Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Заўтра працягу сёньняшніх падзеяў каля Вярхоўнай Рады ня будзе»


Сьвечкі і кветкі ў памяць аб забітым 31 жніўня ў Кіеве салдаце Нацыянальнай гвардыі

Сьвечкі і кветкі ў памяць аб забітым 31 жніўня ў Кіеве салдаце Нацыянальнай гвардыі

У чым прычына таго, што сёньняшнія пратэсты каля Вярхоўнай Рады Ўкраіны прынялі такі трагічны абарот? Ці можа гэтае вострае сутыкненьне мець працяг? З такімі пытаньнямі мы зьвярнуліся да ўкраінскіх палітычных аглядальнікаў Віталя Портнікава і Юрыя Сьвірко.

РС: Чаму сёньняшнія маніфэстацыя пад Вярхоўнай Радай прыняла такія брутальныя, крывавыя формы? Пратэсты ў Кіеве адбываліся апошнім часам неаднойчы, часам з вострымі лёзунгамі і заклікамі, але ніколі справа не даходзіла да таго, да чаго дайшла сёньня.

Портнікаў: Арганізатары пратэстаў супраць канстытуцыйных зьменаў аказаліся няздольнымі кантраляваць уласных прыхільнікаў. Такая адсутнасьць кантролю з боку пэўных палітычных сілаў зьявілася ня сёньня, гэта адбывалася і падчас Майдану. І некаторым палітычным сілам мы казалі, што яны няздольныя пракантраляваць сваіх прыхільнікаў і што ім трэба больш сэлектыўна ставіцца да тых, хто гатовы падтрымаць іх лёзунгі і падыходы. Радыкалізм мае свае межы і калі ён пагражае стабільнасьці ў дзяржаве, ён робіцца антыдзяржаўным. Але, як бачым, яны не прыслухаліся да нашых парадаў і мы бачым вынік.

Сьвірко: Амаль два гады прайшло пасьля другога Майдану, а рэальных, карэнных зьменаў так і не адбылося. Засталіся тыя самыя старыя судзьдзі, якія судзілі ў часы Януковіча. Засталіся ўсе тыя самыя чыноўнікі, акрамя вярхоў. А вярхі хочуць усіх пераканаць, што рэформы на маршы. А народ адчувае, што гэтага няма.

Усё гэта супала з жаданьнем прэзыдэнта Пятра Парашэнкі і яго фракцыі ўхваліць зьмены ў Канстытуцыю Ўкраіны, у якіх шмат увагі надаецца Данбасу — асабліваму статусу пэўных раёнаў, якія не называюцца.

Радыкальныя арганізацыі, найперш партыя «Свабода», якая не прайшла ў гэтую Вярхоўную Раду, прывялі сваіх прыхільнікаў, каб супрацьстаяць гэтым зьменам у Канстытуцыю. Так атрымалася, што адзін з прыхільнікаў «Свабоды» кінуў баявую гранату. Кажуць, што ён служыў у добраахвотніцкім батальёне і атрымаў гэтую гранату на фронце ці ад сваіх аднапалчанаў.

РС: Міністар унутраных справаў Украіны Арсэн Авакаў наўпрост абвінаваціў у сёньняшніх забурэньнях і ахвярах партыю «Свабода» і яе лідэра Алега Цягнібока. У адказ Цягнібок адкінуў абвінавачваньні і выказаўся ў тым жа стылі, ў якім выказваўся на Эўрамайдане, маўляў, гэта народны пратэст супраць ганебнай улады. Як будзе разьвівацца сытуацыя раней, ці ня можа яна прыйсьці да трэцяга Майдану?

Портнікаў: Ды не можа быць ніякага трэцяга Майдану. Трэці Майдан — гэта тэза расейскіх прапагандыстаў, якія ня маюць да Ўкраіны ніякага дачыненьня. Майдан адбываецца толькі тады, калі ўлада няздатная ўступаць у дыялёг з народам. А цяперашняя ўлада сама прайшла праз два Майданы. Які тут можа быць Майдан? Ніякі.

Так што праваахоўныя органы павінны адказаць на пытаньне, хто быў сапраўдным арганізатарам забурэньняў і непасрэдна вінаватым у тым, што адбылося сёньня. І пакараць вінаватых.

Сьвірко: Заўтра трэці Майдан дакладна не пачнецца. Я мяркую, што яго ня будзе і сёлета. І наўрад ці сёньняшнія падзеі заўтра ці ў бліжэйшы час будуць мець працяг. Украінскае грамадзтва ў шоку пасьля гэтых падзеяў. Ён зь цягам часу зьнікне, але ў бліжэйшыя дні нічога такога ня будзе.

Што будзе ў наступным годзе — сказаць цяжка. Зьмены ў Канстытуцыю, якія выклікалі такую хвалю абурэньня, пакуль канчаткова не ўхваленыя, яны будуць разглядацца яшчэ раз на наступнай сэсіі. Магчыма, тады нешта і адбудзецца.

Я мяркую, што больш маштабнымі могуць стаць сацыяльныя пратэсты. Курс грыўні пачаў падаць, Нацбанк зьнізіў яго на 80 капеек. Цэны растуць, «камуналка» расьце. І вось гэта будзе турбаваць просты люд, а палітыкі гэтым скарыстаюцца, каб атрымаць дывідэнды і арганізаваць новыя акцыі пратэсту. Але ня заўтра і не на наступным тыдні.

XS
SM
MD
LG