Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз мае намер працягнуць санкцыі супраць Расеі і сэпаратыстаў на паўгода


Гаворка ідзе пра падаўжэньне да 15 сакавіка 2016 году санкцыяў супраць амаль 200 расейскіх кампаніяў, прыватных асобаў і прарасейскіх сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны.

Гэта робіцца для таго, каб дамагчыся ад Масквы поўнага выкананьня да канца году Менскіх пагадненьняў аб спыненьні агню, піша газэта Wall Street Journal.

Спасылаючыся на неназваных дыпляматаў, Wall Street Journal адзначае, што рашэньне, як чакаецца, будзе прынятае на нарадзе высокапастаўленых чыноўнікаў ЭЗ у сераду 2 верасьня і павінна быць ухвалена міністрамі ў сярэдзіне верасьня. Дзейныя цяпер санкцыі прадугледжваюць замарожваньне актываў і забарону на ўезд у краіны ЭЗ і датычацца 151 чалавека, у тым ліку высокапастаўленых расейскіх дарадцаў, заканадаўцаў, лідэраў сэпаратыстаў ва Ўкраіне і ўкраінскіх службовых асобаў. Адзін чалавек з гэтага сьпісу памёр. Абмежаваньні пакуль не закранаюць расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна і асноўных расейскіх міністраў. Таксама ў сьпісе 37 кампаніяў. Сярод іх — 13, якія былі захопленыя Масквой падчас анэксіі Крыму або такіх, якія атрымалі выгаду ад гэтага незаконнага акта.

Сярод расейскіх фігурантаў сьпісу — два віцэ-прэм’ера: Дзьмітры Казак, які, паводле дадзеных ЭЗ, адказваў за інтэграцыю Крыму ў Расею пасьля яго анэксіі ў сакавіку 2014 году, і Дзьмітры Рагозін, які, як сьцьвярджае ЭЗ, публічна заклікаў да захопу тэрыторыі. У сьпіс таксама ўключаныя начальнік ГРУ Ігар Сергун і памочнік прэзыдэнта Ўладзіслаў Суркоў.

Газэта піша, што раней у Эўразьвязе абмяркоўвалася падаўжэньне санкцыяў толькі да канца студзеня. Акрамя таго, некаторыя прадстаўнікі ЭЗ сьцьвярджалі, што могуць узьнікнуць патрабаваньні аб скарачэньні сьпісу, паколькі сытуацыя на ўсходзе Ўкраіны крыху стабілізавалася. Аднак большасьць краінаў-сябраў сёньня падтрымліваюць падаўжэньне санкцыяў на паўгода, сьцьвярджаюць дыпляматы.

Паводле Wall Street Journal, чаканы працяг санкцыяў зьяўляецца чарговым сыгналам, што, нягледзячы на значныя палітычныя рознагалосьсі ўнутры Эўразьвязу ў сувязі з канфліктам ва Ўкраіне, чальцы ЭЗ па-ранейшаму прытрымліваюцца адзінага меркаваньня аб неабходнасьці падтрыманьня эканамічнага ціску на прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна ў бліжэйшыя некалькі месяцаў, якія маюць крытычна важнае значэньне для Ўкраіны.

У чэрвені ЭЗ пагадзіўся падоўжыць шырокія эканамічныя санкцыі супраць Расеі да студзеня 2016 году. ЭЗ, ЗША і іншыя заходнія краіны ўвялі санкцыі супраць Расеі за падтрымку і забесьпячэньне сэпаратыстаў. Масква адмаўляе любое ўмяшаньне ў сытуацыю на ўсходзе Ўкраіны.

XS
SM
MD
LG