей на Майдане, у якіх ён браў удзел, ён пачаў рыхтавацца і да абароны сваёй краіны. Бо ён разумеў, што калі ва Ўкраіне не спыніць гэтага, то пойдзе і далей».

Ганна і Максім павезьлі з сабой на радзіму ў якасьці падарунка ад сяброў Алеся Чаркашына бел-чырвона-белы сьцяг, які лунаў над магілай беларускага ваяра за незалежнасьць Украіны.

XS
SM
MD
LG