Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісьменьнікі не пралетарыі, не яднаюцца


Сяргей Астраўцоў

Сяргей Астраўцоў

Быў на вечарыне памяці паэта і пачуў нечаканы выступ крытыка. Ніколі ня думаў, што такі акадэмічна настроены чалавек чытае ўсе пісьменьніцкія анкеты пад рубрыкай «Варта» на сайце Свабоды. Цікавыя адказы!

Але чалавек схапіўся за галаву ад зьместу. Што здарылася? Аказваецца, яны «абнажаюцца», няма, як я зразумеў, нацыянальнага ў адказах, а толькі «пустата». Канечне, можа таго Глебку не абавязкова чытаць, бо што там чытаць, але ўсё ж... Раней пісьменьнікі імкнуліся гуртавацца, а цяпер кожны сам сабе, махнуў безнадзейна рукой чалавек.

Вядома, крытык апрыёры настроены адносна пісьменьніка насьцярожана. Ён для яго падазроная асоба, паколькі ягоная творчасьць ня мае дачыненьня да ўзораў клясыкаў, якія, зразумела, даўно памерлі.

Але ў мяне зусім іншае ўражаньне ад анкеты. Нібыта задума простая, але пісьменьнікам упершыню далі магчымасьць разьняволена выказацца пра сабе як творцу. І гэтае выказваньне атрымалася масавым, яно дае ўражаньне аб абліччы тых, хто сёньня піша па-беларуску. Раней ім давалі толькі аркушык напісаць стандартную біяграфію. Быў некалі даведнік «Пісьменьнікі савецкай Беларусі». Усё стандартна. На першым месцы – зь якога году чалавек быў членам КПСС. Далей – месцы працы, назвы кніжак. Выклікала нязгоду хлусьлівая фармулёўка «памёр у 1937 годзе». Але такі быў час.

У анкеце «Варты» якраз нечаканыя па савецкіх паняцьцях пытаньні. Аб свабодзе. Альбо даволі складанае, што схіляе нават да творчай фантазіі – зь якім літаратурным пэрсанажам вы можаце мець падабенства? У савецкія часы, зрэшты, адказалі б хутчэй. Але – прадказальна. З Паўлам Карчагіным, скажам. Чаму такая ўпэўненасьць? А што адказвалі ў рэдкіх інтэрвію пра любімых пісьменьнікаў? Стандартным наборам. Прычым пераважалі таксама не беларускія (пра што сёньня, напэўна, шкадуе крытык), на першым месцы былі абавязкова Талстой, Пушкін (альбо ў адваротным парадку), затым Лермантаў, Гогаль, Чэхаў, Бунін, Шолахаў.

Ніякавата было чытаць некалі, як адзін з нашых пісьменьнікаў прызнаваўся, што ўдзячны расейскай мове, бо «дзякуючы ёй мы чытаем замежных аўтараў». Але ж гэтай мовай тлумілі родную, мы амаль нічога не маглі пачытаць па-беларуску, пераклады былі адзінкавыя. І нават кола перакладаў на расейскую было акрэсьленым недзе ў ЦК КПСС. Што дзіўнага, што сёньня пісьменьнікі захапляюцца заходнімі аўтарамі? У савецкі час, як толькі (пры Гарбачове) пачалі друкаваць раней недаступную літаратуру, сталыя літаратары таксама кінуліся па яе, у іх таксама быў голад. Гамсун, Кафка! Нават жартавалі, калі нехта надрукаваў пісьменьніцкі дзёньнік, пераважна прысьвечаны прачытаным нядаўна новым кнігам, што гэта хутчэй «дзёньнік чытача».

Хіба стане лепей, калі пісьменьнікі абмяжуюцца чытаньнем толькі беларускай клясыкі? Чытаць сваіх, пісаць пад сваіх? Значыць не разьвівацца. Што яны тады напішуць? Хто іх будзе чытаць? У сытуацыі, калі дзяржава дбае, каб тых, хто чытае па-беларуску, было чым меней? Трэба ўсьведамляць, што беларуская савецкая літаратура была абмежаванай, закрытай, «партыйнай». А ў нас існуе памкненьне да свабоды. Хіба гэта дрэнна? Якраз і пытаньне наконт замежных моваў дарэчы: пісьменьнік пачынае яшчэ мацней усьведамляць патрэбу чытаць ня толькі тое, што перакладаецца на расейскую.

Да слова: днямі заходжу ў кнігарню, стос беларускай клясыкі (і ня толькі) уцэнены, бяру адну кнігу, разгортваю: «Камсамольскі білет» (са школьнай праграмы). Ну ня хочацца такога чытаць сёньня, дальбог! Не прымусіце! Агітка. Хоць і клясыка. І няважна, што напісана было шчыра. «Слава нашаму Яжову!» таксама магло са шчырасьцю пісацца.

А вось адказы на анкету ў «Варце» чытаць цікава. Атрымалася – нібы кніга пісьменьнікаў аб саміх сабе. І іншай такой пляцоўкі няма, дзе яны маглі б выказацца. Не знайшлося. Значыць трэба цаніць, а не лічыць прызнаньні сучасных беларускіх аўтараў пустатой.

Іншая рэч, што многія адказалі па-мінімалісцку. Ці сьціпласьць, ці пастава, ці вызначаны рэдакцыяй фармат. І сапраўды: тады адчуваецца недахоп зьвестак, фарбаў. Бо ідэал у маім уяўленьні — калі чытач нешта даведаецца пра літаратара і творчасьць істотнае, цікавае, што можа заахвоціць пашукаць кніжку і прачытаць. Ну, але кожны разумее па-свойму.

Крытык глядзіць на пісьменьнікаў з адлегласьці, са сваёй вежы. Яму хочацца бачыць прывычны, няхай звонку, маналіт. А калі ён бачыць замест арганізацыі паасобных людзей, яму робіцца няўтульна ў сваёй талерцы, ніякавата. Дзе літаратурны працэс, яго няма сёньня! — вымаўляе ён у роспачы. Але пісьменьнік бачыць усё знутры, зрэшты, сябе асобнага, свой варштат. Усё. У іх з крытыкам розныя прылады бачаньня.

Вось жа: на вечарыне памяці гарадзенскага паэта Эдуарда Мазько якраз гаварылася аб тым, што ён быў адметным талентам, зусім асобным, не падобным да іншых. Думаю, каб ён сёньня адказваў на анкету «Варты», яго адказы таксама былі б адказамі творцы, індывідуаліста і таксама крытыка не задаволілі.

Так, анкеты могуць сьведчыць аб пэўным руху ў бок касмапалітызму. Але такі час. Іншага выйсьця няма. І ня трэба сьлёз па пісьменьніках БССР, яны былі ў вельмі значнай ступені саветызаваныя, русіфікаваныя. А хіба гэта лепш?

І ня трэба ідэалізаваць: у савецкі час якраз найбольш баяліся, каб беларускія пісьменьнікі былі беларускімі цалкам, якраз патрабавалася, каб доля нацыянальнага не пераважала. Каб называлі сябе інтэрнацыяналістамі. Беларускія раманы перакладаліся на расейскую, каб прадаваць іх у Беларусі. Вялікімі тыражамі. І гэта райскія часы нашай літаратуры, аб якіх неабходна шкадаваць? Нагадаю: чытачоў у беларускай літаратуры было мала, у краіне не існавала беларускіх школ, мовай не валодалі. Зрэшты, ня так шмат памянялася, але пісьменьнікі ахвоту да зьменаў маюць.

А крытыкам варта быць па-беларуску спагадлівымі. У нас ня будзе выдуманай краіны з выдуманымі пісьменьнікамі. У нас канкрэтныя людзі ў канкрэтных абставінах. І абставіны не назавеш выдатнымі: школы і кнігадрук не зьяўляюцца нацыянальнымі, як у іншых краінах. Так што трэба падзякаваць пісьменьнікам, што яны не здаюцца, пішуць, выдаюць, хоць фінансава цяплічных умоў пісьменьнікаў БССР блізка ня маюць.

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG