Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка забараніў карыстацца замежнай дапамогай безь яго дазволу, калі тая больш за 90 млн рублёў


Калі памер дапамогі перавышае 500 базавых велічыняў (цяпер базавая — 180 тысяч рублёў), то на яе выкарыстаньне патрабуецца дазвол прэзыдэнта. Калі памер дапамогі на дату яе паступленьня не перавышае гэтай мяжы, то яна выкарыстоўваецца без узгадненьня з кіраўніком краіны.

Пра гэта гаворыцца ў дэкрэце «Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе», які Аляксандар Лукашэнка падпісаў 31 жніўня.

Паводле дакумэнту, замежную дапамогу забаронена выкарыстоўваць для экстрэмісцкай дзейнасьці, іншых дзеяньняў, забароненых заканадаўствам. Таксама яна не павінна ісьці на фінансаваньне палітычных партыяў, саюзаў (асацыяцыяў) палітычных партыяў, на падрыхтоўку або правядзеньне выбараў ці рэфэрэндумаў, на адклiканьне дэпутатаў.

Дэкрэт не дазваляе выкарыстоўваць замежную бязвыплатную дапамогу на арганізацыю ці правядзеньне сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў, дэманстрацыяў, пікетаў, забастовак, на выраб або распаўсюджваньне агітацыйных матэрыялаў. А таксама на правядзеньне сэмінараў або іншых формаў палітычнай і агітацыйна-масавай працы сярод насельніцтва.

Дэкрэт вызначае мэты, на якія можна выкарыстоўваць замежную дапамогу.

Напрыклад, яе можна выкарыстоўваць для ліквідацыі наступстваў надзвычайных сытуацыяў, на навуковыя дасьледаваньні, навучаньне і рэалізацыю навукова-дасьледчых праграмаў. Замежная бязвыплатная дапамога можа быць скарыстаная ў справе аховы гісторыка-культурнай спадчыны, разьвіцьця бібліятэчнай і музэйнай справы, кінэматаграфіі, мастацтва і народнай творчасьці, рамёстваў, аховы навакольнага асяродзьдзя.

Акрамя таго, замежную бязвыплатную дапамогу можна выкарыстоўваць у сфэры выкананьня пакараньняў, прафіляктыкі правапарушэньняў і прапаганды законапаслухмянага ладу жыцьця. Яна можа пайсьці на мэдычную і сацыяльную дапамогу, на ўмацаваньне матэрыяльна-тэхнічнай базы дзяржаўных устаноў, будаваньне аб’ектаў сацыяльнага прызначэньня, разьвіцьцё спорту, а таксама на іншыя мэты, якія вызначаюцца Ўпраўленьнем спраў прэзыдэнта.

У сакаівку гэтага года 29 некамэрцыйных недзяржаўных арганізацыяў краіны накіравалі ў Дэпартамэнт па гуманітарнай дзейнасьці калектыўны зварот з прапановамі аб спрашчэньні парадку атрыманьня замежнай дапамогі.

Некамэрцыйныя недзяржаўныя арганізацыі, сярод іншага, прапаноўвалі адмовіцца ад сыстэмы абавязковай рэгістрацыі замежнай бязвыплатнай дапамогі, замяніўшы на дазвольны прынцып рэгістрацыі. Яны выказаліся за тое, каб выключыць з заканадаўства пералік мэтаў, на якія можа вылучацца замежная бязвыплатная дапамога. Недзяржаўныя арганізацыі прасілі вызваліць атрымальнікаў ад падатку на прыбытак і мытных збораў, вызначыць мінімальны памер грашовых сродкаў, якія не падлягаюць рэгістрацыі. А таксама прадугледзець магчымасьць аднаразовай рэгістрацыі доўгатэрміновых праектаў з улікам усёй сумы.

Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году карэспандэнтка Радыё Свабода вырашыла прааналізаваць, што адбываецца з заходняй дапамогай Беларусі і каму яна насамрэч дапамагае.

Прадстаўніца Цэнтру прававой трансфармацыі Вольга Смалянка, камэнтуючы дэкрэт, сказала карэспандэнту Свабоды:

Вольга Смалянка

Вольга Смалянка

«Гэтага дэкрэту даўно чакалі, бо замежная бязвыплатная дапамога зьяўляецца вельмі важнай у тым ліку для некамэрцыйных арганізацый. Бо працэнт атрыманьня імі гэтай дапамогі вельмі вялікі. І гэта дапамога ідзе ў Беларусі на розныя праграмы, у тым ліку сацыяльныя. Таму чакалі і спадзяваліся, што гэты дэкрэт дасьць пэўныя паслабленьні для некамэрцыйных арганізацый. І вось першае ўражаньне: сур’ёзных паслабленьняў для атрымальнікаў замежнай бязвыплатнай дапамогі гэты дэкрэт не прынёс. А некаторыя моманты нават пагоршыў».

Паводле Вольгі Смалянкі, палажэньне пра тое, куды можа і на што не павінна ісьці гуманітарная дапамога, раней крытыкавалася некамэрцыйнымі арганізацыямі:

«Бо пералік гэтых мэтаў вельмі вузкі і не адпавядае рэальнасьці. Напрыклад, тут няма правоў чалавека, чым займаецца наша арганізацыя. А зь іншага боку, ёсьць прынцып свабоды дамовы. Атрымліваецца, што арганізацыі, зарэгістраваныя са сваімі статутамі, дзе ўказаныя мэты дзейнасьці, не на ўсе гэтыя мэты могуць выкарыстоўваць дапамогу.

Таксама я лічу, што ўся гуманітарная дапамога павінна вызваляцца ад падаткаў. Бо рэдка які донар хоча плаціць падаткі з дапамогі. Наогул трэба адмяняць рэгістрацыю замежнай бязвыплатнай дапамогі. Бо па той жа справаздачнасьці можна праверыць мэты, на якія пайшла дапамога. І ў нас існуе вялікі пералік органаў, якія кантралююць гэта».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG