Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН: гуманітарная сытуацыя на Данбасе пагаршаецца


Жанчына каля роднай хаты, разбуранай падчас нядаўняга абстрэлу ў мястэчку Аўдзееўка Данецкай вобласьці, 25 жніўня 2015 году

Жанчына каля роднай хаты, разбуранай падчас нядаўняга абстрэлу ў мястэчку Аўдзееўка Данецкай вобласьці, 25 жніўня 2015 году

У ААН заяўляюць пра пагаршэньне гуманітарнай сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны.

Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні цэнтра навінаў ААН.

Упраўленьне ААН па каардынацыі гуманітарных пытаньняў называе галоўнымі праблемамі адсутнасьць бясьпекі, бюракратычныя перашкоды, а таксама матэрыяльна-тэхнічныя праблемы.

З-за гэтага міжнародныя арганізацыі маюць ускладнены доступ да каля двух мільёнаў чалавек у раёнах, разьмешчаных уздоўж лініі судакрананьня паміж урадавымі сіламі і ўзброенымі групамі.

«Сталыя перастрэлкі ў многіх гарачых кропках уздоўж лініі судакрананьня ўяўляюць сур’ёзную пагрозу жыцьцю многіх грамадзянскіх», — сказана ў паведамленьні.

У ААН адзначаюць, што становішча людзей, якія жывуць уздоўж лініі судакрананьня, пагаршаецца тым, што яны ня могуць перабрацца ў бясьпечнае месца з-за складанай працэдуры выдачы дазволаў на перамяшчэньне.

Экспэрты нагадваюць пра набліжэньне зімы і асьцерагаюцца, што час ужо страчаны, і празь дзейныя абмежаваньні тысячы пацярпелых могуць застацца без жыцьцёва неабходнай дапамогі.

У ААН таксама сур’ёзна занепакоеныя становішчам унутрана перамешчаных асобаў ва Ўкраіне. На сёньня іх налічваецца 1,4 мільёна чалавек. Каля 60% усіх зарэгістраваных унутраных уцекачоў — людзі сталага ўзросту, 13% — дзеці.

XS
SM
MD
LG