Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Магніфікат» — самы прадстаўнічы за сваю гісторыю


Каравай для гасьцей «Магніфікату-2015»
Каравай для гасьцей «Магніфікату-2015»

У Глыбокім завяршаецца фэстываль хрысьціянскіх фільмаў і тэлепраграмаў «Магніфікат-2015». На фэстываль прыехалі ўдзельнікі конкурсу і госьці з дваццаці пяці краінаў сьвету.

Кінафэстываль адкрыўся 30 верасьня ў Менску ў Архікатэдральным касьцёле Найсьвяцейшай Дзевы Марыі, распачаўшыся ўрачыстай імшой. А завяршаецца сёньня ў Глыбокім — менавіта ў гэтым райцэнтры ён быў запачаткаваны і прайшоў упершыню ў 2005 годзе. Кінафорум патрануе Канфэрэнцыя каталіцкіх біскупаў, ён заснаваны каталіцкай асацыяцыяй «Signis-Belarus», студыяй «Стоп-кадр», а таксама Віцебскай каталіцкай дыяцэзіяй і часопісам «Дыялёг».

Сымболіка фэстывалю
Сымболіка фэстывалю

30 верасьня кінапрагляд распачаўся ў сталіцы, а 31-га пераехаў у Глыбокае. Прагляды конкурснай праграмы праходзілі і ў мястэчках рэгіёну.

Удзельнікі «Магніфікату-2015» прадстаўляюць 16 краін, сярод якіх Беларусь, Украіна, Расея, Польшча, Францыя, Гішпанія. Упершыню ўдзел бярэ Аргентына — прадстаўнікі гэтай краіны зьнялі фільм разам з армянскімі кінэматаграфістамі.

Паводле cтаршыні фэстывалю Юрыя Гарулёва, сёлетні фэстываль стаў самым прадстаўнічым — як па колькасьці краін-удзельніц, так і па колькасьці дасланых заявак:

«Амаль удвая павялічылася колькасьць прац, якія нам даслалі — калі параўнаць зь мінулым годам. Амаль 50 стужак — фільмаў і тэлеперадачаў — былі на конкурсе. А паступіла да нас 150 заявак. Усё ж гэта трэба было паглядзець! Во гэта было працы! Прадугледжана і шмат узнагарод — каб уганараваць за лепшы дакумэнтальны фільм, лепшую тэлеперадачу, а галоўны прыз — Гран-пры за самую выдатную дакумэнтальную кінапрацу. Будуць і дыплёмы з падарункамі, і адмысловыя прызы. Але гэта ня тая імпрэза, дзе галоўнае — гэта спаборніцтва. Тут важна іншае: гэта фэстываль хрысьціянскі, тут ёсьць і католікі, і праваслаўныя, і пратэстанты, і дэвіз фэстывалю — каб усе былі адно. Такое вось сяброўства і еднасьць».

У Івесі караваем сустракаюць удзельнікаў і старшыню фэстывалю Юрыя Гарулёва
У Івесі караваем сустракаюць удзельнікаў і старшыню фэстывалю Юрыя Гарулёва

Сярод удзельнікаў фэстывалю — і пачаткоўцы, і вядомыя майстры. Але кінапрагляды і творчыя сустрэчы — не адзіная адметнасьць фэстывалю. У вёсцы Івесь Глыбоцкага раёну некалі заклалі адмысловую алею, якая штогод прырастае — новыя дрэвы на ёй садзяць удзельнікі з тых краін, якія прыехалі на фэстываль упершыню.

Алея ў Івесі
Алея ў Івесі

Сёлета тут зьявілася дрэўца і шыльдачка «Аргентына». Паколькі творчая праца гэтай краіны супольная з Армэніяй, гонар пасадзіць новае дрэва дастаўся кінапрадусару і рэжысэру Армэну Гаспарану:

«Наш фільм быў зьняты ў Армэніі, гэта наша мясцовая тэматыка. Карціна называецца „Белы дзень“. Сёлета было 100-годзьдзе генацыду армян, і ёсьць такі адмысловы дзень — гэта 24 красавіка кожнага году, — калі людзі ад самага ранку да позьняга вечара йдуць і йдуць да мэмарыялу, яго назва перакладаецца „Крэпасьць ластаўкі“. Яны аддаюць даніну памяці ахвярам генацыду, якіх у 1915 годзе было паўтара мільёна. І сёлета гэта было надзвычай урачыста, бо прайшло цэлае стагодзьдзе».

Дрэўца ў гонар Аргентыны
Дрэўца ў гонар Аргентыны

Кожная праца, прадстаўленая на кінафэстывалі «Магніфікат», — гэта фільм пра хрысьціянства і шлях чалавека да Бога, які часам бывае дужа нялёгкі. Сёлета ўпершыню прынялі рашэньне, абумоўленае надзвычай вялікай колькасьцю прэтэндэнтаў на ўдзел. Найбольш яскравыя фільмы і перадачы, якія не ўвайшлі ў сёлетні праграмны пералік, верагодна, нават без паўторнага прагляду будуць уключаныя ў праграму наступнага «Магніфікату-2016».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG