Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тысячы і тысячы ўцекачоў, што выпраўляюцца па лепшую будучыню ў Эўропу, ставяць краіны Эўразьвязу перад новым выклікам. Нябачаныя маштабы міграцыі, паводле заяў некаторых палітыкаў, могуць пакласьці канец Шэнгену і зруйнаваць сацыяльныя сыстэмы дзяржаў. Паводле іншых, наадварот, новыя мігранты могуць быць эканамічнай падтрымкай і выручкай.

Цела сірыйскага хлопчыка-тапельца, фота якога абляцела ўвесь сьвет.

Цела сірыйскага хлопчыка-тапельца, фота якога абляцела ўвесь сьвет.

Самым гарачым і перанаселеным месцам у апошнія суткі стаў будапэшцкі вакзал Келэці, дзе сабралася каля 3 тысяч уцекачоў. Паколькі яны ня мелі Шэнгенскіх візаў, улады спрабавалі спыніць іх далейшы рух у Эўропу. Аднак сіл паліцыі хапіла ўсяго на дзясяткі гадзінаў. У чацьвер заблякаваны вакзал адчынілі, але абвясьцілі, што ніводзін цягнік за межы Вугоршчыны не паедзе. Тым ня менш, уцекачы ўзялі штурмам адзін з пустых цягнікоў, ён адвёз іх за 40 кілямэтраў ад Будапэшту. У той жа дзень вугорскі прэм’ер Віктар Орбан адкрыта выказаўся ў Брусэлі на гэтую тэму.

«Варта быць адказнымі. Калі мы ствараем уяўленьне ці ўражаньне, што варта толькі прыйсьці і мы прымем кожнага — гэта маральны правал, таму што гэта няпраўда. Маральна і гуманна сказаць адкрыта — не прыходзьце, калі ласка. Чаму вы павінны перабірацца з Турэччыны ў Эўропу? Турэччына бясьпечная краіна, заставайцеся там, пераезд можа быць небясьпечным. Мы ня можам гарантаваць, што вы будзеце тут прынятыя», — заявіў Орбан на сумеснай прэсавай канфэрэнцыі пасьля сустрэчы са старшынём Эўрапейскага парлямэнту Марцінам Шульцам.

Больш за тое, Орбан даслоўна заявіў, што ўцекачы — гэта не эўрапейская праблема, гэта праблема Нямеччыны:

«Ніхто ня хоча заставацца ў Вугоршчыне, як ня хоча заставацца ні ў Славаччыне, ні ў Польшчы, ні ў Эстоніі. Усе яны хочуць ў Нямеччыну».

Напярэдадні з Бэрліну прагучала афіцыйнае запэўніваньне, што Нямеччына не адмовіць ніводнаму ўцекачу з Сырыі. Тыя зь іх, хто да Нямечыны апошнімі днямі дабраўся, сустрэлі тут цёплы прыём. Але канцлерка Нямеччына Ангела Мэркель заклікае іншыя краіны Эўразьвязу праяўляць большую салідарнасьць у дапамозе ўцекачам. Яе крытыка адрасавана перадусім ўсходнеэўрапейскім суседзям.

На вакзале Будапэшту.

На вакзале Будапэшту.

Краіны так званай Вышаградзкай чацьвёркі (Чэхія, Славаччына, Польшча і Вугоршчына) занялі сваю пазыцыю, якая ў першую чаргу не прызнае «квот» на разьмеркаваньне ўцекачоў і аддае перавагу дапамозе людзям «на іх тэрыторыі». Славацкі прэм’ер Робэрт Фіца, напрыклад, зьвяртае ўвагу, што палітычную адказнасьць за апошнія вайсковыя канфлікты нельга ўскладаць толькі на Эўропу: «Ня мы ініцыявалі бамбаваньне Лібіі», — кажа ён.

Шэраг палітыкаў падзяляюць погляд на тое, што «нямецкі рай» і шчодрая сацыяльная сыстэма могуць самі па сабе стаць матывам міграцыі. Так, сэрбскі прэм’ер Аляксандр Вучыч у размове для Frankfurter Allgemeine Zeitung зьвяртае ўвагу, што памер сацыяльнай дапамогі, якую атрымліваюць уцекачы ад нямецкага ўраду (каля 400 эўра на месяц для дарослага і 200 на дзіця) перавышае сярэднюю зарплату ў Сэрбіі. На думку Вучыча, калі б немцы зьнізілі памер дапамогі хаця б напалову, паток мігрантаў з Бальканаў мог бы ўпасьці на 80 працэнтаў.

На вакзале Будапэшту.

На вакзале Будапэшту.

Палітыка Эўразьвязу што да прыйманьня ўцекачоў стваралася ў часе іншых рэалій. Мэханізм адсейваньня «сапраўдных» і эканамічных бежанцаў пакуль не спрацоўвае. Не спрацоўвае і прынцып супольнай дамовы ЭЗ пра тое, што ўцякач павінен папрасіць прытулку ў першай бясьпечнай краіне: улады Італіі ці Грэцыі, куды ўцекачы трапляюць па моры, часта іх нават не рэгіструюць. Тое, што патэнцыйныя мігранты добра інфармаваныя пра сучасны стан і выкарыстоўваюць яго ў сваіх інтарэсах, пацьвярджае размова з 35-гадовай жанчынай, маці дваіх дзяцей, якую карэспандэнт сустрэў ва ўцякацкім лягеры ў Лібане:

’’Мы вырашылі, што трэба адсюль сысьці групай. Я была адзінай з гэтай групы, якая не магла гэта зрабіць, таму што ня мела дастаткова грошай, каб заплаціць за дарогу. Я мела надзею да апошняга моманту. Мы павінны былі паехаць у Турэччыну, а з Турэччыны ў Грэцыю па моры, адкуль бы мы перабіраліся з краіны ў краіну, пакуль бы не дабраліся да Нямеччыны’’.

Жанчына таксама сказала, што баялася дарогі па моры зь дзецьмі, бо чула, якая яна можа быць небясьпечная. У чацьвер мэдыі сьвету абляцеў здымак сырыйскага хлопчыка, які патануў у Эгейскім моры. Па дарозе з Турэччыны ў Грэцыю патанулі таксама яго маці і брат.

Грэцыя паведаміла, што толькі за апошнюю ноч берагавая варта выратавала 751 ўцекача на моры. Лік перасяленцаў расьце з кожным днём і іх прысутнасьць — новыя рэаліі, якія становяцца найважнейшым сацыяльным і палітычным фактарам будучыні Эўропы.

  • 16x9 Image

    Алена Ціхановіч

    Родам з Койданава, ці Дзяржынску. У раньнія 90-я пачала супрацоўніць са «Свабодай», вэтэраны якой абралі яе пазьней «голасам радыё».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG