Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лік параненых у сутычках пад Вярхоўнай Радай вырас да 125


Сутыкненьні пад Вярхоўнай Радай у Кіеве. Неўзабаве пасьля выбуху каля будынку Вярхоўнай Рады, параненыя супрацоўнікі міліцыі. 31 жніўня 2015 году

Сутыкненьні пад Вярхоўнай Радай у Кіеве. Неўзабаве пасьля выбуху каля будынку Вярхоўнай Рады, параненыя супрацоўнікі міліцыі. 31 жніўня 2015 году

Адзін забіты, 125 параненых, 12 чалавек на апэрацыйных сталах, адзін баец у цяжкай коме, і лекары пакуль не даюць прагнозаў яшчэ пяці, — такую статыстыку падае МУС Украіны.

Міністар унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў паведаміў, што падчас учорашніх сутыкненьняў пад Вярхоўнай Радай у Кіеве былі параненыя 125 праваахоўнікаў.

«Адзін забіты, 125 параненых, 12 чалавек на апэрацыйных сталах, адзін баец у цяжкай коме, і лекары пакуль не даюць прагнозаў яшчэ пяці. Гэта палітычная акцыя пратэсту?! Раненьні рознай ступені цяжкасьці атрымалі байцы Нацыянальнай гвардыі, падразьдзяленьняў МУС, службы Дзяржаўнай службы аховы, спэцназаўцы МУС, міліцыянты кіеўскіх райаддзелаў», — напісаў Авакаў на сваёй старонцы ў Facebook.

Праваахоўнік, паранены падчас сутычак 31 жніўня 2015 году

Праваахоўнік, паранены падчас сутычак 31 жніўня 2015 году

Баец Нацыянальнай гвардыі, які загінуў падчас сутыкненьняў каля Вярхоўнай рады ў Кіеве, 31 жніўня 2015 году

Баец Нацыянальнай гвардыі, які загінуў падчас сутыкненьняў каля Вярхоўнай рады ў Кіеве, 31 жніўня 2015 году

Паводле яго слоў, сярод параненых намесьнік міністра ўнутраных спраў Васіль Паскал, а таксама журналісты «5-га канала», «1 + 1» і францускі карэспандэнт.

У беспарадках пад Вярхоўнай Радай Арсен Авакаў абвінаваціў лідэра Ўсеўкраінскага аб’яднаньня «Свабода» Алега Цягнібока.

«Я наўпрост абвінавачваю Алега Цягнібока і яго партыю „Свабода“ ў злачынстве, якое прывяло да гібелі чалавека. Баец Нацгвардыі, 24 гады, мабілізаваны з Херсона, памёр у шпіталі падчас апэрацыі з-за раненьня аскепкам гранаты. Гранату кінуў сябра партыі „Свабода“ і баец батальёна „Січ“, што знаходзіцца ў адпачынку. Я лічу, што гэта злачынства, а не палітычная пазыцыя», — дадаў Авакаў.

Між тым лідэр партыі «Свабода» Алег Цягнібок заяўляе, што людзі, якія ўжывалі зброю пад Вярхоўнай Радай, былі не прадстаўнікамі яго палітычнай сілы, а правакатарамі ад улады.

Кіеўская пракуратура адкрыла крымінальную вытворчасьць у сувязі з падзеямі каля Вярхоўнай Рады па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу Ўкраіны. У Адзіны рэестар дасудовых расьсьледаваньняў унесеныя зьвесткі за папярэдняй прававой кваліфікацыяй — артыкул 348 (забойства або замах на забойства супрацоўніка праваахоўнага органа пры выкананьні ім службовых абавязкаў), частка 3 артыкула 345 (пагроза або гвалт у дачыненьні да работніка праваахоўнага органа), артыкул 293 (групавое парушэньне грамадзкага парадку) і частка 2 артыкула 294 (масавыя беспарадкі) Крымінальнага кодэкса Ўкраіны.

Падчас сутычак

Падчас сутычак

Дым каля будынку парлямэнту ў Кіеве, 31 жніўня 2015 году

Дым каля будынку парлямэнту ў Кіеве, 31 жніўня 2015 году

Пад сьценамі ўкраінскага парлямэнту ў Кіеве 31 жніўня адбыліся сутыкненьні пасьля таго, як Вярхоўная Рада падтрымала ў першым чытаньні зьмяненьні ў Канстытуцыю адносна дэцэнтралізацыі. Пратэстоўцы пачалі наступ на будынак Вярхоўнай Рады, якую ахоўваў шэраг праваахоўнікаў.

Кіраўнік МУС Арсен Авакаў паведамляў пра затрыманьні 30 удзельнікаў сутыкненьняў, у тым ліку і мітынгоўца, які кідаў гранату ў міліцыянтаў.

XS
SM
MD
LG