Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Самота беларускага пісьменьніка


Джонатан Прэт. Урок чытаньня

Джонатан Прэт. Урок чытаньня

Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

«Мой ідэальны чытач — я сам; я пішу для сябе і для вузкага кола разумных і чулых, крыху дзіўнаватых людзей, якім няма чаго губляць, апрача літаратуры» (Альгерд Бахарэвіч).

«Цяпер я пішу толькі для сябе, бо больш не магу заняцца нічым іншым. Ну а мой чытач — гэта той, які сёньня жыве такім жыцьцём, якім жыву я; якога непакоіць тое, што непакоіць і мяне» (Віктар Казько).

«Для блізкіх мне людзей. Меркаваньне астатніх пачынае цікавіць толькі на тэрмінальных стадыях абмеркаваньня твору, з заалягічнага пункту гледжаньня. У момант пісаньня астатніх не існуе. Ды, уласна, і першых таксама» (Віктар Марціновіч).

«Для сябе і для ўсіх, хто гатовы набыць кнігу ў кнігарні, то бок для любога чалавека, якому раптам захочацца прачытаць па-беларуску перакладзены мной твор» (Ганна Янкута).

«Непасрэдна ў момант пісаньня — для сябе. Але ў выніку атрымліваецца, што і для пэўнага кола сучасьнікаў і наступнікаў, а калі ўзяць літаратуразнаўчую дзейнасьць, — то яшчэ нават і для папярэднікаў» (Віктар Жыбуль).

«Для сусьвету маёй мовы» (Сяргей Шупа).

«Ня ведаю. Банальна, але мо для сябе? Ці хутчэй — для пэўнага пачуцьця ці адчуваньня, у глябальным, так бы мовіць, сэнсе» (Дзьмітры Плакс).

«Мой ідэальны чытач — дзед на прызьбе, які сядзіць зь піпкай, гартае маю чарговую кніжку і за кожным разам-сказам прыгаворвае „Ну тваю ж маць! Як, гаўнюк, піша!..“» (Ігар Сідарук).

«Я пішу не па замове, таму арыентуюся толькі на сябе. Спадзяюся, мяне чытаюць не-ідэальныя людзі» (Вольга Гапеева).

Пераважная большасьць адказаў на першае пытаньне ў Літанкеце Свабоды — пытаньне, так бы мовіць, пра мэтавую аўдыторыю сучаснай беларускай літаратуры — пададзена ў такім самым або вельмі падобным ключы, як гэтыя дзевяць, працытаваныя вышэй. Сёньня беларускі пісьменьнік (перакладчык) перажывае творчыя мукі не для «народу», а перш за ўсё для сябе самога і, у найлепшым выпадку, для «пэўнага кола» «блізкіх», «дзіўнаватых», «якім раптам захочацца прачытаць па-беларуску»... Для «дзеда зь піпкай на прызьбе» ;)

Хоць у гэтых адказах асабіста для мяне нічога нечаканага няма, я магу ўявіць сабе зьдзіўленьне ці нават абурэньне ладнага гурту беларускіх чытачоў, якім такія адказы могуць падацца недарэчнымі ці нават скандальнымі. Як жа так?! А што з Купалавым запаветам:

Кожны край мае тых, што апяваюць,
Чым ёсьць для народа ўпадак і хвала,
А беларусы нікога ж ня маюць,
Няхай жа хоць будзе Янка Купала
. — ?

Спадзяваньні такіх чытачоў пакуль што апраўдаў усяго адзін аўтар, які аказаў нам так:

«Ворагі Беларушчыны спадзяваліся, што пазбаўленае дзяржаўнай падтрымкі наша прыгожае пісьменства загавее душой. Каб такія спадзеўкі ня спраўдзіліся, я і ўдзельнічаю ў літаратурным працэсе» (Вінцэсь Мудроў).

Хтосьці можа сказаць, што наша апытанка ня вельмі каб рэпрэзэнтатыўная. Мы пакуль маем адказы ўсяго ад 50 зь лішкам аўтараў; магчыма, у наступных 50 адказах мы пачуем нешта зусім іншае. Але я занадта не спадзяваўся б на радыкальна іншае. Усё ж 20 апошніх гадоў у гісторыі Беларусі моцна падарвалі ранейшую пісьменьніцкую ўпэўненасьць, што беларуская літаратура неабходная беларускаму народу хоць бы напалову так, як неабходная танная каўбаса на паліцы ў краме і зарплата, якой хапіла б на ўвесь месяц. Вынікі гэтага «падрыву сьвядомасьці» мы якраз і бачым у апытанцы. Сёньня літаратура для беларускага пісьменьніка стала перш за ўсё сродкам самасьцьвярджэньня, а не нацыянальным і палітычным абавязкам. Яна стала самотнай вандроўкай праз «сусьвет сваёй мовы», а не карпаратыўным прабегам зь лёзунгамі супраць «ворагаў беларушчыны». Гэта для мяне — стрыжань усяго таго, што кажа нам Літанкета Свабоды наконт стану пісьменьніцкай сьвядомасьці ў Беларусі 2015 году.

Хацелася б запыніцца на яшчэ адным пытаньні Літанкеты: На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Колькі кухталёў я атрымаў ад сваіх рэдакцыйных калегаў за такую фармулёўку пытаньня! Маўляў, чаго сюды піхаеш расейскую мову!? А калі ўжо піхаеш расейскую, то давай і ўкраінскую ў дадатак. Ну бо хто зь беларусаў не разумее ўкраінскай мовы?!

Пытаньне «на якіх замежных мовах вы можаце чытаць?» трэба тут насамрэч разумець: «на якіх замежных мовах вы чытаеце больш-менш рэгулярна?» То бок, на якіх замежных мовах вы чытаеце, прыкладам, Кормака МакКарты і Габрыэля Гарсію Маркеса — на ангельскай і гішпанскай ці, можа, на польскай і ўкраінскай? Мой адказ такі: МакКарты я чытаю на ангельскай і чэскай, Маркеса — на польскай і ўкраінскай; апошнім часам стаў чытаць на гішпанскай. То бок, «магчы чытаць» і чытаць насамрэч — дзьве вялікія розьніцы. Вось у гэтым я, відаць, даў маху ў фармулёўцы пытаньня. Але ня ў тым, што я ўключыў у пытаньне засьцярогу «расейская ня лічыцца» і не згадаў пра ўкраінскую. Ні ўкраінскай мове, ні ўкраінскай літаратуры ня вучаць у беларускіх школах (як гэта адбываецца з расейскай мовай і літаратурай), а таму ўкраінская — стоадсоткава замежная мова для Беларусі. І ня мае тут вялікага значэньня факт, што беларус з украінцам могуць дагаварыцца кожны на сваёй мове безь перакладчыка. Лексыка літаратурнай беларускай мовы розьніцца ад лексыкі літаратурнай украінскай на 15%-20%, а гэта занадта вялікая розьніца, каб беларус стаў чытаць з поўным разуменьнем і «з асалодай» літаратуру па-ўкраінску без папярэдняй падрыхтоўкі і бяз слоўніка. Я ўжо не кажу тут пра культурныя коды, якія беларусу ў расейскай мове амаль так сама зразумелыя, як і расейцу, а ва ўкраінскай — толькі збольшага, калі наогул...

Карацей, калі меркаваць па адказах на пытаньне пра замежныя мовы, то, за нешматлікімі і вартымі найвышэйшай пахвалы выняткамі, беларускія пісьменьнікі спазнаюць іншыя літаратуры і іншыя моўныя сьветы праз расейскую мову і расейскія культурныя коды... Выхад з гэтай скрутнай сытуацыі ёсьць — або вывучыць усім беларусам пяць-шэсьць «нерасейскіх» моваў і перастаць чытаць расейскамоўныя кнігі, або паспрабаваць «нацыяналізаваць» расейскую мову, закладаючы ў ёй свой беларускі код (так як пачалі гэта рабіць украінскія расейскамоўныя пісьменьнікі). Што лягчэй?

У тое, што беларускія перакладчыкі змогуць за бліжэйшыя 50 гадоў настолькі вырасьці і самасьцьвердзіцца, каб паперакладаць усё патрэбнае чалавеку, які хоча спазнаць сусьветную літаратуру празь беларускую мову — я ня веру.

Наогул, усе пытаньні ў нашай літанкеце настолькі дарэчныя (з чым я сябе віншую яшчэ раз!), што адказы на іх, так сказаць, можна аналізаваць у сэрыі перадачаў «Праскага акцэнту» бяз боязі, што недзе ў палове другой перадачы вычарпаецца матэрыял для абмеркаваньня. Аднак сёньняшні мой тэкст вычарпаў фармат «Варты», таму на гэтым я і спынюся, абяцаючы вярнуцца да тэмы пасьля публікацыі 50 наступных літанкетаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG