Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа Беларусь прэтэндаваць на скарбы з «Залатога цягніка»?


Золата зь беларускіх сынагогаў, карціны з прыватных і музэйных калекцыяў, старыя экзэмпляры беларускіх кніг — усё гэта, на думку, навукоўцаў, тэарэтычна можа знаходзіцца ў бронецягніку, які шукалі 70 гадоў і, праўдападобна, цяпер знайшлі ў тунэлі блізу горада Валбжых у Польшчы.

Прадстаўнік Міністэрства культуры Польшчы Пётар Жухоўскі пацьвердзіў інфармацыю пра выяўлены састаў, назваўшы яе праўдападобнай, і адзначыў, што даўжыня цягніка, як мяркуецца, больш за сто мэтраў, і ён можа мець на борце да 300 тон золата. У ведамства ёсьць у распараджэньні фатаздымкі з геарадару, якія паказваюць на існаваньне цягніка.

Вядома, што цягнік выехаў з Брэслаў (цяпер Уроцлаў) у траўні 1945 году і потым таямніча зьнік.

BBC са спасылкай на польскіх журналістаў выказвае думку, што, магчыма, гэта той самы нацысцкі цягнік, поўны золата, каштоўных камянёў і гарматаў, які зьнік падчас Другой сусьветнай вайны.

Золата беларускіх габрэяў пераплавілі ў зьліткі

Гісторык Алег Трусаў, які быў намесьнікам старшыні Камісіі па адукацыі, культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны ў Вярхоўным савеце 12-га скліканьня, лічыць, што ў цягніку можа быць золата беларускіх габрэяў. Праўда, даказаць гэта будзе немагчыма, нават калі пачнецца працэс рэстытуцыі — зазвычай такія манэты пераплаўлялі ў зьліткі.

Калі б я верыў савецкай прапагандзе, то сказаў бы, што ў гэтым цягніку можа быць крыж Эўфрасіньні Полацкай.

«Калі б я верыў савецкай прапагандзе, то сказаў бы, што ў гэтым цягніку можа быць крыж Эўфрасіньні Полацкай. Але ён у Маскве. Тое, што вывозілі немцы зь Беларусі, яны вывозілі ва Ўсходнюю Прусію, у бок Кёнігсбэргу. Таму складана сказаць, ці магло нешта трапіць у раён Уроцлава. Калі кажуць, што там цягнік з золатам і іншымі каштоўнасьцямі, то малаімаверна, што туды нешта трапіла зь Беларусі. Бо ў нас ніколі шмат золата не было, не такая мы краіна. Адзінае, што немцы, вядома, забіралі золата ў беларускіх габрэяў. Але гэта звычайныя манэты, якія ня мелі мастацкай каштоўнасьці. Зрэшты, гэтае золата немцы ў зьліткі адразу пераплаўлялі. Таму цяпер даказаць, дзе чыё золата, немагчыма».

Між тым у польскай прэсе ўжо зьявілася інфармацыя пра тое, што на знаходку могуць прэтэндаваць спадкаемцы габрэяў, якія жылі ў рэгіёне да вайны, і нават Расея — як афіцыйны правапераемнік СССР.

Алег Трусаў кажа, што пытаньне рэстытуцыі вельмі няпростае. А калі ўлічыць, што Польшча лічыць сябе найбольш пацярпелай у Другой усясьветнай вайне, то імаверна, што яна будзе імкнуцца пакінуць скарбы, калі тыя знойдуцца, сабе:

Алег Трусаў

Алег Трусаў

«Зразумела, што палякі ня будуць сьпяшацца раздаваць золата тым, хто тэарэтычна на яго прэтэндуе. Тым больш што палякі скажуць, што яны найбольш пацярпелі ад немцаў у часе вайны, таму „залаты цягнік“ можа разглядацца як кампэнсацыя — палякі маюць маральнае права забраць усё золата сабе. Разам з тым іншыя краіны таксама могуць заявіць прэтэнзіі на знойдзены скарб. Але толькі калі дакажуць права на прэтэнзію дакумэнтальна. Тады пачынаецца працэс рэстытуцыі, які яшчэ зусім не гарантуе, што спрэчны скарб вернуць. Забраць нельга. Але можна прасіць, можна мяняць, можа быць акт добрай волі. Але на дадзены момант палякі ўжо афіцыйна заявілі, што ўсё знойдзенае належыць ім».

Немцы палявалі на прыватныя мастацкія і кніжныя калекцыі

Культуроляг Сяргей Харэўскі кажа, што ў часы вайны зь Беларусі вывозілася вельмі шмат прыватных збораў ды музэйных калекцыяў. Малаімаверна, але тэарэтычна магчыма, што нешта з гэтага трапіла і ў «залаты цягнік».

Напрыклад, вывезьлі прыватны кнігазбор і калекцыю твораў мастацтва мастака Оскара Марыкса, які перад вайной жыў у Менску.

«Напрыклад, вывезьлі прыватны кнігазбор і калекцыю твораў мастацтва мастака Оскара Марыкса, які перад вайной жыў у Менску. Немцы ўсё гэта вывезьлі, і толькі некаторыя кнігі з эксьлібрысамі мастака вярнуліся ў Беларусь. Што ўжо казаць пра рэгіянальныя музэі і храмы, якія былі разрабаваныя! Таму, тэарэтычна, багата што можа знайсьціся з таго, што па праву належыць Беларусі. Можна ўзгадаць драматычны лёс дзяржаўнай галерэі БССР, якая была вывезеная. У загадкавым цягніку, які нібыта цяпер выяўлены каля Ўроцлава, цалкам могуць апынуцца рэчы, якія былі вывезеныя зь Беларусі ў міжваенны час у Польшчу ці ў Расею. Але пра гэта цяжка гаварыць з улікам таго, што польскі бок не паведамляе ўсёй інфармацыі. Ёсьць вялікая колькасьць рэчаў, якія ў 1939 годзе людзі пахавалі ад саветаў. Каб уявіць маштабы такіх сховаў, можна прыгадаць славуты менскі скарб, які быў знойдзены ў 70-я гады на скрыжаваньні цяперашніх вуліц Гарадзкі Вал і Валадарскага. Гэта быў велізарны куфар, поўны золата, сярод якога было шмат твораў мастацтва. Нельга выключаць, што ў знойдзеным у Польшчы цягніку ёсьць вынесенае зь сынагогаў золата беларускіх габрэяў».

Калі ў «залатым цягніку» ёсьць нешта беларускае, то гэта ня золата

Прафэсар Адам Мальдзіс, які доўгі час вывучае артэфакты, вывезеныя зь Беларусі, кажа, што знаходка цягніка — вельмі вялікая падзея, а міжведамасная камісія па рэстытуцыі культурных каштоўнасьцяў павінна высьветліць, ці не было там беларускага золата:

Адам Мальдзіс

Адам Мальдзіс

«Трэба дакладна адсачыць, адкуль гэты цягнік ехаў, дзе фармаваўся. Тут наша амбасада ў Варшаве, Цэнтар беларускай культуры ў Варшаве, а таксама беларуская дыяспара ў Польшчы павінны актыўна пасадзейнічаць. Вельмі магчыма, што там ёсьць беларускія скарбы. З нашай зямлі было шмат вывезена ва Ўсходнюю Прусію, у Кёнігсбэрг. Але гэта ня золата, а экспанаты з музэяў, а таксама кнігі, вялікая частка якіх знаходзіцца ў ваколіцах Уроцлава. Немцы найперш урываліся ў музэі. Тут найбольш мяне турбуе лёс Баранавіцкага і Слонімскага музэяў».

Тым часам кіраўнік Нацыянальнага банку Польшчы Марэк Бэлька заявіў: «Гісторыя пра „залаты цягнік“ нацыстаў — „качка“».

XS
SM
MD
LG