Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У апазыцыйных колах працягваецца дыскусія пра тое, ці падтрымліваць Тацяну Караткевіч у выпадку, калі яе зарэгіструюць кандыдатам у прэзыдэнты. Гэта пытаньне падзяліла шараговых актывістаў на тых, хто «за», і хто «супраць».

Мікола Воран, сталы сябра партыі БНФ, ад пачатку яе дзейнасьці браў удзел ва ўсіх палітычных кампаніях. Сёлета ён зьбіраў подпісы за Лябедзьку. Упэўнены, што апазыцыя павінна была па-іншаму паставіцца да сёлетніх выбараў. І цяпер ён лічыць, што насуперак усім падзелам апазыцыя павінна сабрацца на «Круглы стол» і абмеркаваць сытуацыю, якая склалася вакол адзінага кандыдата.

Асабіста ён кажа, што кандыдатуру Караткевіч падтрымаць папросту ня можа. Паводле Ворана, Тацяна Караткевіч павінна зьняць сваю кандыдатуру, нават калі яе і зарэгіструюць у якасьці кандыдата.

— На мой погляд, 100 тысяч подпісаў, акрамя Лукашэнкі, ніхто не сабраў, і яна іх таксама не сабрала. Яна павінна зьняцца. Тацяна павінна разумець, што ейны ўдзел будзе азначаць легітымізацыю выбараў. Гэта будзе падставай для таго, каб міжнародная супольнасьць іх прызнала.

Актывіст Эдвард Дзьмухоўскі зьбіраў сёлета подпісы за Тацяну Караткевіч, стаяў штодня ў пікетах і шмат размаўляў з выбарцамі. Паводле Дзьмухоўскага, у людзей яшчэ цепліцца вера ў перамены, а таму, паводле яго, апазыцыя павінна браць удзел у гэтай палітычнай кампаніі. Ён перакананы, што большасьць выбарцаў больш ня вераць ні Лукашэнку, ні ягоным палітыкам.

— На гэтых выбарах у любым выпадку павінна быць прадстаўлена альтэрнатыўная думка. Усе іншыя палітыкі, акрамя Караткевіч, да гэтага не рыхтаваліся і апынуліся на ўзбочыне дарогі. Калі Караткевіч заявіла, што мы назьбіралі подпісы, то адразу закрычалі, што яна іх сфальшавала. Я, да прыкладу, супраць, каб нехта глядзеў мае подпісы. На якой падставе? Чым яны кіруюцца, я не разумею...

Кіраўнік Слонімскай раённай арганізацыі БНФ Іван Шэга кажа, што адпачатку адмовіўся разам з сваімі сябрамі браць удзел у гэтай выбарчай кампаніі, бо ня бачыў вартых кандыдатаў з боку апазыцыі. Хоць і лічыць, што апазыцыя павінна была адпачатку паставіцца да гэтых выбараў па-іншаму.

Іван Шэга

Іван Шэга

— Я лічу, што Караткевіч — фігура тэхнічная, і ўпэўнены, што за яе шмат людзей не прагаласуе. А траціць свой час і рабіць дзеля гэтага нейкія высілкі я не зьбіраюся, бо я дарослы чалавек.

Галіна Котава — сябра БХД. Нягледзячы на тое, што многія ейныя аднапартыйцы падтрымліваюць Караткевіч, яна адпачатку сказала, што не зьбіраецца за яе галасаваць. Асабліва яе засмучае каманда Караткевіч. У прыватнасьці, спадарыня Галіна ня мае веры Андрэю Дзьмітрыеву, які зарэкамэндаваў сябе, паводле Котавай, як не зусім сумленны чалавек.

Галіна Котава

Галіна Котава

— Вось у нас тут разыходжаньні зь ёю. Яна спачатку нешта пра сымболіку казала, пра мову, а цяпер нібыта ўжо і адмаўляецца. Нешта ў яе няма такіх цьвёрдых перакананьняў. І наагул у мяне складваецца ўражаньне, што яна праўладная, часта аглядаецца і ня мае ўпэўненасьці, што датычыць пытаньняў лёсу Беларусі і народа, хоць яна там і баршчы варыла. Нечым яна мне нагадвае Ярмошыну...

Здымкі

1 Мікола Воран

2 Эдвард Дзьмухоўскі

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG