Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ходзяць з раёнкай, шукаюць сьвіней — чумныя камісіі вярнуліся на Гарадзеншчыну


У Абухаўскім сельсавеце на Гарадзеншчыне ўлады зноў распачалі праверкі, ці трымаюць вяскоўцы ў прыватнай гаспадарцы сьвіней. Выпісваюць прадпісаньні, пагражаюць штрафамі — маўляў, дагэтуль існуе пагроза распаўсюду афрыканскай чумы.

Ужо больш як год у вобласьці не чуваць пра выпадкі захворваньня хатніх сьвіней на афрыканскую чуму, практычна ніякай інфармацыі на гэтую тэму не зьяўляецца і ў мясцовых СМІ.

Тым часам працягвае дзейнічаць пастанова Саўміна № 1057 ад 10 лістапада 2014 году, паводле якой вызначаны першапачаткова 5-кіляметровы радыюс буфэрнай зоны вакол сьвінакомплексаў скараціўся. Буфэрная зона цяпер лічыцца ў радыюсе двух кілямэтраў вакол сьвінагадоўчых фермаў і комплексаў з праектнай магутнасьцю больш як 12 тысяч галоў у год, а калі праектная магутнасьць менш за 12 тысяч галоў у год, то буфэрная зона ўсяго паўкілямэтра. У такой зоне нельга трымаць сьвіней у прыватных гаспадарках.

У вёсцы Абухава Гарадзенскга раёну буйны сьвінакомплекс — прыкладна за два з паловай кілямэтры ад галоўнай сядзібы гаспадаркі. Шмат хто ў Абухаве зноў пазаводзіў у сваіх прыватных гаспадарках сьвіней.

Аднак апошнім часам да вяскоўцаў пачалі зноў прыходзіць камісіі з праверкай. Жыхарка Абухава спадарыня Галіна апавядае, што да яе прыходзілі старшыня сельсавету, міліцыянт і яшчэ нейкі чалавек, які не прадстаўляўся.

Менавіта незнаёмы яе папярэдзіў, што калі яна не пазбудзецца сьвіней, то на першы раз ёй пагражае штраф — 3 мільёны 600 тысяч. Спадарыню абурыла, што сябры камісіі спасылаліся на нейкія забароны, але ніякіх афіцыйных папераў не паказалі.

— Ён мне дастаў нейкае ксэра з раённай газэты. Я яе не выпісваю і чытаць не чытала. Я, у сваю чаргу, запытала — што гэта за афіцыйная папера, на падставе якой вы патрабуеце, каб я сьвіней не трымала? Дзе пячатка, дзе подпіс, прычым сінім чарнілам? Калі б я да вас прыйшла з такой паперай, то вы б мяне адаслалі куды далей. Таму і я такіх папераў не прызнаю, бо гэта не дакумэнт.

Далейшай размовы, паводле спадарыні Галіны, не атрымалася. Папросту паабяцалі выпісаць штраф.

Камісія наведалася і ў суседнія вёскі. У Саволеўцы спадарыня Алена распавяла, што ім таксама загадалі пазбавіцца сьвіней, іначай будзе штраф.

Спадарыня кажа, што вяскоўцы зьдзіўленыя зьяўленьнем камісіі, бо ні ў іхняй вёсцы, ні ў навакольных, нават у суседніх раёнах не было чуваць ні пра якія выпадкі афрыканскае чумы. Дарэчы, вяскоўцы не даюць веры, што і пару гадоў таму выпадкі афрыканскай чумы на Гарадзеншчыне сапраўды здараліся.

Паводле іх, улады спэцыяльна такім чынам пазбаўляюць іх прыватных гаспадарак, каб людзі нават па вёсках усё куплялі ў крамах. Спадарыня ж Алена кажа, што без сваёй гаспадаркі сям’ю ўтрымаць на вёсцы вельмі праблематычна і сьвіней яны трымаюць толькі дзеля сваёй патрэбы, а не на продаж.

— Напэўна, у іх са сваім збытам сьвініны дрэнна, калі яны не даюць жыцьця калгасьнікам. У нас практычна большая частка вёскі трымае, бо як інакш пражыць? Ну вось я езьдзіла ў горад і купіла 2 кг фаршу, сырой шынкі і косьці нейкія — аддала 600 тысяч, і гэтага хапіла толькі на тыдзень. А во за садок за адну дачку трэба аддаць 278 тысяч, за хлопца 328 тысяч, дадайце мільён камуналкі, сьвятло, газ, хатні тэлефон...

Спадар Васіль кажа, што пасьля візыту камісіі і пагрозаў ад яе ня ведае, што і думаць, бо заробкі малыя і толькі прыватная гаспадарка дае магчымасьць пракарміцца самім і дапамагчы дзецям. Распавядае, што сьвіней у гаспадарцы трымаў заўсёды, так рабілі ягоныя бацькі і дзяды. Кажа, што празь месяц камісія абяцала вярнуцца, але калоць малых яшчэ сьвіней у яго не падымаецца рука.

Беларус не пражыве бяз бульбы і сала

— Я і сам ня ведаю, што буду рабіць, бо тры мільёны — гэта вялікі штраф для мяне. Я столькі нават не зарабляю, у мяне ў месяц два мільёны, і жонка недзе каля чатырох атрымлівае. Але сьвіней трэба трымаць, бо як інакш пражыць у вёсцы? Беларус не пражыве бяз бульбы і сала...

Спадарыня Галіна распавяла, што пасьля прыходу камісіі вельмі расхвалявалася, падняўся ціск. І тады вырашыла напісаць ліст у адміністрацыю прэзыдэнта. Яна коратка пераказвае зьмест ліста.

— Я напісала ўсё як было. Што прыходзяць людзі нейкія, не прадстаўляюцца, бо я ведала толькі старшыню сельсавету. Прыходзяць зь нейкай выразкай з раённай газэты, тыцкаюць у нос і кажуць, што вось папера і мусіш рэзаць сьвіней, і пагражаюць штрафам. То я ж пэнсіянэрка — і мне яшчэ штраф за тое, што я не іду ня краду, а сама на сябе раблю? Запыталася — што тут робіцца, падкажыце, у які бок падацца...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG