Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камітэт абароны правоў журналістаў асудзіў прысуд Хадзіджы Ісмаілавай


Людзі каля будынку ў Баку, дзе праходзіў суд над Ісмаілавай, жнівень 2015 году

Людзі каля будынку ў Баку, дзе праходзіў суд над Ісмаілавай, жнівень 2015 году

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Камітэт абароны правоў журналістаў» асудзіла вынесены азэрбайджанскай журналістцы Хадзіджы Ісмаілавай прысуд на сем з паловай гадоў зьняволеньня і заклікала ўлады Азэрбайджану адмяніць яго па апэляцыі.

«Суд над Ісмаілавай быў фарсам, наступствы якога могуць быць вельмі сур’ёзнымі для яе і ўсіх азэрбайджанскіх журналістаў», — заявіла каардынатар Камітэту па краінах Эўропы і Сярэдняй Азіі Ніна Агнянава. Паводле яе слоў, Камітэт абароны правоў журналістаў заклікае міжнародных партнэраў Баку перастаць заплюшчваць вочы на парушэньні правоў чалавека ў краіне.

У заяве адзначаецца, што ў Азэрбайджане ня менш як сем журналістаў знаходзяцца пад вартай, і ён уваходзіць у дзесятку краінаў сьвету з самай жорсткай цэнзурай.

Суд прызнаў журналістку вінаватай ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў і «нанясеньні шкоды дзяржаўнаму бюджэту» і прысудзіў да сямі з паловай гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Акрамя гэтага яе пазбавілі права на працягу трох гадоў займаць пасады ў дзяржаўных і муніцыпальных органах. Прысуд быў абвешчаны ў бакінскім судзе па цяжкіх злачынствах. Суд зьняў зь яе абвінавачваньне па артыкуле «аб давядзеньні да самагубства».

Журналістка адкідае вылучаныя супраць яе абвінавачваньні і заяўляе, што справа супраць яе сфабрыкаваная па палітычных матывах — у якасьці помсты за публікацыі аб карупцыі ў найвышэйшых эшалёнах азэрбайджанскай ўлады, у тым ліку аб фінансавых злоўжываньнях прэзыдэнта Ільхама Аліева і членаў яго сям’і.

XS
SM
MD
LG