Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея хоча доўгатэрмінова замацаваць сваю вайсковую прысутнасць у Беларусі


Расейскі самалёт СУ-27, ілюстрацыйнае фота

Расейскі самалёт СУ-27, ілюстрацыйнае фота

Пасьля выбараў расейцы даціснуць Беларусь з разьмяшчэньнем сваёй авіябазы, — мяркуе вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін.

Урад Расеі 2 жніўня абмяркуе прапанову прэзыдэнту Расеі Ўладзімеру Пуціну падпісаць пагадненьне зь Беларусьсю аб стварэньні на яе тэрыторыі ваенна-паветранай базы. Пра гэта паведаміла агенцтва РІА «Новости» са спасылкай на прэсавую службу ўраду Расеі.

«Падпісаньне пагадненьня будзе садзейнічаць арганізацыі сумеснай аховы зьнешняй мяжы дзяржавы ў паветранай прасторы і стварэньню рэгіянальнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусь», — паведамляе Кабінэт міністраў Расеі. Агентцва таксама зазначае, што пагадненьне таксама «доўгатэрмінова замацуе расейскую вайсковую прысутнасьць у рэгіёне».

Назалежны вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін мяркуе, што расейскую базу разьмесьцяць ў Бабруйску, а не ў Баранавічах.

«Хутчэй за ўсё гэта будзе ў Бабруйску. З 2013 году вядуцца пра гэта размовы. Гэта тое, пра што міністар абароны Расеі Шойгу наўпрост казаў, што яны разьмесьцяць тут сваю базу. Спачатку называлася Ліда, потым Баранавічы, там нават ужо зьявілася зьвяно расейскіх зьнішчальнікаў, але сталая база, хутчэй за ўсё, будзе створаная ў Бабруйску: там больш магчымасьцяў, бо гаворку вядуць ня меней як пра цэлы авіяцыйны полк.

Вядома, што Беларусь упіралася, замаруджвала з падпісаньнем гэтага пагадненьня. Было, што амбасадар Беларусі ў Расеі нават паведамляў, што ніяк не дамовяцца пра колькасьць самалётаў, якія размесьцяць у нас. Пэўна выглядае, што да выбараў гэтае балючае пытаньне беларускі бок ня будзе канчаткова вырашаць, але пасьля выбараў — даціснуць. З аднаго боку, у Беларусі пагаршаецца эканамічнае становішча, з другога — НАТО падвышае актыўнасьць. Таму даціснуць. Так бы мовіць, абмяняюць стратэгічную перавагу на крэдыты і інвэстыцыі».

Экспэрт Аляксандар Алесін мяркуе, што ўжо да канца 2015 году на авіяцыйнай базе ў Бабруйску будуць разьмешчаныя 12 расейскіх зьнішчальнікаў СУ27СМ3 — гэта адна з дзьвюх эскадрыльяў палку, а ў 2016 годзе зьявіцца і другая эскадрылья.

«Настойлівасьць расейцаў тлумачыцца і ўкраінскімі падзеямі, таму не выключаю, што зьявяцца і самалёты іншых марак», — перакананы экспэрт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG