Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада Беларусі ў Кіеве трымае сувязь са сваякамі Алеся Чаркашына і гатовая аказаць дапамогу


Алесь Чаркашын ля мэмарыяльнага знаку Міхаілу Жызьнеўскаму

Алесь Чаркашын ля мэмарыяльнага знаку Міхаілу Жызьнеўскаму

У амбасадзе Беларусі ў Кіеве заяўляюць, што ўдзел супрацоўнікаў консульскага аддзела ў афармленьні папяровых спраў для перавозкі цела Алеся Чаркашына на Радзіму не патрабуецца.

«Консульскі аддзел амбасады валодае інфармацыяй па дадзенай сытуацыі. У транспартаваньні цела амбасада не прымае ўдзелу, бо ў гэтым няма неабходнасьці. Сваякі бяруць гэты клопат на сябе. Аднак амбасада і консульскі аддзел у прыватнасьці трымае сувязь са сваякамі памерлага, і яны гатовыя аказаць дапамогу, калі яна неабходная», — паведамілі Радыё Свабода ў беларускай амбасадзе.

У амбасадзе кажуць, што ў Днепрапятроўску дапамога іхніх прадстаўнікоў не патрабуецца.

«Нашага консульскага супрацоўніка не запрашалі ў Днепрапятроўск, нягледзячы на тое, што ён зьвязваўся з бальніцай, дзе знаходзіцца ў дадзены момант цела нашага беларуса, і ён валодае сытуацыяй. Аднак дапамогі ад амбасады на дадзены момант не патрабуецца, і, адпаведна, якіх-небудзь дазволаў для таго, каб транспартаваць цела, таксама не патрабуецца», — падкрэсьлілі ў беларускай амбасадзе ў Кіеве.

Цела Алеся Чаркашына, які загінуў на Данбасе, другі дзень знаходзіцца ў Днепрапятроўску.

33-гадовы беларус, былы старшыня берасьцейскай гарадзкой арганізацыі БХД Алесь Чаркашын ваяваў у складзе Добраахвотнага ўкраінскага корпусу «Правага сэктару». 10 жніўня ён быў цяжка паранены ў баі пад Белакаменкай у Данбасе і памёр у шпіталі ў Запарожжы, прабыўшы некалькі тыдняў у коме.

XS
SM
MD
LG